Ад 20 да 26 лютага чытачом-тэсціроўшчыкам нашай старонкі была Адар’я Гуштын. Яна нарадзілася ў Ваўкавыску, у 15 год пераехала ў Гродна, дзе скончыла ліцэй № 1. У 2006 годзе паступіла на журфак БДУ. З таго часу стала жыве ў Мінску, але мінчанкай сябе ніколі не лічыла. Пры любой магчымасці прыязджае ў Гродна, які лічыць лепшым горад у свеце. Адар’я цікавіцца жыццём горада, таму ёй было цікава патэставаць Hrodna.life.
Адар’я прааналізавала працу партала з пункту гледжання дасведчанага ў журналістыцы чалавека. Напрыклад, у матэрыяле пра адкрыццё будаўнічага супермаркета адзначыла, што інфармацыі для меркаваных спажыўцоў амаль няма. «Не хапіла агляду тавараў і цэнаў, уражанні пакупнікоў. Тэму, я думаю, можна развіць. Напрыклад, параўнаць некалькі будаўнічых крамаў у Гродне па самых хадавых таварах, даць інфармацыю пра бонусы і зніжкі якія прапануюць сталым пакупнікам… Я б параіла ў такіх матэрыялах рабіць ухіл на спажывецкія патрэбы, а не на афіцыёз (мэр разразае чырвоную стужку). Вы ўсё ж грамадскае выданне, а не веснік гарвыканкама»
Таксама Адар’ю зацікавілі тэмы пра аб’екты, запланаваныя да будаўніцтва — новыя гасцініцы і жылы мікрараён у Панямуні. На яе думку, гэтыя на тэмы таксама варта пісаць больш падрабязна, не абмяжоўваючыся толькі перадрукамі з афіцыйных крыніц.
Адар’я адзначыла, што на сайт надае ўвагу мясцовым тэмам, каторыя (на гэтым тыдні) засталіся па-за ўвагай астатніх гарадскіх выданняў. Такія артыкулы яна выбрала для свайго ТОП-3.
«Злой дальнобой, я твой подписчик!» Як гродзенскі кіроўца стаў знакамітасцю на YouTube
«Класны матэрыял, які паказвае простага чалавека. Зоркі ютуба — гэта ж новыя куміры нашага часу. Таму працягвайце ў тым жа накірунку».
«Навіна, якую я пабачыла толькі на вашым сайце. Габрэйская тэма — невычарпальная ў Беларусі, раю паболей пісаць пра гэта».
Алесь Бяляцкі ў Гродне: «Траціна беларусаў за адмену смяротнага пакарання»
«Добра пададзеная інфармацыя. Калі студэнт прапусціў лекцыю, яму заўсёды прасцей усё патлумачыць тэзісна. Можна яшчэ гэта назваць канспектам лекцый. Гэта значына лепш, чым даваць доўгія і бессэнсоўныя цытаты спікераў».
Таксама Адар’я адзначыла зручную структуру сайта, тое, што да артыкулаў падвёрстваюцца тэматычныя тэксты, наяўнасць уласных здымкаў, зразумелую мову і добры каляндар падзеяў.
«Што можна зрабіць яшчэ? Часцей давайце слова простым беларусам, радзей — афіцыйным асобам і палітыкам, у тым ліку апазіцыйным. Нават калі гэта будзе інтэрв'ю з чыноўнікам, то варта рабіць яго на жыццёвыя тэмы, як мага простай мовай».
Мы абавязкова скарыстаемся парадамі Адар'і і шчыра дзякуем яе за сур’ёзны і прафесійны падыход да справы. А фірмовы кубак з сімволікай выдання перадомо ў Мінск пры бліжэйшай нагодзе.