Карыснае

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі. У Беларусі дапамога складае каля 12 долараў, і плацяць яе ўсяго тры месяцы. Абедзве краіны маюць адны з самых нізкіх паказчыкаў беспрацоўя ў Еўропе, але дасягнулі гэтага рознымі шляхамі. Расказваем, як Польшча і Беларусь дапамагаюць сваім грамадзянам знайсці працу, як падтрымліваюць іх, а таксама чым адрозніваюцца і чым падобныя падыходы да барацьбы з беспрацоўем у гэтых дзвюх краінах.

Рэдакцыі MOST і Hrodna.life працягваюць супольны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

Еўразвяз і лішнія працоўныя месцы

Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення статыстыкі Польшчы (GUS), узровень беспрацоўя ў краіне ў сакавіку 2025 года склаў 5,3% — гэта амаль 830 тыс. чалавек. Усе яны зарэгістраваныя ва ўжондах працы — установах, якія дапамагаюць з пошукам працы і плацяць дапаможнік.

Калі паглядзець на звесткі па методыцы Еўрастата, то ўзровень беспрацоўя ў Польшчы яшчэ ніжэйшы — каля 2,9%. Гэта самы лепшы паказчык у ЕС. Сярэдняе значэнне па ўсіх краінах — 6%.

Беспрацоўе стабільна зніжаецца з моманту ўступлення Польшчы ў ЕС у 2004 годзе, калі не працаўладкаванымі былі 20% палякаў. Дзякуючы Еўрасаюзу ў краіну прыйшоў замежны капітал, які стварыў мноства рабочых месцаў. З іншага боку, палякі атрымалі доступ да агульнаеўрапейскага рынку працы.

Паводле звестак GUS, у канцы 2023 года за мяжой працавала больш за 1,5 млн палякаў, з іх 440 тыс. — у Вялікабрытаніі, і прыкладна столькі ж — у Германіі.

Калі беспрацоўных у Беларусі лічыць гэтак жа, як у Польшчы, — гэта значыць толькі тых, хто зарэгістраваны ў органах занятасці, — то на ўсю краіну іх не набярэцца і 3 тыс. чалавек. Гэта менш за 0,1%.

Таму нават у афіцыйных зводках выкарыстоўваюць звесткі, заснаваныя на метадах падліку Міжнароднай арганізацыі працы. Згодна з імі, беспрацоўных у Беларусі ў I квартале гэтага года было 2,8% — гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час назіранняў.

Паводле звестак Сусветнага банка, у 1996 годзе ўзровень беспрацоўя ў Беларусі дасягнуў 24%, пасля чаго пачаў рэзка зніжацца, пакуль у 2010 годзе не стабілізаваўся на адзнацы 6%.

Шмат якія эканамісты кажуць, што такіх прыгожых паказчыкаў удалося дабіцца дзякуючы так званаму «схаванаму беспрацоўю» — калі на дзяржпрадпрыемствах, у тым ліку стратных, штучна захоўваюць лішнія працоўныя месцы. Такія работнікі або атрымліваюць найменшую аплату, або занятыя часткова. Часта яны выконваюць некарысную працу, проста каб лічыцца ў штаце. Падобная форма занятасці — спадчына планавай эканомікі СССР, дзе афіцыйнае беспрацоўе было нулявым.

Канстытуцыя гарантуе навучанне і дапамогу па беспрацоўі

Канстытуцыя Польшчы абавязвае кіраўніцтва краіны змагацца з беспрацоўем. У артыкуле 65 сказана, што ўлады павінны «праводзіць палітыку, накіраваную на поўнае і прадуктыўнае працаўладкаванне». Гэта дасягаецца ў тым ліку дзякуючы прафесійнаму навучанню і кансультаванню. Таксама Канстытуцыя прадугледжвае арганізацыю публічных і інтэрвенцыйных работ.

Канстытуцыйныя абавязацельствы па працаўладкаванні грамадзян ускладзены на раённыя ўпраўленні працы (павятовыя ужонды працы). Менавіта тут беспрацоўных ставяць на ўлік, прызначаюць дапамогу і афармляюць медстрахоўку. Таксама ўстановы праводзяць прафесійнае навучанне, кансультацыі, накіроўваюць на стажыроўкі і дапамагаюць з працаўладкаваннем, у тым ліку прадастаўляюць магчымасць удзелу ў тых самых публічных і інтэрвенцыйных работах.

Пра барацьбу з беспрацоўем сказана і ў беларускай Канстытуцыі. Згодна з 41-м артыкулам, дзяржава абавязана ствараць умовы для поўнай занятасці грамадзян, а ў выпадку страты працы гарантуе ім навучанне новым спецыяльнасцям і дапамогу па беспрацоўі.

