Дзеючы бізнес — міні-гасцініцу на 11 нумароў - прадаюць у самым цэнтры Гродна. Гатэль VS Design Hotel знаходзіцца на Урыцкага, недалёка ад Маладзёжнага цэнтра «Гродна». Ён працуе па прынцыпе бескантактнасці, гэта значыць без традыцыйнага рэсепшэну. Купіць гатэль можна за € 1,1 млн.

Аб’ява аб продажы гатэля з’явілася на Kufar.by 20 лютага. Можна купіць як увесь гатэль, так і долю ў юрыдычнай асобе.

«Выдатнае размяшчэнне, высокі рэйтынг, кліентура, якая склалася, сучасная сістэма кіравання гарантуюць уласніку стабільны даход», — нахвальвае аб’ект прадавец.

Сапраўды, ацэнкі на Яндэкс.Картах высокія. Агулам госці гатэля пакінулі 165 каментароў, у большасці - пяць зорак з пяці.

У гасцініцы 11 нумароў - кожны выкананы ў індывідуальным дызайне. Гасцініца аснашчана аўтаномнай сістэмай ацяплення на прыродным газе. Побач устаноўлены зарадныя станцыі для электрамабіляў. Задзейнічана стопрацэнтная аўтаматызацыя браніравання, аплаты і засялення, таму патрабуецца мінімум персаналу.

Чытайце таксама: Выручка гасцініц у Гродзенскай вобласці за год упала на 80%

Калі ў Гродне з’явіўся бескантактны гатэль

Бескантактны гатэль VS Design Hotel адкрыўся ў Гродне на Урыцкага, 23 у снежні 2021 года. Будынак пабудавалі з нуля на месцы гістарычнага, знесенага ў 2007 годзе. Участкам і гасцініцай валодае ТАА «ГроднаЛізінг». Фірма купіла ўчастак пад забудову ў 2017 годзе, у 2018 пачалося праектаванне, у 2019 — будаўніцтва. Увесну 2021 года ў гатэлі ўжо працавалі над унутраным аздабленнем.