Людзі і справы

Іншая гісторыя Аляксандры Ханевіч: пра гэта яна не расказвала нават Юрыю Дудзю

Аляксандры Ханевіч з Гродна 72 гады і яе часта прадстаўляюць як пенсіянерку-змагарку, эмігрантку, блогерку і нават як «бабулю Дудзя». Гэта не дзіўна, бо шырока вядомай яна стала, калі ў 2022 годзе з’явілася ў перадачы Юрыя Дудзя «Как жить, когда лишают родины». Але для падкаста «Іншыя гісторыі» Аляксандра расказала рэальную гісторыю свайго жыцця. Тут пра кар’еру і пра сям’ю, пра страты і знаходкі, пра радзіму і эміграцыю і пра тое, ці ўплывае ўзрост на жаданне і магчымасць самарэалізацыі.

Падкаст «Іншыя гісторыі» стварыла журналістка з Гродна Даша Гардзейчык у супрацоўніцтве з арганізацыяй «ІншыЯ». Hrodna.life пераказвае гісторыі з падкаста ў скароце.

Пра дзяцінства і няспраўджаную мару

«Я нарадзілася 27 сакавіка 1952 года ў вёсцы Калбасіно. Цяпер гэта ўжо Гародня. У школу мне было бліжэй ездзіць у горад ― аўтобусны прыпынак быў пад хатай ― чым ісці ў школу ў Калбасіно. Але я ў першы клас пайшла ў Казахстане: мае бацькі „завербаваліся“ на цаліну».

Сям’я неўзабаве вярнулася на радзіму, бо захварэла маці. А калі Аляксандра была ў трэцім класе, памёр бацька. Маці засталася з трыма дзецьмі на руках. То малая Саша з дзевяці гадоў ужо працавала ў калгасе, каб дапамагаць сям'і. Праз гэта давялося адмовіцца ад мары пра юрыдычную адукацыю. У восьмым класе Аляксандра марыла стаць следчай. Але, скончыўшы школу, пайшла працаваць на абутковую фабрыку.

У 1977 Аляксандра перайшла з абутковай фабрыкі на толькі што пабудаваны завод «Хімвалакно». Дзеля гэтага, пакуль была ў дэкрэтным, скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча хімікаў, а потым і хіміка-тэхналагічны тэхнікум.

Пра сям’ю і дзяцей

«Я выйшла замуж у 1972 годзе. У 1973 у мяне нарадзілася дзяўчынка, дачушка, а ў 1976 памерла, кіпень на сябе перакуліла, і памерла. Я была цяжарная… Яна ў лютым памерла, а хлопчык нарадзіўся першага мая. Цяжка было, плакала. І цяпер плачу. Але тады была мацнейшая. У мяне яшчэ ў 2018 годзе малодшы сын памёр ― яму было 39 гадоў. І застаўся толькі сярэдні. Малодшы быў 1979 года, сярэдні ― 1976. Першага мая яму было 48. Ён тут са мной [у Беластоку — Hrodna.life]. Я ― з ім. Ён ехаў, нібы ён са мной, а атрымалася, што я з ім. Вось так з траіх маю толькі аднаго.

Мой муж… Мой першы муж выпіваў, і добра выпіваў. Ой, нават успамінаць не хочацца. Мела б цяперашні розум… Было сорамна, гэта ж бацька дзіцяці. А бацька той, калі з пяці працоўных дзён адзін дзень прыйдзе цвярозы, ― вялікае свята. Добра, што не біўся. Бо адзін раз паспрабаваў. Была хворая, і ён мяне стукнуў. Я схапіла санкі. Мы ў інтэрнаце жылі ― каб суседка не выскачыла, то ў тых санак усе дошачкі павыляталі, адныя палазы засталіся. 20 гадоў амаль з ім пражыла, і потым разышлася".

У 1996 годзе спадарыня Аляксандра выйшла замуж другі раз.

«Думала, што і не выйду. Мне адной было лягчэй. Зарабляла я, асабліва на „Хімвалакно“, някепскія грошы. Зараз муж мой у Гародні. Тры гады не бачыліся. Прыязджаў да мяне ў 2023 годзе».

