14 лютага адзначаецца Дзень дарэння кніг. У Гродне падзяліцца кнігамі можна хоць кожны дзень: у многіх кафэ, тайм-кафэ і іншых установах ёсць буккросінг. Але працуе ён не вельмі паспяхова.

Праблемы адны і тыя ж: людзі прыносяць не надта якасную і цікавую літаратуру. Добрыя кнігі сыходзяць хутка, а «кепскія» надоўга застаюцца на паліцах. Каб буккросінгу спрыяў посьпех, трэба рабіць яго ў чымсьці ўнікальным, альбо даць людзям зразумець, што іх кнігі сапраўды прынясуць карысць іншаму.

Буккросінг — хобі і грамадскі рух, які працуе па прынцыпе сацыяльных сетак і блізкі да флэш-мобу. Чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае яе іншаму. Ідэю буккросінгу прапанаваў спецыяліст па інтэрнэт-тэхналогіях Рон Хорнбекер у сакавіку 2001 года. У Беларусі распаўсюджваецца з пачатку 2010-х.

Мы абышлі кафэ, тайм-кафэ і крамы, каб даведацца, як гэта працуе ў месцах з рознымі функцыямі. Дарэчы, летам 2018 года шафкі з буккросінгам ад Гродзенскага шклозавода былі і ў парку Жылібера. Потым яны зніклі па «сваіх прычынах». Як распавялі на шклозаводзе, іх плануюць вярнуць неўзабаве.

«Гэта наўрад ці магло жыць доўга»

У этнакраме «Цудоўня» буккросінг быў у 2017−2018 гадах, да пераезду з Вялікай Траецкай на Кірава. Ён запланаваны і на новым месцы, але пакуль да яго «не дайшлі рукі». Так што не знік, а знаходзіцца ў стадыі анабіёзу, кажа ўладальнік этнакрамы Андрэй Несцяровіч. Пры тым у новым выглядзе. У планах — зрабіць ля ўваходу ў краму «домік», які будзе герметычна зачыняцца, у якім будуць стаяць кнігі. Каб узяць або абмяняць іх, не трэба будзе прысутнасць прадаўцоў.

Андрэй кажа, што буккросінг на мінулым месцы карыстаўся попытам. Людзі актыўна кнігі і прыносілі, і бралі. Ён быў практычна цалкам беларускамоўным. Па-руску было некалькі асобнікаў кніг па культуры, якіх не існавала ў беларускамоўным варыянце. Такое фільтраванне не давала трапіць на паліцы літаратуры тыпу «Тэорыя марксізму», «Ціхі Дон» і іншым.

— Рэч запатрабаваная, калі ў яе мала аналагаў. Беларускамоўных буккросінгаў у Гродне на той момант не было. І ён прыцягваў адпаведную аўдыторыю і быў чыстым ад усякага шлаку.

буккросинг
Фота: vk.com/cudounia
Андрэй кажа, што ў буккросінга ёсць яшчэ адна праблема. У нейкі момант ён становіцца вельмі пражэрлівым у адносінах да месца. Кніг становіцца шмат, іх трэба выстаўляць, пры тым, у пэўным парадку. А калі кожны метр тваёй гандлёвай прасторы павінен сябе акупляць, буккросінг становіцца трохі нерэнтабэльным, з чым яны зараз і сутыкнуліся.

— Некаторыя людзі прыносілі дастаткова новыя кнігі. Але ў большасці сваёй людзі - істоты прагныя. Нармальны чалавек шкадуе класную кніжку, нават калі ён яе прачытаў. Ён лепш пакіне яе ў сябе на паліцы, а ў буккросінг аддасць нешта сярэдняй або нізкай каштоўнасці. Гэта таксама прычына, чаму абсалютная большасць буккросінгаў загінаецца. Проста туды нясуць смецце. Для таго, каб праект жыў, трэба, каб людзі дзяліліся годным. Напэўна, большасць беларусаў не дарасла, каб дзяліцца годным. Упэўнены, многія расчароўваліся. Калі ты прыносіш кнігу Бахарэвіча, а наўзамен павінен узяць дапаможнік па Windows.