Беларускія службы занятасці таксама ставяць беспрацоўных на ўлік, прызначаюць дапаможнікі, арганізуюць навучанне, накіроўваюць на часовыя аплачваемыя работы і аказваюць пасярэдніцкія паслугі: праводзяць кірмашы вакансій, у тым ліку электронныя, арганізуюць сустрэчы беспрацоўных з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, у якіх ёсць вакансіі.

Чытайце таксама: Гасцінец большы за зарплату. Якія вакансіі прапануюць гродзенцам для падпрацоўкі?

Маніторынг рынку працы і барацьба з іжывенствам

Пасля пастаноўкі на ўлік польскія ўжонды працы могуць прадаставіць беспрацоўнаму дарадцу кліента, які дапамагае з пошукам працы: маніторыць рынак працы, вывучае досвед чалавека і інфармуе яго пра магчымасці, а таксама распрацоўвае і рэалізуе індывідуальны план дзеянняў (ІПД).

ІПД рыхтуецца асобна для кожнага беспрацоўнага і пры яго ўдзеле. Распрацоўка доўжыцца не больш за 60 дзён з дня рэгістрацыі ва ўжондзе працы. У план могуць уваходзіць кансультацыі, прафесійнае навучанне, пасярэдніцтва ў пошуку працы. Нядаўна ў заканадаўства аб рынку працы ўнеслі змены, і цяпер ІПД будзе неабходны толькі для людзей маладзейшых за 30 гадоў і тых, хто стаіць на ўліку больш за 120 дзён.

Галоўная паслуга ўжондаў працы — пасярэдніцтва паміж працадаўцамі і беспрацоўнымі. Вакансіі, якія прадастаўляюць кампаніі, зацікаўленыя ў работніках, прапануюць тым, хто шукае працу. Таксама іх размяшчаюць на спецыяльным партале. Акрамя таго, ладзяць біржы і кірмашы вакансій.

У Беларусі сістэма падобная. Але ўмовы для беспрацоўных робяць больш жорсткімі. Так, у кастрычніку 2024 года быў прыняты закон, галоўная мэта якога была заяўлена як «выключэнне дармаедскіх настрояў» сярод насельніцтва.

У адпаведнасці з дакументам цяпер, каб атрымаць дапамогу, трэба стаць на ўлік не пазней чым праз месяц пасля звальнення па паважнай прычыне, а бесперапынны стаж на апошнім працоўным месцы павінен быць не менш за пяць гадоў. Максімальны тэрмін знаходжання на ўліку скарацілі з 18 да 12 месяцаў.

Чытайце таксама: Адзін з раёнаў Гродзенскай вобласці «перамог» беспрацоўе

Паменшыўся і перыяд, на працягу якога выплачваецца дапамога, — з шасці да трох месяцаў. Старыя тэрміны захавалі толькі для тых, каму да выхаду на пенсію засталося менш за пяць гадоў, і для людзей з рэгіёнаў «з напружанай сітуацыяй на рынку працы».

Але ёсць і пазітыўныя змены. Да прыкладу, з’явілася магчымасць бясплатнага навучання і перакваліфікацыі беспрацоўных. Таксама створаны агульнарэспубліканскі банк вакансій.

Дапаможнікі, дапамога пры пераездзе, субсідыя на адкрыццё бізнесу

У Польшчы беспрацоўныя могуць разлічваць на дапамогу, якую звычайна выплачваюць ад паўгода да года. Яе памер залежыць ад розных фактараў, напрыклад ад працоўнага стажу. Стандартная сума пры стажы да 20 гадоў складае 1512 злотых на рукі (1220 рублёў) у першыя 90 дзён пасля рэгістрацыі ва ўжондзе працы і 1188 злотых (958 рублёў) у наступным. Да нядаўняга часу для тых, чый стаж складаў менш за пяць гадоў, ужываўся паніжальны каэфіцыент для разліку дапамогі, але апошнія змены ў заканадаўства ўхілілі гэту няроўнасць. Беспрацоўныя з дзецьмі могуць таксама атрымаць дапамогу на дзіця, якая складае 831 злоты (671 рубель).

Пасля таго як чалавек знойдзе працу, ён яшчэ некаторы час будзе атрымліваць актывізацыйную даплату, якая складае палову ад сумы дапамогі. Таксама ёсць магчымасць атрымаць кампенсацыю за праезд і пражыванне ў іншым населеным пункце.

Акрамя таго, ужонды працы могуць выдаць беспрацоўнаму аднаразовую дапамогу для адкрыцця сваёй справы. Максімальная сума такой субсідыі складае 50 863 злотых (41 047 рублёў). Атрымальнік абавязуецца адкрыць бізнес у тэрміны, указаныя ў дамове, і весці яго як мінімум 12 месяцаў. Калі ўмовы будуць парушаныя, то грошы давядзецца вярнуць.

У Беларусі памер дапамогі па беспрацоўі раней быў прывязаны да базавай велічыні і разлічваўся на аснове розных фактараў, у тым ліку працоўнага стажу. Аднак у снежні 2024 года была зацверджана адзіная стаўка для ўсіх беспрацоўных — 40 рублёў у месяц. Гэта нават менш за адну базавую велічыню.

Чытайце таксама: Якія вакансіі прапануюць у Гродне без вопыту працы да 21 года?

Прадугледжана і дадатковая матэрыяльная дапамога беспрацоўным, якія ўдзельнічаюць у грамадскіх работах або ў навучанні, а таксама дзецям-сіротам, інвалідам, людзям перадпенсійнага ўзросту і гэтак далей. Каб яе атрымаць, даход на члена сям'і не павінен перавышаць 463 рублі. Максімальная сума такой дапамогі — 6 базавых велічынь (252 рублі), а тэрмін выплат — да 6 месяцаў.

Калі беспрацоўны знайшоў вакансію ў іншым населеным пункце, то яму дапамогуць з перасяленнем — аплацяць пераезд і паездкі на сумоўі. Таксама такому работніку належыць аднаразовая дапамога ў памеры 3238 рублёў і дадаткова 925 рублёў, калі ён перасяляецца з вялікага горада ў малы.

Ёсць у Беларусі і субсідыя на адкрыццё ўласнай справы. Праўда, яе памер куды больш сціплы, чым у Польшчы, — 4924 рублі. Каб атрымаць дапамогу, трэба падаць заяву і бізнес-план. Пры пазітыўным рашэнні заключаецца дагавор. Грошы давядзецца вярнуць, калі на працягу года бізнес прастойвае больш за 6 месяцаў.

Часовыя работы і аплата за іх

Пакуль польскі беспрацоўны шукае вакансію мары, яму могуць прапанаваць часовую занятасць — інтэрвенцыйныя і публічныя работы.

Інтэрвенцыйныя работы — гэта калі ужонд працы працаўладкоўвае беспрацоўнага і часткова кампенсуе працадаўцу звязаныя з гэтым выдаткі. Такое працаўладкаванне можа доўжыцца 6, 12 і 18 месяцаў, а для людзей старэйшых за 50 гадоў — да 48 месяцаў.

Публічныя работы маюць той жа прынцып, але фінансуюцца мясцовым самакіраваннем, няўрадавымі арганізацыямі, з дзяржаўнага бюджэту і фондаў. Працаўладкаванне можа доўжыцца ад 6 да 12 месяцаў.

У рамках такога часовага працаўладкавання работнік атрымлівае не менш за мінімальную зарплату па краіне — цяпер яна складае 4666 злотых брута (3766 рублёў).

Наймальнік можа атрымаць кампенсацыю выдаткаў, не толькі звязаных з інтэрвенцыйнымі ці публічнымі работамі, але і за падрыхтоўку працоўнага месца для накіраванага ужондам працы працаўніка. Яшчэ ёсць магчымасць атрымаць нізкапрацэнтны крэдыт на стварэнне новага працоўнага месца для такога працаўніка ці грант на стварэнне дыстанцыйнага месца працы.

Беларускія службы занятасці таксама могуць накіраваць беспрацоўнага на аплатныя часовыя работы. Звычайная стаўка па такіх вакансіях — 34 рублі ў дзень. То бок за месяц можна зарабіць 700−800 рублёў. Часовыя работы могуць фінансавацца з фонду сацыяльнай абароны.

Навучанне і працаўладкаванне па новай спецыяльнасці

Польскі ўжонд працы можа накіраваць беспрацоўнага на стажыроўку да працадаўцы, з якім заключаная адпаведная дамова. Стажыроўка доўжыцца ад 6 да 12 месяцаў, і ўвесь гэты час плаціцца павышаная дапамога па беспрацоўі — 120% ад стандартнай стаўкі.

Беспрацоўнага могуць накіраваць на навучанне, падчас якога таксама будзе выплачвацца павышаная дапамога. Пасля заканчэння такіх курсаў ёсць магчымасць працаўладкавання, калі быў заключаны адпаведны трохбаковы дагавор паміж мясцовымі ўладамі, установай адукацыі і працадаўцам.

Таксама ў беспрацоўных ёсць магчымасць прайсці прафесійную падрыхтоўку ад працадаўцы. Навучанне праходзіць у розных формах — ад 3 да 12 месяцаў. Увесь гэты час выплачваецца павышаная дапамога, кампенсуецца пераезд і пражыванне, калі неабходна. У канцы можа быць экзамен і выдача сертыфіката.