Чытайце таксама: «Жыццё з аўтызмам — гэта цяжка». Як жыве Ева пасля спробаў самагубства і пры чым тут Шэрлак

Аб працы

«На абутковай фабрыцы праца была цяжкая, бо канвеер. Увесь час сядзіш як прывязаны. На „Хімвалакно“ я прыйшла нават да запуску. Мы там прыбіралі, абсталяванне чысцілі. Я была „аппаратчиком приготовления химрастворов“. Гэта такі раствор, у які трэба прапусціць нітку, каб яна была аднастайная. Шкодная праца. Трэба было адпрацаваць 7,5 гадоў, каб на 10 гадоў раней выйсці на пенсію. Я адрабіла 12. Па нашых мерках у мяне някепская пенсія ― 950 рублёў. Гэта 300 долараў. На польскія ― 1200 злотых. Смеху варта.

У 45 гадоў нам пачалі плаціць пенсію, але з працы не звальнялі да 55 гадоў. Мне было 52 гады, калі я начальніку сказала, што павінна быць так і так. Праз месяц ён сказаў, што ў яго цэху мне месца няма. Ну няма, дык няма».

Але Аляксандра працавала на заводзе, хоць і на іншай пасадзе, да 55 гадоў.

Праца ў ветэранскай арганізацыі завода

На пенсіі Аляксандра ўступіла ў ветэранскую арганізацыю завода, а ўжо праз два месяцы яе выбралі намесніцай старшыні.

«Я была на гэтай пасадзе да 2018 году. Потым наш старшыня сышоў, і мяне выбралі старшынёй. Тады трэба было, каб твой стаж на заводзе быў 10 гадоў, і ты ўжо будзеш атрымліваць матэрыяльную дапамогу на дзень хімікаў, на Новы год. Гэта добрая арганізацыя, хачу сказаць. Такіх, хто не вельмі задаволены ― такія заўсёды знойдуцца. Там былі экскурсіі, і вельмі добрыя. Калі людзі хварэлі, была дапамога ад ветэранскай, і яшчэ была „дырэктарская“, як ужо цяжэй хварэюць. І гэта мы ўсё афармлялі».

Адначасова Аляксандра падпрацоўвала вартаўніком на будоўлі. «Я была вельмі добры стораж, бо ноччу вучыла правілы: у аўташколу пайшла ў 57 гадоў. Яшчэ і сядзелкай падпрацоўвала».

Чытайце таксама: Таня мае ВІЧ, мужа і дваіх дзяцей. Яна расказала, чым адрозніваецца яе жыццё ад жыцця іншых

Выбары 2020: Спачатку збірала подпісы за Лукашэнку

Як старшыня ветэранскай арганізацыі Аляксандра збірала подпісы за кандыдата Лукашэнку. Не тое, каб вельмі хацела, але кіраўніцтва моцна настойвала.

А потым пабачыла затрыманне Сяргея Ціханоўскага ў цэнтры Гродна і сама пайшла ў чаргу на чатыры гадзіны, каб паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую. У дзень выбараў Аляксандру затрымалі і скіравалі ў турму.

«Божачка, я не магу паняць. Цёмна! А свет такі еле-еле. У нейкі падвал завезлі. Людзі па сценах стаяць ― рукі на сценах. Адзін ляжаў ― можа, сам упаў. Пры мне там нікога не білі. І я пачала там крычаць (на заўтра не памятала, што я крычала). А потым устала як усе: рукі ― на сцяну, ногі ― шырэй, бо бачыла, што там білі па нагах, што не так стаяць. Гэты кажа: «А вам не трэба». Я кажу: «Не-не, як усе, так і я стаю».

Я думала, што мы ў падвале нейкім, потым вочы падымаю ― божанька, зоркі на небе! Неба! Я не магла падумаць, што ў турму завязуць. Я думала, у міліцыю могуць завезці.

Калі потым я зайшла да міліцыянткі, яна сказала: «Здымайце ўпрыгожванні». У мяне крыжык вісеў, і на руцэ срэбраны пярсцёнак і белая стужка.

