17-гадовага Паўла Русака можна ўбачыць на пешаходнай вуліцы Савецкай кожную сераду і чацвер. Хлопец прадае газеты і робіць гэта вельмі актыўна. Нягледзячы на хваробу, ён стараецца быць паспяховым у продажах і нават мае ўласных пастаянных кліентаў.
Мець уласныя кішэнныя грошы, каб не браць у бацькоў, марыць любы школьнік. Менавіта таму Павел летам 2017 года прыйшоў у рэдакцыю газеты «Вячэрні Гродна». Там якраз патрэбныя былі маладыя распаўсюднікі. Тры месяцы летніх вакацый хлапчук прадаваў газеты ў розных месцах горада. Праз год ён зноў вырашыў падзарабіць і стаў больш актыўнічаць — таму і зарабіў больш.
Працу сумяшчае з вучобай
Летам школьнік прадаваў столькі газет, колькі не прадаюць у крамах. Таму вырашыў працягнуць продажы і восенню. З часам праблем няма — атрымліваецца сумяшчаць з вучобай.
Ёсць свае кліенты
Павел прысвячае распаўсюду газет 3−4 гадзіны ў дзень. Актыўныя дні гэта серада і чацвер, калі выходзіць газета. Улетку акрамя Паўла на Савецкай працуюць і іншыя распаўсюднікі, але ніхто не трымаецца так доўга, як гэты 17-гадовы хлопец. Гэтым летам Павел прадаў 4000 газет, у сярэднім 300 на тыдзень.
«У мяне ўжо ёсць свае кліенты, якія ахвотна бяруць газету. Я не толькі імкнуся распаўсюджваць яе на Савецкай, але таксама езджу на рынкі. Улетку ў мяне ў дзень бралі па 100 газет, цяпер не вельмі актыўны перыяд — у сярэднім каля 50. Але ёсць такія, што і па некалькі газет бяруць».
Вулічны продаж газет — як і 100 гадоў таму
Павел вучыцца ў 11 класе СШ № 27 і плануе паступаць ва ўніверсітэт. Праўда, куды — пакуль не ведае. У хлапчука ДЦП, але для яго хвароба гэта не перашкода. У перспектыве гродзенец хацеў бы адкрыць сваю справу і стаць прадпрымальнікам.
«Я не сяджу на месцы і ўжо цяпер збіраю грошы. Можа, калі-небудзь адкрыю сваю справу. А прадаваць газеты мяне ніхто не вучыў. Я проста хаджу і прапаную прадукцыю на той жа вуліцы, дзе гродзенскія падлеткі рабілі тое ж 100 гадоў таму».