Андрэй прыводзіць у прыклад бібліятэкі і кажа пра іх сістэматызацыі. Менавіта сістэматызацыі не хапае буккросінгам. У бібліятэцы ты бярэш кнігу, вяртаеш яе і бярэш іншую. А ў большасці буккросінгаў гэты цыкл быў парушаны: людзі бралі, а вяртаць або прыносіць сваё забывалі. Уладальнікам буккросінга бракавала адміністравання праекта.

— Ну і бум на буккросінг таксама прайшоў. Быў перыяд, калі гэта было навінкай, усім было прыкольна. А потым гэта проста адышло, як адыходзіць амаль любы падобны праект. Я думаю, людзі не адчуваюць асаблівай важнасці гэтага. Гэта не пагасіць лес у Аўстраліі, не выратуе дзяцей у Эфіопіі. Гэта наўрад ці магло жыць і трымацца на хвалі доўга, — кажа Андрэй.

«Кавярня — нязручнае месца для буккросінга»

У кавярні «Просто кофе» незвычайны буккросінг. Кнігі тут можна пачытаць толькі на месцы, не выносячы з сабой. Тут ёсць рэдкія спецыялізаваныя кнігі - энцыклапедыі пра шакалад, каву, смакі. Звычайна іх выкарыстоўваюць для навучання барыстаў і паказваюць знатакам.

Таксама каля акна ляжяць нямасавыя часопісы накшталт «Культ» і зборнік Ясеніна. Як распавядае барыста Антон, па большай частцы гэта тое, што прынеслі яны самі. Кнігі дадому забіраць нельга, але аднойчы турыстка вельмі прасіла прадаць ёй два зборнікі вершаў беларускіх паэтаў. Тады гэтыя зборнікі ёй проста падаравалі.

Бариста тлумачыць: у іх кавярні столікі разлічаны на кампаніі. Ды і каву звычайна п’юць нядоўга,
каб хутка насыціцца смакам. Калі б столікі былі на аднаго, чалавек мог бы прыйсці, спакойна пасядзець у адзіноце, пачытаць кнігу. А чытаць, калі побач размаўляюць кампаніі, бегаюць дзеці, складана. Ён робіць выснову, што кавярня ў прынцыпе — не асабліва зручнае месца для буккросінга. Ён лічыць, што зручней гэта рабіць у антыкафе.

На заўвагу аб тым, што буккросінг — гэта не абавязкова пачытаць кніжку на адным месцы, але і ўзяць дадому, Антон кажа, што кнігамі цяпер наогул мала цікавяцца, а больш сядзяць у тэлефонах. Шмат хто адмаўляецца ад папяровых кніг на карысць аўдыё- або электроннага фармату.

— Думаю, буккросінг можа быць фішкай установы. Часам людзі прыходзяць адны ў чаканні знаёмага ці прабавіць час. Калі ў іх будзе магчымасць звярнуць увагу на кнігі, думаю, у іх будзе цікавасць да гэтага праекту. Мне здаецца, калі гэта будзе развівацца, увойдзе ў шырокі ўжытак, гэта будзе вельмі цікава. Толькі трэба зразумець, якія кнігі цікавяць людзей: паводле жанраў, паводле формаў, — кажа Антон.

«Дома ва ўсіх ёсць кнігі, ад якіх хочацца пазбавіцца. Чаму не даць ім другое жыццё?»

У OldCity буккросінг ёсць дзякуючы MC Döner. Паліца з кнігамі там знаходзіцца паўтара года. Адной з двух паліц давялося ахвяраваць дзеля ўстаноўкі аўтамата для прыёму заказаў.

— Людзі не забіраюць практычна, яны бяруць пачытаць тут. У OldCity і ў буднія, і ў выхадныя вельмі шмат людзей. Гэта такі выдатны дадатак, — кажа Сяргей Іваноў, маркетолаг ГЦ.

