Межы вакол Беларусі закрытыя ў аднабаковым парадку. Чыгуначныя зносіны з Польшчай спынены, аўтобусы ў Польшчу і Літву адмянілі. Што адбываецца з бізнесам гродзенскіх перавозчыкаў?

Калі вы паспрабуеце замовіць маршрутку «ТАФ», аднаго з самых папулярных перавозчыкаў у літоўскім напрамку, па тэлефоне замест гудкоў пачуеце запіс:

«Трансагентсво Фаварыт спыніла рух міжнародных аўтобусных маршрутаў у сувязі з закрыццём межаў Літвы і Польшчы. У выпадку зняцця абмежаванняў па перамяшчэнню праз мяжу, рэйсы будуць адноўлены ў поўным аб’ёме, сачыце за навінамі на сайце».

Дыспетчар растлумачыў, што вярнуць ужо набытыя квіткі можна ў месцы пакупкі без страт.

«Мы закрылі продаж, бо невядома, калі адчыняць мяжы. На іншыя даты квіткі не пераносім, каб не прыйшлося зноў пераносіць: пакуль толькі вяртанне». Набытыя квіткі, можна вярнуць і пасля даты, на якую была запланаваная паездка.


Чытайце таксама: «Необходима поддержка государства». Коронавирус ударил по гродненским турфирмам


Кампанія «КлассТур», у якой штодня адпраўляецца 12 маршрутак Гродна-Беласток-Гродна, спыніла перавозкі, па словах дыспетчаркі, «пакуль на 10 дзён». Далейшы продаж не блакавалі, бо невядома, калі здымуць забарону на ўезд замежнікаў у Польшчу. Па словах аператаркі, з вяртаннем грошай за ўжо набытыя квіткі на час адмены перавозак праблем няма, людзі ставяцца з разуменнем. На якіх умовах цяпер знаходзяцца вадзіцелі, якія засталіся без працы, яна не ведае. Аператыўны каментар дырэктара узяць не ўдалося.

«Зваротаў больш, чым грошай у касе»

У іншай гродзенскай фірме распавялі пра праблемы больш падрабязна, хоць сітуацыя пакуль вельмі незразумелая. «Мы знаходзімся ў шоку. Спынілі ўвесь рух, грошы на рахунак не паступаюць, і пытанняў больш, чым адказаў».

Грошы за набытыя квіткі тут таксама будуць вяртаць. Праўда, папярэдні продаж ішоў за месяц,
і зваротаў ад людзей цяпер нашмат больш, чым сродкаў у касе.

«Трэба здымаць грошы ў банку. Сродкі ідуць з бягучага продажу — напрыклад, калі гэта продаж на гродзенскім аўтавакзале, там жа аператар вяртае грошы без затрымак і камісій. Мы вырашаем праблему, каб задаволіць усе скаргі і звароты».

Ёсць і шмат іншых пытанняў.

«Усе перавозчыкі маюць страхоўку. Тарыфы рэгулююцца ўказам прэзідэнта. Скарыстацца полісам зараз немагчыма з-за абставінаў, якія не залежаць ад перавозчыка. Ці будуць вяртаць грошы за нявыкарыстаныя дні? Груба кажучы, застрахавана дзесяць аўтамабіляў. Адна страхоўка, да прыкладу, 160 еўра — гэта 1600 еўра! Машыны стаяць, а выдаткі мы панеслі. Тлумачэнняў нам пакуль ніхто не дае: інструкцыі па вяртанні вызначаны ўказам прэзідэнта. Але гэта ж форс-мажор!»

Таксама пакуль незразумела, ці будуць паслабленні для міжнародных перавозчыкаў ад падатковых службаў і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, што будзе з арэнднай платай.

Прапануюць выкарыстаць квіткі пазней, але калі - невядома

Як альтэрнатыву вяртання грошай за адмененыя рэйсы фірма прапануе скарыстацца набытымі білетамі пазней — як толькі спалучэнне адновіцца. Але калі адкрыюцца межы, ніхто не ведае.

«Наколькі ведаю, Літва, Латвія зачынілі межы адразу на месяц. Эстонія — да 1 траўня. Польшча абвясціла аб 10 днях, але з магчымасцю працягу. Мы не можам прадаваць квіткі ў Польшчу на 11-ы дзень пасля закрыцця. Пакуль не будзе указанняў аб тым, што мяжа адкрыта, білеты прадавацца не могуць, мы падвядзем кліентаў. Як мы можам нешта абяцаць, калі ў саміх няма інфармацыі?»

Увечары 16 сакавіка стала вядома, што Еўрасаюз закрые свае межы на 30 дзён. Рашэнне павінна ўступіць у сілу з 18 сакавіка.

www.youtube.com/watch?v=xpugWj0O7zo&feature=youtu.be


Чытайце таксама: «Яндекс» создал карту распространения коронавируса

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life