«Мама, чаму мяне тут няма? Чаму з маім праектам у конкурсе ўдзельнічаюць іншыя дзеці?» З такім пытаннем да Кацярыны Забелінай звярнулася дачка Сафія, вучаніца 6А класа гродзенскай СШ№ 11, прачытаўшы ў сацсетках навіну аб перамозе праекта «Гродна для маленькіх турыстаў». На ІнвестУікэндзе 25 лістапада праект атрымаў 1 месца ў намінацыі «Лепшая ідэя для горада», але Сафія даведалася аб тым толькі з сеціва.

Гэты праект Сафія разам з мамай распрацоўваюць ужо каля двух гадоў. Але на ІнвестУікэндзе праект прадстаўлялі зусім іншыя людзі. Кацярына пачала абмеркаванне нечаканай навіны ў сацсетках і звярнулася па каментар да адміністрацыі школы. Hrodna.life разам з ёй разбіраўся ў сітуацыі.

У чым пытанне?

Асноўная адметнасць праекта ў тым, каб для турыстаў з дзецьмі горад прадставілі дзеці з Гродна. Працуючы над праектам, сям’я пабывала ў многіх цікавых месцах — музеях, мастацкіх галерэях, на творчых майстар-класах для дзяцей. Таксама наведалі турыстычны комплекс «Каробчыцы» і мясцовую горналыжную трасу. Адначасова яны аналізавалі інфармацыю для турыстаў з дзецьмі ў сеціве.

«Разам з дачкой мы складалі маршруты, па якіх можна было б вадзіць гасцей горада, фатаграфавалі архітэктурныя адметнасці, Сафія праводзіла апытанкі сярод школьнікаў, каб лепш разумець, што можа быць цікава турыстам-падлеткам». Цягам года быў створаны блог праекта. Распрацавана чатыры турыстычных маршруты, падрыхтаваны макет рэкламнага буклета.

Чаму забыліся пра Сафію? Лепшую ідэю для Гродна на ІнвестУікэндзе прадставілі без аўтаркі
Маршруты для праекта, распрацаваныя Сафіяй
Канечне, маці школьніцы было цікава, як атрымалася, што праект з дакладна той самай назвай прадстаўлялі на мерапрыемстве іншыя людзі. Ні яна, ні дачка нават не ведалі, што ён будзе ўдзельнічаць у ІнвестУікэндзе. За каментаром Кацярына звярнулася да намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Багалейшы.

Дзе праект, а дзе — бізнес-ідэя?

Адказваючы на пытанні маці школьніцы, намесніца дырэктара выказала меркаванне, што нічога неправамернага не адбылося: «Мы выкарысталі только матэрыялы вашага блога, каторыя знахозяцца ў адкрытым доступе».

Па-першае, мяркуе Алена Багалейша, каманда прадстаўляла «не праект, а толькі ідэю яго бізнес-выкарыстання», па-другое — Сафія для конкурса не пасуе па ўзросце. Удзельнічаць у ім можна ад 14 гадоў.

Бізнес-ідэя, са словаў завуча, палягае на тым, каб навучэнцы школы маглі аказваць паслугі - праводзіць экскурсіі па распрацаваных Сафіяй маршрутах. Зараз гэта стала магчыма, бо школам дазволілі ствараць на ўласнай базе бізнес-кампаніі. Працаваць у школьным бізнесе можна вучням ад 14 гадоў. Таму і для прэзентацыі адміністрацыя палічыла лагічным запрасіць старэйшых школьнікаў.

Чаму забыліся пра Сафію? Лепшую ідэю для Гродна на ІнвестУікэндзе прадставілі без аўтаркі
Прадстаўлялі «ідэю», але ўзнагародзілі «праект». Той самы дыплом
Праўда, так і застаецца незразумелым — чаму нельга было хаця б папярэдзіць ці запрасіць яе разам з бацькамі папрысутнічаць на прэзентацыі. На пытанне, ці дасылалі арганізатарам ІнвестУікэнда запыт аб магчымасці ўдзелу малодшай за ўзроставы цэнз аўтаркі, таксама адказу не было. Уласна, як і такога запыту.

Ці лёгка аднавіць справядлівасць?

Пасля звароту маці школьніцы да аднаго з арганізатараў конкурса, Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, інфармацыю аб пераможцах на сайце змянілі.

На сайце факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ да канца дня 4 снежня інфармацыю не выправілі, хаця адміністрацыя школы звярталася да іх з такой просьбай.

У гэты ж дзень, 4 снежня, Сафіі ўручылі дыплом і падарункі - калькулятар і флэшку.

Тое, што канфліктную сітуацыю гэтым разам удалося хутка высветліць, напэўна, дапаможа пазбегнуць падобных памылак у будучыні. Алена Багалейша распавяла, што праект «Горад для маленькіх турыстаў» абралі, каб прадстаўляць школу на штогадовым конкурсе «100 ідэй для Беларусі».

Хаця да «камсамольскага» ўзросту Сафія таксама яшчэ не дарасла, з арганізатарамі ўзгаднілі магчымасць яе удзелу ў прэзентацыі праекта. Такі падыход да справы выглядае правільным і паводле маці школьніцы.

«Для мяне вельмі важна зараз разумець перспектыву, — кажа Кацярына. — Я не супраць, калі праект дачкі прадстаўляе недзе школу і атрымлівае прызы. Гэта наша школа, мы таксама ёй ганарымся. Але калі з ланцужка навучання праз праект „выпадае“ дзіця, мне гэта не падабаецца».