Вымушаныя эмігранты часта адчуваюць пастаянную стомленасць, а іх сем'і нярэдка распадаюцца. У такіх умовах бізнес у нейкім сэнсе можа зрабіцца кропкай апоры: ён дае сталую працу і нават прастору для натхнення. Дзясяткі такіх бізнесаў можна знайсці на платформе BY_Mapka, якая аб’ядноўвае беларусаў па ўсім свеце. Для Hrodna.life бізнесмены з ліку былых жыхароў Гродзеншчыны расказалі пра ўласныя справы.
У Польшчы такіх бізнесаў бліжэй да двух тысяч, у Тбілісі каля 250, у Літве больш за сотню. У Кіеве ў 2022 годзе іх было таксама шмат, але зараз — усяго пяць. Напрыклад, на BY_Mapka ёсць сувенірная крама «Кропка» з Вільні і крама «Падпольшчыкі» з Беластоку. Мы шукалі менавіта такія гісторыі, дзе б героі не былі ўладальнікамі мільённых стартапаў і не абавязкова нават супервядомымі сярод беларусаў.

Барбер-студыя, кавярня ці крамы — нехта з іх толькі адчыніўся, а хтосьці працуе ўжо даўно. Ёсць у іх адна агульная рыса — гэтыя месцы збіраюць людзей, прычым часта «сваіх» — ці тое яны з Зэльвы, ці з Гродна, ці проста таварышы па духу. Уласнікі эмігранцкіх бізнес-праектаў расказалі Hrodna.life, як спраўляюцца ва ўмовах татальнай няпэўнасці.
Родам з Зэльвы, але адчыніў кавярню ў Варшаве
Смачная выпечка — тое, па чым ведаюць кавярню, якую ў Варшаве трымае Яўген Скарабутан з Зэльвы. «Kakao. Białoruskie wypieki» па ідэі мусіла быць барам, але канцэпт змяніўся.

«Заўсёды хацелася мець свой нейкі бар, сваё месца, куды б прыходзілі сябры, дзе можна было б пасядзець і пагаварыць. Але каб бар у Варшаве — шчыра кажучы, не было ўвогуле ніякага досведу і грошай. Кавярня адчынялася нашмат прасцей, і былі адразу людзі, якія рабілі выпечку — жонка і сястра. Трымаць кавярню патрабуе пастаяннага кантролю, каб не канчалася малако і была ў наяўнасці кава, своечасова плаціць заробкі».
«Атрымалася нават лепей, чым магло б быць — якой бы блізкай Варшаву я ні лічыў, але ўсё ж гэта эміграцыя, гэта складаней. Хаця польскія правілы гульні даюць амаль любому магчымасць займацца тым, чым хочаш. Гэта не страшна, гэта — нармальная праца».
«Ну, і трэба было ў эміграцыі чымсьці займацца. У мяне ўжо былі раней свае справы, але гэта нешта новае і цікавае. Ну і патрэбна была магчымасць зарабляць грошы, каб жыць — не буду казаць, што гэта „для душы“. Хацелася і троху разбагацець. Але гэта ілюзія, што атрымаецца адчыняць шуфляду і даставаць купу грошай. Кавярня дае магчымасць пракарміцца ў Варшаве адной сям'і - такая форма самазанятнасці. Так атрымалася, што размова гэтая ўсё ж не пра грошы, а пра душэўны спакой і камунікацыю з людзьмі».
Кава для гомельскіх і слёзы радасці ад землякоў
«Маё здзіўленне — [сярод наведвальнікаў-беларусаў] у нас найбольш не гарадзенскіх, а гомельскіх кліентаў. Хаця яны самі кажуць: „Слухайце, а мы гомельскіх у Варшаве зусім не сустракаем“. Так што на першым месцы Гомель… Ну, калі Мінск не браць, ладна. Мазырскіх таксама шмат, да Варшавы я іх ніколі не сустракаў».
«Але і гарадзенцы ёсць, і ад сустрэч з імі вельмі радасна. Я сам з Зэльвы, зэльвенскіх увогуле было чалавек пяць за тры гады. Можа, людзі не прызнаюцца? Кажуць: „Ой, я з Мінска“ — але я стараюся дапытацца, дзе чалавек нарадзіўся, а не адкуль прыехаў. Аднойчы нават зайшла дзяўчына, спыталася першая, адкуль я. Сказаў, з Зэльвы. І яна пачала плакаць, бо ніколі яшчэ не сустракала землякоў. Апынулася, што мы з суседніх дамоў».
За год — больш за сотню майстрыц у краме Kropka ў Вільні
Зрэшты, не кавай адзінай жывуць гродзенцы: на папулярнай турыстычнай вуліцы ў Вільні можна заўважыць творчую прастору і краму з рэчамі ручной працы Kropka — і належыць яна беларусам Зміцеру і Вользе Фурманавым. Яны адчыніліся крыху больш за год таму, і зараз справы ідуць угору.