Усе кнігі, якія тут прадстаўлены, прынеслі наведвальнікі. Назапасілася каля 10 каробак. Перыядычна кнігі абнаўляюцца. У сацсетках ГЦ нагадваюць, што можна прынесці сваю кнігу і ўзяць іншую. Праблема ўсіх буккросінгаў ёсць і ў OldCity: новыя кнігі прыносяць рэдка, затое забіраюць іх вельмі хутка. Часам арандатар — магазін БУКВАЕШКА — прадастаўляе новыя кнігі для буккросінга. Яны адразу сыходзяць.

— Мы ж не ведаем, праз колькіх людзей прайшла кніга і які лёс у кожнага асобніка. Мне здаецца, гэта таксама вельмі цікава, — кажа Сяргей. — Так, ёсць аўдыёкніжкі, але папяровыя не заменіць нішто. Я рады, што і MC Döner гэта разумее.

— Я лічу, што права на жыццё ў буккросінга ёсць. Няхай гэта будзе невялікая паліца. Для маленькай кавярні хопіць шасці-дзесяці кніг. Ідэя будзе жыць, пакуль людзі не перастануць прыносіць, абменьвацца і самі папаўняць гэтыя калекцыі. Дома ва ўсіх ёсць кнігі, ад якіх хочацца пазбавіцца. Чаму не даць ім другое жыццё?

Ідэя ў любым выпадку не спрацавала б

У тайм-кафэ «Партал» буккросінг з’явіўся, калі расфарміроўвалі бібліятэку шклозавода. Тады на заводзе ім прапанавалі ўзяць кнігі.

— Мы павінны былі арганізаваць усё правільна: зарэгістравацца на сайце, наклеіць налепкі. Частку працы мы зрабілі. У нас паўсталі пытанні з сайтам. Зарэгістраваць кожную кнігу не атрымалася.
На гэтым пытанні ўсё абарвалася, і справу да канца мы не давялі, — кажа супрацоўніца Анастасія.

Ідэя ў любым выпадку не спрацавала б, лічыць Анастасія. Да іх патрапіла старая савецкая літаратура, якая мала каго магла зацікавіць. Адміністратары кажуць, што за год напаўненне паліцы памянялася. Але не факт, што прычына ў абмене. Магчыма, самі супрацоўнікі дастаўлялі адны кнігі і прыбіралі іншыя. У прынцыпе, забіраць кнігу дадому наведвальнікам дазвалялі і без абмену.

буккросинг

— Часам кнігі бралі дадому пачытаць і вярталі назад. Гэта адзінкавыя выпадкі. Спецыяльна па кнігу ніхто не прыходзіць, — распавядае пра працэс Анастасія. — Добрыя кнігі, напрыклад, «Гары Потэр», адразу забіралі. Ёсць і такі момант: народ хоча бачыць класіку у тым жа фармаце, але ў новай вокладцы.

Пра буккросінг Анастасія кажа, што гэта клёвая фішка, яны рады мець яе ў сябе, але, на жаль, яна не працуе.

— Самы галоўны момант — людзі абленаваліся. Я заўважаю, што людзі наогул менш чытаюць з прычыны таго, што ў нас ёсць смартфоны, і там можна заліпаць. Увесь час сыходзіць на гаджэты. Калі чытаюць, то іншую літаратуру, сучасную — штукі па тайм-мэнеджменце, псіхалогіі. Класічнае чытаюць усё менш.

«Людзям недастаткова проста кнігаварота»

— Мы ў Гродне першыя сталі адзначаць Дзень кнігадарэння — у 2017, 2018, 2019 гадах. І водгук у гараджан быў! І кнігі збіралі не проста так, а з пасылам — для тых, каму больш патрэбна: у Бараўляны, у дзіцячую бальніцу нашу, — распавядае Наталля Наземцава, загадчыца аддзела Гродзенскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

У гэтым годзе змянілі фармат. Кнігі збіраюць, каб правесці ў OldCity кніжны фрымаркет 15 лютага — у Міжнародны дзень дзяцей, хворых на рак.

