У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх – былое чыгуначнае дэпо пачатку ХХ стагоддзя, “рэканструкцыю” якога завяршылі ў 2023 годзе і гістарычны будынак насупраць брыгіцкага касцёла.
1. Бізнес-цэнтр у былым паравозным дэпо
Чатырохпавярховы будынак з пятым мансардным паверхам стаіць на Будзёнага, 41. Адпачаткова гэта было першае ў Гродне дэпо па рамонце лакаматываў і паравозаў, пабудаванае ў пачатку ХХ стагоддзя. Пасля Першай сусветнай вайны яго перабудавалі ў трохпавярховы дом з мансардай у неабарочным стылі. Да 2017 года будынак належаў Гродзенскаму чыгуначнаму вузлу,
потым яго купіў гродзенскі бізнесмен. У 2020 годзе пачалі рэканструкцыю былога дэпо, якая яго цалкам змяніла. Яе скончылі ў 2023 годзе.



Зараз будынак прадаюць як гатовы арэндны бізнес. У бізнес-цэнтры ёсць ліфты і “якасны сучасны рамонт”, як сказана ў апісанні. Агульная плошча офісаў у ім – 1000 кв. м. Усе яны здадзены ў арэнду па дагаворах на год. Сярод арандатараў – рэпетытарскі цэнтр, салоны прыгажосці, крама вокнаў, дываноў, студыя дызайну і іншыя. Уладальнік будынка прапануе растэрміноўку і нават дапамогу з крэдытам ад банка. Праўда, канкрэтнай цаны няма – пазначана дагаворная.

Чытайце таксама: Гродна — найлепшы абласны цэнтр па колькасці гандлёвых плошчаў. Іншыя рэгіёны моцна адстаюць
2. Гістарычны будынак у самым цэнтры
У самым цэнтры Гродна на Маладзёжнай, 3, насупраць брыгіцкага касцёла, прадаюць бізнес-цэнтр. Будынак уключае ў сябе два паверхі, мансарду і тэхнічныя памяшканні на цокальным паверсе. Агульная плошча – 364.5 кв. м. Ёсць усе камунікацыі, відэаназіранне, каля будынка ў двары – паркоўка. Усярэдзіне – 10 паасобных памяшканняў, тры санвузла, падвесныя столі, на падлогах – каўралін, на першым паверсе плітка, сцены аздобленыя дэкаратыўнай тынкоўкай. Бізнес-цэнтр прапануюць разам з арандатарамі ў ім. Сярод іх візавае агенцтва, турагенцтва, касметычны салон, студыя навучання манікюру і кампанія кіравання нерухомасцю “Стратэг’02”, якая і рэканструявала будынак. За бізнес-цэнтр просяць 1,3 млн руб. ($ 399 тыс.). Зямельны ўчастак плошчай 0,02 га перадаецца на правах арэнды.
Будынак узведзены ў 1887 годзе ў стылі эклектыкі і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.





3. Гандлёвы цэнтр на Цэнтральным рынку
На Антонава, 29 прадаюць гандлёвы цэнтр “Алмаз” з арандатарамі. ГЦ пабудавалі ў 2013 годзе. Ён складаецца з трох надземных паверхаў, аднаго падземнага і тэхнічнага паверха. Агульная плошча будынка – 1566, 6 кв. м.



Прадавец адзначае, што ў будынку добры рамонт, ёсць кандыцыянеры і грузавы ліфт. З вокнаў з панарамным шкленнем бачны горад. Сярод арандатараў – мэблевыя крамы “Edelwood” і “Kingstyle”, крама матрацаў “Good Night”, крама каваных вырабаў, вокнаў і школа танцаў. Цокальны паверх займае караоке-клуб «Чэмпі».
За ТЦ хочуць 3,8 млн руб. ($ 1 175 тыс.). Зямельны ўчастак у 0,065 га знаходзіцца ў пастаянным карыстанні. Гандлёвы цэнтр прадаюць даўно. Увосень 2022 года за яго хацелі крыху боль – $ 1 340.
4. Бізнес-цэнтр каля “Хімвалакно”
Новы двухпавярховы адміністрацыйна-гандлёвы будынак прадаюць на Славінскага, 1А. Ён суседнічае з пажарнай часткай і заводам “Хімвалакно”. Будынак абсталяваны пад офісы і склады, ёсць унутраны двор. Усе памяшканні ўжо здадзеныя ў арэнду. Арандатары – шкляная майстэрня, фірма таксі і сэкс-шоп. Агульная плошча будынка – 1300 кв. м. Кошт – 1,76 млн руб. ($ 540 тыс.).



Чытайце таксама: У Грандзічах з’явіцца вялікі гандлёвы цэнтр: яго ўладальнік паралельна будуе яшчэ два ў іншых месцах Гродна


