Вечар памяці краязнаўцы Наталлі Канюк, якой 30 снежня магло споўніцца 69 гадоў, прайшоў 28 снежня ў сярэдняй школе № 2. На сустрэчы, акрамя сяброў, калег і сваякоў Наталлі Рыгораўны, былі і тыя гродзенцы, якія на працягу гадоў сачылі за яе дзейнасцю.
За дзясяткі гадоў вывучэння гісторыі Гродна Наталлі Канюк удалося сабраць шмат розных матэрыялаў, а таксама разгадаць нямала таямніц, якія хвалявалі гараджан. Здавалася б, за столькі гадоў краязнаўца павінна была выпусціць сваю кнігу, але Наталля Рыгораўна не паспела гэта зрабіць, хоць сабраны матэрыял можа паслужыць і для некалькіх кніг.
Усё рабіла на поўным энтузіязме
Толькі пасля смерці краязнаўцы яе сябры, калегі і сваякі вырашылі выпусціць кнігу, куды ўвайшлі матэрыялы, што публікаваліся Наталляй Канюк у газеце «Вячэрні Гродна». Кніга выйшла ў свет у кастрычніку 2017 года пад назвай «Хранитель Жилибертии». Падчас прэзентацыі зборніка, які прайшоў у Гродне на Днях Святога Губерта, Наталлю Канюк пасмяротна ўганаравалі ўзнагародай імя Ядкоўскага.
«Наталля Рыгораўна займалася ўсім, чым магла. Яна вывучала архітэктуру горада і, як не дзіўна, яна вельмі любіла збіраць цагліны, — распавядае сяброўка краязнаўцы Галіна Белабокая. — Ведала кожную старую пабудову ў горадзе і хто там жыў. Вывучыла старыя люкі, якія ў нас пад нагамі. Цікавіла яе і тое, як людзі ў розны час праводзілі вольны час у горадзе, што елі і пілі, і многае іншае.Яна была шматбаковым чалавекам і ўсё рабіла на поўным энтузіязме. Гэта той чалавек, які цалкам прысвяціў сябе роднаму гораду. Гэта яна пачала займацца адраджэннем батанічнага саду ў Гродне і першая пачала высаджваць дрэвы. Яе справу сёння працягваюць актыўныя гродзенцы. Улады паабяцалі падтрымліваць".
Аддалася гораду, але ў Кнігу славы не патрапіла
За сваё жыццё Наталля Канюк дапамагла стварыць некалькі музеяў у розных установах горада. Удзячныя супрацоўнікі, сябры і краязнаўцы ў 2017 года сабралі подпісы і рэкамендацыі па ўнясенні Наталлі Рыгораўны ў Кнігу славы горада Гродна, але атрымалі адмоўны адказ.
«Для ўсіх стала нечаканасцю, што Наталлю Канюк не ўнеслі ў Кнігу славы горада ў 2017 годзе. Гэта сумна і крыўдна, — распавядае пастар лютэранскай царквы Уладзімір Татарнікаў. — Сёння мы радуемся, што ў Гродна прыязджаюць турысты і глядзяць нашы славутасці, вывучаюць гісторыю, якая знішчалася ў свой час.
Але менавіта дзякуючы такім энтузіястам і гісторыкам як Наталля Канюк мы можам даведацца пра ўсё: які ў нас быў горад, каму ён належаў, хто і дзе жыў і многае іншае. Нават адкрыццё музея — гэта не справа аднаго дня, бо трэба сабраць столькі інфармацыі і экспанатаў, а Наталля Рыгораўна гэтым і займалася.
Яна шмат часу праводзіла ў архівах і ўвесь час шукала інфармацыю для горада. І самае сумнае, што сёння пра такіх людзей практычна не гавораць і не ўспамінаюць на высокім узроўні, хоць для горада было зроблена шмат. Але радуе, што сваякі, калегі і сябры памятаюць".
Рукапісы не знікнуць
Сын Наталлі Канюк Дзмітрый тым часам зоймецца рукапісамі маці, якіх за гады сабралася мноства. Нешта з іх будзе апублікавана.
«Мама па старым Гродне ведала практычна ўсё і яна шмат працавала, каб распавесці гэта гродзенцам. Яе справа будзе працягнута. У новым годзе мы пачнём разбіраць ўсе яе рукапісы і ў будучыні перадамо іх гісторыкам, якія зоймуцца публікацыямі або выданнем новых зборнікаў», — распавёў Дзмітрый.