— Проста кнігаварот — людзям гэтага недастаткова. Стараліся рабіць калякніжныя лакацыі: майстар-класы, чытанні і г. д. І людзі ішлі. Людзі гатовыя аддаваць. Кнігі добрыя прыносяць. Мы ж таксама навучаныя ўжо — адкрытую макулатуру стараемся не браць.

Калі коратка, то для кожнага ўзросту сваё. Матулям з дзеткамі чытанні вельмі цікавыя. Людзям «залатога ўзросту» пагартаць кнігу папяровую і ўзяць яе бясплатна — таксама падабаецца. А вось моладзі трэба шоў. А шоў - гэта ўжо больш у тэатр.

«Адбываецца абясцэньванне бясплатнага»

Як відаць з навін пра буккросінг, падобныя праблемы ёсць не толькі ў Гродне і не толькі ў Беларусі. Ці значыць гэта, што людзі ў прынцыпе не гатовы дзяліцца добрымі рэчамі? Ці не шануюць тое, што можа дастацца ім бясплатна? Пра гэта кажа псіхолаг Таццяна Леўчык.

— На гэта можна паглядзець з розных пазіцый, з розных пунктаў гледжання. Першае — людзі агулам у Беларусі, у Гродне, адчуваюць сябе адасоблена. Яны не адчуваюць прыналежнасці да нейкага кам’юніці, нейкага руху, да сябе як часткі чагосьці вялікага, цэлага, супольнасці, што ўсе мы адзіныя ў гэтым свеце, горадзе, краіне. Што ў нас ёсць агульныя прынцыпы, каштоўнасці і нейкія адзіныя інтарэсы. І гэтая адасобленасць нараджае адчуванне, што «мая хата з краю» і адбываецца абясцэньванне сябе, сваіх дзеянняў, сваёй асабістай адказнасці, і абясцэньванне руху і накіраванасці іншых.

Другое — людзі ідэнтыфікуюць сябе з матэрыяльнымі рэчамі. І, адпаведна, пры куплі тых ці іншых рэчаў, пры валоданні добрымі, якаснымі рэчамі людзі памылкова з несвядомай устаноўкі мяркуюць, што ён ці яна — роўна гэтая рэч. І калі рэч якасная, добрая, пражыла з чалавекам нейкі этап жыцця, людзі не гатовыя з гэтым расстацца, таму што ілюзорна ім здаецца, што яны аддаюць частку сябе. Таму што на ўзроўні перакананні ў іх ёсць: «я роўна рэч, якой я валодаю». Адпаведна, я губляю сябе, аддаючы камусьці частку сябе.

Гэта абмяжоўвае перакананне, якое важна трансфармаваць у іншае, дзе я не ёсць рэчы, якімі я валодаю, а я — гэта частка чагосьці большага, частка нейкай сістэмы, свету, душа, чалавек. Асоба, якая развіваецца, і якая дапамагае развівацца іншым.

буккросинг

Трэцяе — гэта пра баланс «браць-аддаваць». У нас, на жаль, таксама яшчэ не ўсе ведаюць і паводзяць сябе адпаведна сусветнаму закону аб прынцыпе выходнага патоку. Пра тое, што для таго, каб нешта атрымаць, неабходна нешта аддаць. Арыентаванасць на тое, каб браць, а не аддаваць, таксама замінае і спыняе нейкія карысныя ініцыятывы.

Як вынік, адбываецца абясцэньванне бясплатнага. Калі ў людзей не сфарміравана звычка і асабістая адказнасць аддачы, асабістая адказнасць рабіць нешта. Яны самі нічога не робяць без грошай, і ім здаецца, што астатнія таксама так не робяць. Таму што мы бачым вакол люстэрка. І ўвесь навакольны свет — гэта наша люстэрка. І, адпаведна, самі не пазіцыянуючы і не выяўляючы гэтыя якасці аддачы, прыналежнасці да супольнасці, важнасці, значнасці і гэтак далей, людзі бачаць сваё люстэрка, што ніхто гэтага нібыта не робіць. І яны не чакаюць гэтага ад іншых: нейкай значнасці, якасці і гэтак далей. Яны бачаць сваё люстэрка, і, адпаведна, яны за гэтым люстэркам і ідуць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life