«Мы адмыслова шукалі памяшканне пад краму і творчую прастору — і знайшлі даволі хутка. А прыйшлі мы да гэтага пасля таго, як наведалі шоўрум беларускіх майстрыц недалёка ад цэнтра, у старым будынку, дзе планавалася рэканструкцыя [і яны мусілі з’ехаць]. Яны распаўсюджвалі інфармацыю пра свае вырабы праз Instagram — і нам было цікава завітаць. Пасля мы падумалі: а наколькі было б цудоўна, калі б гэтыя таленавітыя майстрыцы маглі [і далей] працаваць не на ўскраіне горада, а дзесьці ў цэнтры? Каб іх вырабы бачылі не толькі падпісчыкі ў Instagram, але і турысты, мясцовыя жыхары.
Гэтая ідэя ўзмацнілася, калі мы ўспомнілі пра падобную канцэпцыю ў Горадні - там раней існавала крама «Адметнасць» і побач з ёй творчая прастора Паўла Мажэйкі, які зараз палітвязень. Мы вырашылі, што гэта цудоўная бізнес-ідэя: запрасіць майстрыц у нашу краму і ладзіць у творчай прасторы розныя сустрэчы, імпрэзы, майстар-класы, выставы".
Чытайце таксама: Як гродзенцы стварылі ў цэнтры Вільні ўласную прастору

«Калі пачалі адчыняцца, мы спадзяваліся прыцягнуць, ну, максімум 30−40 майстроў. Але за год працы ў нас іх ужо 120−130 — то бок у чатыры-пяць разоў больш. І гэта не толькі беларускія майстрыцы, а таксама ўкраінскія, літоўскія, жамайційскія (яны самі кажуць, што яны не літоўцы) і яшчэ тутэйшыя ёсць, полькі.
Мы адчыніліся спакойна, без ніякага бізнес-плана, разумеючы, што ёсць рызыка закрыцця праз тры-шэсць месяцаў, і на гэтым гісторыя скончыцца. Аднак усё атрымалася, і дынаміка ідзе ўверх. Калі такая тэндэнцыя росту захаваецца, мы плануем пашырацца.
Пра нас даведваюцца і беларускія майстры і майстрыцы з іншых краін. Напрыклад, апошняя была майстрыца з Мілану, якая вырабляе посуд з беларускімі акцэнтамі і арнаментамі. Яна даведалася пра нас дзякуючы адной з нашых майстарак, якая ўдзельнічала ў кірмашы ў Мілане. Гэты посуд вельмі добра прадаецца".
Уладальнік крамы сімволікі: «Мы называем гэта рамесніцтвам»
Калі адным эміграцыя дае новыя ідэі, то іншыя наноў адкрываюць для сябе тое, што ўжо рабілі. І прыклад таму — крама «Падпольшчыкі» Андрэя Мялешкі ў Беластоку, якая працуе анлайн. Набыць там можна нацыянальную сімволіку. Пачынаў Андрэй Мялешка такую справу першы раз больш за 20 год таму.

«Мая першая крама называлася «У Міхельсона» і існавала яшчэ ў Гародні ў 1997−2003 годзе. Я гандляваў касетамі, дыскамі і DIY-сімволікай. Потым, калі я жыў у Батумі, Грузія, у нас была крама Batumiby.ge, дзе мы гандлявалі беларускай і ўкраінскай сімволікай.
Чытайце таксама: Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак
Потым, дзякуючы абставінам, я апынуўся ў Польшчы і прыйшлося адкрываць нешта новае. Планавалася фізічная крама ў Беластоку як аб’яднанне двух-трох гарадзенскіх інтэрнэт-крамак. Але пакуль не знайшлося фінансаў зняць памяшканне ў цэнтры, на турыстычнай вуліцы.
У канцы верасня будзе год, як мы існуем і робім крамку «Падпольшчыкі», якая прадае вышываную прадукцыю. У нас вышыванкі, цішоткі з вышыўкай, вышытыя значкі, кепкі, нашыўкі, брэндаваная вопратка, сцягі, шоперы і нават вышыўка на спартыўнай вопратцы, выпускаем цішоткі для музыкаў - Памідораў, Dzieciuki…"

