Архітэктарка з Гродна Ганна Арлюк прыдумала, як сумясціць у цэнтры горада разнапланавыя грамадскія прасторы і дадаць новыя кропкі прыцягнення для гараджан і прыезджых. На яе думку, так можна ўнесці ў гарадскую сераду новыя актыўнасці без шкоды для гістарычнага кантэксту асяроддзя. Архітэктарка паказала свае эскізы Hrodna.life і распавяла, як гэтыя планы маглі б рэалізавацца ў гарадской прасторы.
Скласці новую “сістэму жыцця” Ганна прапануе ў раёне былой Гарадніцы.
“12 кропак” Ганны Арлюк
Архітэктарка прапануе арганізаваць у тых частках цэнтра, што не выкарыстоўваюцца, розныя актыўнасці.

“Кропка 1” у яе праекце – рэчышча Гараднічанкі, пракладзенае па плошчы Леніна. Імітацыя страчанага рэчышча ракі або ўладкаванне тут фантана аб’яднае часткі Гарадніцы, падзеленыя вуліцай і сучаснымі будынкамі, лічыць Ганна.

“Кропцы 4” адпавядае прастора “Актыўная” каля палаца Чацвярцінскіх у парку. Яна ажывіць тэрыторыю, доўгі час закрытую для гараджан.
У “Кропцы 7”, на тэрыторыі задняга двара Дома афіцэраў, праект Ганны прадугледжвае прастору “Маладзёжную”. Яна можа стаць месцам для фотасесій і адпачынку. Тут таксама могуць быць запатрабаваныя фудтракі або іншыя аб’екты грамадскага харчавання.
Дваровая тэрыторыя “Кропкі 10” можа стаць грамадскімі агародамі і генераваць “ціхую” актыўнасць. Карыстацца імі могуць не толькі жыхары гэтага двара, але і ўвесь горад. Каля выставачнай залы мог бы з’явіцца “Арт-кут” – “Кропка-11”.

“Заўсёды хацела зрабіць горад лепшым”
“Ідэя працы з Гродна ў мяне была яшчэ з самага пачатку навучання. Я заўсёды любіла свой родны горад і хацела зрабіць яго яшчэ лепш”, – кажа Ганна. Ва ўніверсітэце яна часта выбірала для курсавых праектаў аб’екты і месцы з Гродна. Да часу дыплома ў яе ўжо сабралася шмат напрацовак.
“Тэму для дыпломнага праекта я выбірала не доўга. Дакладна ведала, што гэта будзе рэканструкцыя. Думала, што з цэнтрам могуць быць складанасці з-за прыналежнасці тэрыторыі да зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў і існуючага ландшафту. Але ў ходзе работы з дыпломным кіраўніком і дзякуючы практыцы ў УП “БелНДІПгорадабудаўніцтва” , мне лёгка ўдалося вырашыць гэтыя пытанні”.

Праект гродзенкі атрымаў добрыя водгукі экспертаў з УП “БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА”, дзе Ганна праходзіла дыпломную практыку. Акурат у гэты час тут ішлі работы па распрацоўцы дэталёвага плана гістарычнага цэнтра Гродна з праектам рэгенерацыі і забудовы. Архітэктары з УП “МінскГрада” напісалі ў рэцэнзіі, што праект варта выкарыстоўваць пры распрацоўцы стратэгіі развіцця Гродна.

“Гэтыя прапановы не патрабуюць глабальных змен на тэрыторыі цэнтра. Яны могуць быць рэалізаваны з дапамогай адміністрацыі горада, бізнесу і неабыякавых грамадзян. Галоўнае – каб людзі ўбачылі сэнс у зменах. Таму што адно пазітыўнае змяненне цягне за сабой іншае. Для гэтага я і стварала праект – каб прымяніць яго для нашага горада і нашай сітуацыі”.
Чытай таксама:





