З пачатку 2024 года 23 гродзенцам выдалі субсідыю на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці. Часцей за ўсё гродзенцы адкрываюць бізнес, звязаны з будаўнічымі альбо аздабляльнымі працамі, цырульніцтвам, салонамі прыгажосці, а таксама рамонтам ці тэхнічным абслугоўваннем аўтамабіляў і гандалем. Паводле спецыялістаў цэнтра занятасці, эфектыўнасць адкрыцця бізнесу ў гэтых кірунках самая высокая, расказвае «Гродна Плюс».

У Гродне выдаюць субсідыі на адкрыццё бізнесу: чым займаюцца новыя прадпрымальнікі
Гродзенскі цэнтр занятасці, дзе выдаюць субсідыі. Фота з архіву Hrodna.life

Субсідыю на такую працу выдае Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. На 2024 год запланавалі прадставіць субсідыі не менш за 70 беспрацоўным. На гэта хочуць вылучыць 311 тыс. рублёў ($ 97 тыс.).

Колькі грошай даюць на адкрыццё бізнесу?

Адна субсідыя — 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (амаль 4600 рублёў). Гэтыя грошы можна выдаткаваць на арганізацыю сваёй дзейнасці. Напрыклад, на закупку абсталявання. Пасля гэтага на працягу трох месяцаў за выдаткаваныя грошы трэба адсправаздачыцца — прадставіць касавыя і таварныя чэкі за набытае абсталяванне. Таксама на працягу году трэба займацца бізнесам і аплачваць падатак.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці падае колькасць прадпрымальнікаў - але ў падатковай не смуткуюць