Беларускія службы занятасці таксама праводзяць прафесійнае навучанне беспрацоўных. Пасля курсаў навучэнцам гарантуецца працоўнае месца.

Праводзіцца і навучанне «пад заказ» — для канкрэтнага прадпрыемства. Як і ў Польшчы, для гэтых мэтаў заключаецца трохбаковы дагавор. Акрамя таго, наймальнікі могуць атрымаць частковыя або поўныя кампенсацыі за навучанне супрацоўнікаў, якія прыйшлі да іх праз службу занятасці.

Як ЕС дапамагае Польшчы змагацца з беспрацоўем

Еўрасаюз надае вялікую ўвагу барацьбе з беспрацоўем. Так, яшчэ ў 1997 годзе была прынята Еўрапейская стратэгія занятасці (EES). У яе рамках ствараюцца новыя рабочыя месцы, а Еўракамісія выдае рэкамендацыі краінам-удзельніцам.

Для барацьбы з беспрацоўем сярод людзей да 30 гадоў ужо некалькі гадоў дзейнічае агульнаеўрапейскае абавязацельства «Гарантыя для моладзі» (Youth Guarantee). У яго рамках маладым людзям, якія страцілі працу, на працягу чатырох месяцаў гарантуюцца прапановы добрых вакансій, навучання і стажыровак. Таксама дзейнічае Еўрапейскі корпус салідарнасці, які прапануе моладзі паспрабаваць сябе ў валанцёрскай дзейнасці альбо ў працы на карысць грамадства.

Надаецца ўвага барацьбе з доўгатэрміновым беспрацоўем, калі чалавек не працаўладкаваны больш за 12 месяцаў. За апошнія дзесяць гадоў гэты паказчык у ЕС знізіўся з 5,4% да 2,1%, а ў Польшчы — да 0,6%.

Таксама ў ЕС дзейнічае Еўрапейская праграма навыкаў (European Skills Agenda), якая дапамагае праходзіць розныя прафесійныя навучанні. Акрамя таго, надаецца ўвага мабільнасці работнікаў і стварэнню роўных умоў працы для грамадзян усіх краін ЕС на тэрыторыі ўсяго Еўрасаюза.

Для барацьбы з беспрацоўем у ЕС створаны некалькі фондаў

  • Еўрапейскі сацыяльны фонд плюс (ESF+). Яго бюджэт на 2021−2027 гады складае амаль 143 млрд еўра. Грошы ідуць на прафесійную адукацыю беспрацоўных і іх працаўладкаванне на якасныя пазіцыі, уцягванне ў грамадскае жыццё і барацьбу з беднасцю.
  • Еўрапейскі фонд дапамогі найбольш патрабуючым (FEAD). Дапамагае з прадуктамі харчавання, базавай матэрыяльнай дапамогай і з уцягваннем у грамадскае жыццё.
  • Еўрапейскі фонд адаптацыі да глабалізацыі для звольненых работнікаў (EFG). Яго бюджэт на 2021−2027 гады складае 210 млн еўра. Фонд дапамагае знайсці новую працу тым, чые прадпрыемствы пацярпелі ад крызісу альбо пераносяць вытворчасць у трэція краіны.

Беларуская асаблівасць: барацьба з сацыяльным дармаедствам

У цэлым меры, з дапамогай якіх абедзве краіны змагаюцца з беспрацоўем, падобныя, хоць і моцна адрозніваюцца па выкананні. Аднак у Беларусі ёсць адна асаблівасць, якой нават блізка няма ў Польшчы.

Гаворка пра так званы «Дэкрэт аб дармаедах». Першапачаткова ён быў прыняты ў 2015 годзе і меркаваў, што беспрацоўныя павінны плаціць збор у памеры 20 базавых велічынь (у той час гэта складала прыкладна 200 долараў).

У 2017 годзе супраць гэтага закона пачаліся пратэсты, пасля чаго дзеянне дэкрэта прыпынілі — замест збору «дармаедаў» абавязалі аплачваць некаторыя паслугі ЖКГ па падвышанай кошту.

Улады сфарміравалі так званую базу дармаедаў. Колькасць людзей, якія ў яе ўвайшлі, можна ацаніць у 336 тыс. чалавек — гэта 6,78% ад працаздольных грамадзян.

У гэтым годзе да барацьбы з «дармаедамі» прыцягнулі міліцыю. Супрацоўнікі праводзяць рэйды, падчас якіх шукаюць не працуючых, у тым ліку прыходзяць у дамы такіх людзей, а таксама тэлефануюць ім, нават калі тыя знаходзяцца за мяжой.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025