Паміж бізнесам і гродзенскай салідарнасцю
«Мы не называем гэта бізнесам, а хутчэй рамесніцтвам ці сацыяльным праектам. Гэта не пра вялікія грошы — калі тысяча еўра ў месяц атрымліваецца, то гэта добра. У мінулым месяцы я заплаціў за арэнду хаты з заробку ў крамцы. А каб сказаць, што гэта бізнес…
Дзякуй супольным праектам з гарадзенцамі з Вільні - можна нешта рабіць супольна. У нас гэта называецца гарадзенскай мафіяй, як «кумаўство» — сямейная, сяброўская кампанія з некалькі крамаў, якія ўвесь час супрацоўнічаюць.
Гэтая сістэма блізкіх адносін — стабілізуючы фактар. Мы дапамагаем адзін аднаму, не кідаем адзін аднаго. Гарадзенец гарадзенцу — дапаможа і з начлегам, і з грашыма, калі трэба. Гэта такая сетка — калі мне трэба прыехаць у нейкі горад, то я знаходжу гарадзенца і пішу яму, каб пераночыць — і ў Беластоку таксама зможа заночыць у мяне".
Барбер і ўладальнік студыі: «Я мог бы зарабляць больш»
Яшчэ адзін жыхар Беластока менш за два месяцы таму адкрыў уласную студыю. Здавалася, ён збіраўся проста працаваць барберам — але ідэя разраслася, тлумачыць Дзмітрый Хатц.

«Усё пачыналася з мары стаць барберам, пасля я марыў перайсці на арэнду месца і працаваць сам — як у каворкінгу. А калі прыйшоў у такі каворкінг, то выразна разумеў, што праз нейкі час буду адкрываць нешта сваё, невялікае, на адно крэсла. І буду працаваць сам па сабе.
Атрымалася ўсё па-іншаму: са мной захацеў працаваць яшчэ адзін хлопец, рабіць татуіроўкі - і давялося шукаць большы лакал (польскае lokal — «памяшканне» — Hrodna.life). Так я прыйшоў да адкрыцця сваёй студыі.
Ці супадаюць чаканні і рэальнасць? Цяпер складана пра гэта казаць, студыя працуе толькі другі месяц. У прынцыпе, яна выглядае плюс-мінус так, як я ўяўляў. Але яшчэ наперадзе досыць шмат працы, якую я раблю, як толькі паступаюць грошы — купляю і дарабляю нешта, праз знаёмых даведаюся, хто з чым працуе… Так што чаканні і рэальнасць — так, цалкам супадаюць. Хіба не ў фінансавай частцы, у гэтым пакуль не — але я ведаю, у якім кірунку рухацца, каб гэта выраўняць.
Студыя — гэта мой пошук заробку, бізнес. Я, магчыма, мог бы зарабляць больш, але пакуль не хачу набіраць больш людзей, хочацца атрымаць асалоду ад самога моманту і месца. Студыя — маё месца натхнення і расслаблення. Як у мужчын гараж — так у мяне студыя, дзе я ствараю, раблю, што хачу. Але надалей давядзецца развіваць гэта больш як бізнес, каб вызваліць сабе час на жыццё".
Гродзенскім стартапам за мяжой ёсць на каго раўняцца
Як бачым, гродзенцы за мяжой не проста жывуць, але і трымаюць уласную справу, якая дапамагае зарабляць грошы і мець прыемны сацыяльны асяродак. Сённяшнія бізнесмены з эмігрантаў - далёка не першыя на гэтым шляху. Варта ўзгадаць, што выхадцы з Гродна пабудавалі вельмі паспяховыя бізнесы за мяжой. Сярод гэтых прадпрымальнікаў трое заснавальнікаў стартапа для сна Loona, які набыў Google, каманда Virpil Controls, што ствараюць джойсцікі для авіясімулятараў, кампанія Addepto, сярод кліентаў якой нават Porsche, ці аўтар дадатку для стварэння віртуальных масак, які некалі купіў Facebook.