«Я электрык і яшчэ зусім нядаўна працавала на Гродзенскай мытні. Шмат хто прыходзіў на мяне паглядзець як на нешта незвычайнае і новае», – так сябе рэкламавала членам журы 22-гадовая Анастасія на абласным этапе кастынгу нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь – 2018», які праходзіў у Гродне 4 лютага. Журы прагледзелі больш за 80 дзяўчат, з якіх 30 выбралі ў наступны этап.
Штогадовыя пошукі самай прыгожай беларускі па версіі Мінкульта, АНТ і Нацыянальнай школы прыгажосці праходзілі ў Гродне ў Каледжы мастацтваў. На сцэне перад членамі журы дзяўчынам трэба было прадэманстраваць не толькі знешнюю прыгажосць, але і ўнутраную. Дзяўчаты з розных гарадоў вобласці дэфілявалі, спявалі, танцавалі і дарылі падарункі членам журы.
“Гэты горад апраўдаў мае чаканні”
Беларуская тэлевядучая Люцыя Герашчанка (Лушчык) родам з Ліды і з вялікім задавальненнем прыехала ў Гродна з членамі журы, бо ведала, што ў гэтым горадзе кастынг будзе асаблівы. Перад кастынгам яна пагутарыла з дзяўчатамі.
«Я ведаю, што ў Гродзенскай вобласці прыгажосць асаблівая. Тут дзяўчаты з унутраным стрыжнем і вялікай годнасцю. Таму мне было прыемна прыехаць у Гродна на кастынг, які, можна сказаць, праходзіў на роднай зямлі, – распавядае Люся. – Ад Гродна мае ўражанні вельмі станоўчыя. Гэты горад апраўдаў мае чаканні – я чамусьці думала, што тут будзе шмат прыгожых дзяўчат. І гэта не толькі маё меркаванне, як госця, але і іншых членаў журы”.
З яе словаў, некаторыя дзяўчаты былі гатовыя адразу з кастынгу ісці на вялікую сцэну. Маўляў, мясцовыя прыгажуні матывуюць, каб больш за сабой сачыць і шырэй усміхацца.

Для журы – кветкі з паперы
Пакуль дзяўчаты выступалі перад членамі журы, у фае іх чакалі хлопцы і бацькі. Сярод іх быў і Валерый, які прымусіў сваю дзяўчыну пайсці на кастынг.
“Карына мая – прыгожая, баялася да апошняга ісці на кастынг, але я яе падтрымаў. Даў пiнка спачатку, а далей яна сама ўзялася за справу. Яна рыхтавалася да кастынгу, але, напэўна, не так як усе: яна на працягу двух дзён рабіла з паперы букет для членаў журы. У працоўны час такі букет робіцца цэлы тыдзень”.

Сама 18-гадовая Карына Хахлова, студэнтка ГрДУ, здолела прайсцi кастынг у Гродне.
«Рада, што прайшла. Раней я спрабавала свае сілы ў «Міс ГрДУ», так што нейкі досвед у мяне ёсць. Самае страшнае для мяне было гэта першы этап – прадстаўленне. Кожная дзяўчына баіцца, каб ёй не задалі каверзнае пытанне».
Члены журы папрасілі Карыну пагутарыць з імі на англійскай мове. Дзяўчына зрабіла гэта без праблем, бо вучыцца на філолага.
«Я вывучаю англійскую філалогію, так што мову ведаю», – дадала Карына.
Удзельніц прааналізуюць па фота і відэа
На кастынг прыехала шмат дзяўчат з розных гарадоў вобласці. Многія не хвалююцца, што не прайшлі далей, бо для іх гэта быў першы падобны вопыт.
“Хвалявацца не бачу сэнсу, бо за гэтыя некалькі гадзін адбору я атрымала шмат вопыту і пазнаёмілася з цікавымі дзяўчатамі. Досвед буду выкарыстоўваць у наступных кастынгах”, – распавяла 20-гадовая Таццяна з Гродна.
Сярод 80 удзельніц члены журы адабралі 30 чалавек. Пасля таго, як каманда журы праедзе ўсе абласныя гарады, удзельніц прааналізуюць па відэа і фота. Найлепшых запросяць на чарговы адбор у Мінск, а ўжо адтуль самыя лепшыя адправяцца ў фінал.




























