Клубніцы можна купіць ад 16 да 29 рублёў, а чарэшню – ад 25 да 27 рублёў. Журналісты Hrodna.life даведаліся цэны на рынках Гродна, знайшлі самую танную радыску і дзе ўжо можна купіць буякі. Для гэтага мы абышлі Цантральны рынак (“Скідзельскі”), міні-рынкі “Фолюш” і “Прынёманскі” (“Брэст”) і крама”Віталюр”.
Беларуская клубніцы даражэйшая за імпартную
На Скідзельскім рынку самыя танныя клубніцы каштуюць 16 рублёў. У асноўным беларускія клубніцы з Бераставіцкага раёна – 28-29 рублёў. На рынку “Фолюш” іх прапануюць за 25 рублёў. Сярэдні кошт клубніцаў з Азербайджана і Грэцыі – 17-18 рублёў. Яе за тыя ж грошы можна знайсці і на “Брэсце” (і там вялікі выбар).

“Першыя нашы клубніцы заўсёды так, танней цяпер вы наўрад ці знойдзеце. Потым ужо танней будзе. Чаму пытаецеся? Бярыце за 18 рублёў. Паглядзіце якая прыгожая, буйная”, – кажуць прадаўцы на рынку “Фолюш”.
У “Віталюр” ягад яшчэ няма. Але можна купіць ананас з Коста-Рыкі на зніжцы за 5,99 рублёў.
Чарэшня з Узбекістана
На Скідзельскім рынку чарэшню знайсці не так проста. Ёсць два месцы з коштам 25 і 35 рублёў за 1 кг. Побач прадаюць буякі за 7,50.
На рынку “Фолюш” чарэшні больш, кілаграм каштуе ў сярэднім каля 27 рублёў. Самая танная чарэшня на “Брэсце” – ёсць варыянты па 18, па 25 рублёў.

З экзотыкі на Скідзельскім рынку можна знайсці абрыкос за 9,50 рублёў і нектарын за 19 рублёў. На рынку “Фолюш” даражэй: нектарын за 25 рублёў, а абрыкос – 13.
На “Брэсце” людзей няшмат, а прадаўцы – актыўныя
У буднія на рынках людзей няшмат, а на “Брэсце” – і зусім можна сказаць, што пуста. Можа быць таму дастаткова толькі спытаць кошт, як табе тут жа пачынаюць накладваць прадукты ў пакецік і любым спосабам пераконваюць купіць.

Журналістка Hrodna.life хацела ўзяць па паўкіло памідораў і клубніцаў: узважылі па кілаграме. Яшчэ дзве хвіліны і мы сышлі б з паловай кавуна. “Самы салодкі, свежы і смачны”, – запэўніваў прадавец, расхвальваючы травеньскі кавун.
Спроба даведацца, колькі каштуе чарэшня, таксама ледзь не скончылася купляй: ягады без запытання пачалі пакаваць, хоць купляць іх мы не хацелі. Даведацца цану інакш было нельга – цэннікаў на латку проста не было.
З гародніны – радыска ў трэндзе
Самую танную радыску знайшлі на рынку “Фолюш”: па 60 капеек. На Скідзельскім рынку радыска каштуе ад 1 рубля за кг. У краме “Віталюр” – і зусім па 1,99.

Памідоры на Скідзельскім рынку ў сярэднім каштуюць ад 5,50 рублёў. У латках дзе напісана “крымскія гародніна, садавіна” памідоры прадаюць ад 8,90 за 1 кг.

На рынку “Фолюш” знайшліся памідоры за 3 рублі. На “Брэсце” – вельмі вялікі выбар памідораў: слівавідныя, малінаўка, на галінцы. Кошт: ад 5 да 10 рублёў. Адны з самых танных – па 5,5 – азербайджанскія. У краме “Віталюр” сярэдняя цана памідораў – 7 рублёў.
Чытайце таксама: «Нас не должно быть много, мы должны быть качественными». В Гродно открылось первое фермерское пространство: что и за сколько там можно купить
Дзяўчына з вазочкам у аднаго з латкоў цікавіцца, ці ёсць памідоры з Расіі. Кажа, яны ёй вельмі спадабаліся ў мінулым годзе. “Толькі з Азербайджана і Беларусі”, – адказвае прадавец. Тут уступае ў размову дзядуля: пытаецца, адкуль наогул пастаўкі і ёсць ці капуста з Украіны. Атрымаўшы адмоўны адказ – сыходзіць.

“Долар упаў, а кошты чамусьці не знізіліся”
Адны з самых нізкіх коштаў на агуркі і капусту – на Скідзельскім рынку. Там за гэтую гародніну просяць ад 1,5 рубля. На рынку “Фолюш” сярэдняя цана капусты – каля 3 рублёў. Капуста ў краме “Віталюр” каштуе 2,33 рубля.

Некаторыя пакупнікі на рынках спрачаюцца з прадаўцамі аб цэнах. Маўляў, кошты ў Польшчы ніжэйшыя, і межы адкрытыя. “Час ужо і на рынках кошты зніжаць”, – кажа пакупніца. Прадавец запэўнівае яе, што для прывозу гародніны і садавіны “нічога не адкрылася”.
Іншыя пакупніцы абураюцца: “Долар упаў, а кошты чамусьці не знізіліся”. Сыходзячы ад прылаўка, яны адзначаюць, што можа быць справа ва ўмацаванні расійскага рубля?
Чытайце таксама: Адмовіліся ад «нішцякоў», веечак і адпачынку. Як гродзенцы эканомяць на фоне росту коштаў і санкцый