Усе ўпрыгожванні я паздымала. Пакінула пярсцёнак і ланцужок. Яна кажа: «Здымайце ланцужок». Я кажу: «Зе, ланцужок я ніколі не здымаю». Яна кажа: «А пярсцёнак?». Я кажу: «А гэта таксама, гэта Кіеўска-Пячорскай Лаўры». А амапавец стаіць ― відаць адныя вочы, бо «рондаль» на галаве. Ён да мяне рукі пацягнуў. Я кажу: «Пярсцёнак разам з пальцам адарвеш, а ланцужок ― з галавой». Я скруцілася. Міліцыянтка кажа: «Не трэба». Усё, што з сябе зняла, кідала ў сваю сумачку. Нічога ў мяне не знікла, без вопісу.

Вядзе ён мяне па металічных сходках. Кажа: «налева!». А мяне неяк штурхнула, ціск, можа, падняўся. І ён як закрычыць: «Я, б…, сказаў налева!». Я стала, рукі ў бокі: «Што ты сказаў? Ты хто такі, каб мне такое казаць». І ён: «Налева вам сказаў». Ну і ўсё. Прывёў. Дзве дзяўчыны ў камеры. Ложкі ― два паверхі, такога блакітнага колеру. Палупленыя ўжо, паржавеўшыя. Адна дзяўчына адразу ўскочыла, палезла наверх. Я падзякавала. Кажу: «А дзе гэта мы?». У турме. Божачка!

Чытайце таксама: «Не існуе ніякай „нармальнай большасці“». Пра каго і для чаго Даша Гардзейчык запусціла падкаст «Іншыя гісторыі«

Гісторыя продкаў Аляксандры Ханевіч

«Мая мама ў гэтай турме была ў 1942 годзе. І калі я там была, то думала: „Мама, можа, на адным ложку ляжым“. Там сцены такія страшныя. Можа, з таго 1942-га нічога не роблена. Потым яна была ў Асвенціме і ў Бухенвальдзе, бо была сувязной партызанскага атраду „Звязда“. Бабуля жыла ў Капцёўцы на хутары, партызаны ― на гарышчы, а ў лесе ― немцы. І там хтосьці ранены. Трэба было да Гародні ісці па лекі. І маю маму злапалі. Потым амерыканцы вызвалілі, вярнулася. А мой тата з Сібіры. Ён меў 18 гадоў, калі пачалася вайна. Яго забралі ў войска. Дзядулю майго ― у яго нешта было з нагой ― не ўзялі і паставілі старшынёй калгаса. У 1944 ён памёр галоднай смерцю».

«Самыя лепшыя гады ― у мяне вось, два апошнія»

«Бо першы год, калі прыехалі [у Польшчу — Hrodna.life], то за адно, то за другое хвалявалася. Блогеркай стала, як пачула, што Лукашэнка, яшчэ нейкія Азаронкі, кажуць, што «збеглі такія-сякія здрайцы, а есці там няма чаго. Яны толькі там унітазы мыюць».

Сыну свайму кажу: «Сашка, неяк я там бачыла жанчыну, якая вядзе блог пра сваё жыццё ў Амерыцы. Як гэта зрабіць?». Ён кажа: «А я не ведаю».

Затое ведалі гродзенскія журналісты, якія жывуць у Беластоку. Яны пачалі дапамагаць спадарыні Аляксандры, і справа пайшла.

Потым былі відэа пра тое, як спадарыня Аляксандра адзначае мясцовыя святы, танцуе, наведвае розныя польскія гарады, сустракаецца з падпісантамі і падпісанткамі, робіць агляды прадуктаў і цэн у польскіх крамах, наведвае беластоцкія рэстарацыі, займаецца спортам і дзеліцца рэцэптамі ўлюбёных страў.

Рэцэпты жыцця ад Аляксандры Ханевіч:

  • Для эмігрантаў: Трэба трымацца адзін аднаго і не рабіць, як гэта кажуць, бульбаспрэчак. Бо ў нас трохі ёсць гэта.
  • Для тых, хто ў Беларусі: Не глядзіце тэлебачанне, бо там хлусня, хлусня і яшчэ раз хлусня.
  • Для ўсіх: Аб’яднайцеся. Як кажуць, беларус беларусу беларус. Нам могуць трохі дапамагчы, але галоўнае ― гэта мы самі, і павінны ратаваць сваю краіну.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024