У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку — бар Grodno. У 1974 годзе іх урачыста адкрылі да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі: установы ў гарадах-пабрацімах павінны былі сімвалізаваць сяброўства народаў. Праз 50 гадоў абодва месцы ўсё яшчэ папулярныя. Hrodna.life сумесна з MOST сабраў гісторыю дзвюх легендарных устаноў і паглядзеў, што з імі зараз.
Рэстаран Grodno ў Беластоку адкрыўся 5 лістапада 1974 года па адрасе Сянкевіча, 28, на месцы вядомай у тыя гады ўстановы Lux. Дызайн новага рэстарана выканаў гродзенскі архітэктар Каміль Асадаў. Ён упрыгожыў сцены вялікімі драўлянымі барэльефамі, якія сімвалізуюць горад над Нёманам.

Тады ж у Гродне адкрыўся «Беласток» на рагу вуліц Савецкай і Віленскай — сёння гэта дом па Савецкай, 20, дзе знаходзіцца бізнес-цэнтр «На Віленскай».

Беластоцкі рэстаран спецыялізаваўся на беларускай кухні, гродзенскі - на польскай. Польскія афіцыянты і кухары асвойвалі навыкі прыгатавання і падачы страў у Гродне, а спецыялісты з Беластока перадавалі прафесійныя навыкі персаналу рэстарана «Беласток» у беларускім горадзе.
Тры гродзенскія «Беластокі»
Першы Grodno ў Беластоку, хоць і мяняўся знешне, але заўсёды заставаўся па адным адрасе, а вось гісторыя «Беластока» ў Гродне была не такой стабільнай. Установа за гэтыя 50 гадоў змяніла тры лакацыі і нават на нейкі час знікала з карты гродзенскага грамадскага харчавання.
Першы, самы знакаміты «Беласток», працаваў на рагу вуліц Савецкай і Віленскай.
Раней тут ужо працавалі рэстаран і гасцініца «Беларусь», узорная сталовая і кафэ. Папулярныя ўстановы тут былі і ў 1930-я — «за польскім часам». Так што месца гродзенцы ведалі добра. Але «Беласток» стаў для Гродна кропкай зусім новага ўзроўню.

Праект рэстарана выконвалі беластоцкія архітэктары, элементы інтэр'ера, мэблю і сервіроўку прывезлі з Польшчы. Польскія акцэнты былі і ў меню: можна было, напрыклад, заказаць класічны польскі tatar — сырую прапушчаную праз мясасечку ялавічыну з цыбуляй і сырым жаўтком.
«Беласток» хутка набыў папулярнасць і нават пачаў успрымацца як элітнае месца. Туды гродзенцы хадзілі не проста паабедаць, а адпачыць. Гэта была першая ўстанова ў горадзе, дзе рэстаранныя музыканты працавалі на прафесійнай аснове. Наведвальнікі маглі паслухаць якасную жывую музыку, нават каверы Beatles, і патанчыць пад іх. Але за гэта трэба было дадаткова заплаціць — па вечарах за ўваход у рэстаран бралі 1 рубель 50 капеек.

Краязнаўца Віктар Саяпін у сваіх кнігах успамінаў, што ў «Беластоку» гралі ягоныя школьныя таварышы Сяргей Падгайчанка і Ігар Шаляпенка. «Капіявалі яны музыкаў легендарнай ліверпульскай чацвёркі проста цудоўна», — пісаў Саяпін. Гродзенцы ўспамінаюць, што ў рэстаране граў і малады Анатоль Торбачкін, бубнач гурта «Сябры».

Другі «Беласток»: тры залы і поўны сацрэалізм
На Савецкай «Беласток» прапрацаваў амаль 11 гадоў. У красавіку 1985 года гарадскія ўлады вырашылі закрыць будынак на капітальны рамонт — у выніку ён працягнуўся 30 гадоў. Якраз тады адкрываўся новы гатэль «Гродна» па вул. Паповіча. Тады рэстаран «Гродна», які раней працаваў на скрыжаванні Гараднічанскай і Тэльмана, пераехаў на Паповіча. А месца, якое вызвалілася, перадалі часова «бяздомнаму» рэстарану «Беласток».
Новы «Беласток» быў прасторнейшым за ранейшы — тры залы замест дзвюх у старой лакацыі, агульная плошча — 450 кв. метраў, установа была разлічана амаль на 200 чалавек. Інтэр'ер таксама быў нядрэнным: са скурай, дрэвам, чаканкай і габеленам у банкетнай зале. Недалёка ад рэстарана працаваў яго філіял — кактэйль-бар «Агеньчык» па вул. Тэлеграфнай, 12, які пазней стаў барам «На Тэлеграфнай».
У новым «Беластоку», як успамінаюць старэйшыя гродзенцы, таксама была добрая жывая музыка. Там выступаў, напрыклад, яшчэ зусім малады Валеры Скаражонак, які пазней стаў салістам «Песняроў». З кухняй таксама быў поўны парадак. Гродзенец Вадзім у размове з «Вечерним Гродно» расказваў, што сакрэт добрага сэрвісу і якаснай кухні мог быць у блізкім суседстве з начальствам — у тым жа будынку знаходзіўся трэст сталовых і рэстаранаў.

Гэты «Беласток» прапрацаваў да пачатку 2000-х і таксама стаў ахвярай капітальнага рамонту: з 2004 года пачалі адзін за адным мяняцца ўладальнікі будынка, і ніхто не змог давесці рэканструкцыю да канца.
Колькі каштаваў абед у «Беластоку» пачатку 2000-х
Уяўленні пра ўстанову незадоўга да закрыцця можна атрымаць з польскага турыстычнага інфарматара «Grodno. Miasto nad Niemnem», які выдалі ў лютым 2005 года. У яго аўтараў, Адама Ліса і Кшыштафа Мацькоўскага, якія наведалі рэстаран, склалася ўражанне «поўнага сацрэалізму». Ім запомнілася вялізная зала, сцены, упрыгожаныя мазаікай з керамаграніту, і тры вялікія шкляныя люстры.
Дзякуючы польскім аўтарам мы ведаем, што ў пачатку 2000-х у «Беластоку» комплексны абед з супу, мясной стравы, кавалачка хлеба, салаты і гарбаты каштаваў 2750 рублёў, ці каля 1,25 долара па курсе на канец 2004 года. Рэстаран працаваў з 12.30 да поўначы. Пры гэтым з 20.00 да 00.00 «катлету можна было перажоўваць пад музыку танцавальнага ансамбля».
Трэці «Беласток»: вяртанне праз 34 гады
Да 2015 года нарэшце скончыўся рамонт будынка, дзе некалі працаваў самы першы «Беласток». А ў 2016 годзе ў Гродне пачаў дзейнічаць бязвіз для турыстаў з ЕС — і новыя ўстановы сталі актыўна адкрывацца. Праўда, памяшканні таго самага «Беластока» хутка заняла кавярня-кандытарская ад «Камунаркі». Таму «Беласток» адрадзіўся па тым жа адрасе, але ў падвале. Стары прымежны брэнд вырашылі адрадзіць уладальнікі рэстарана «Княжацкі двор», які працуе ў Мірскім замку. Але на гэты раз «Беласток» стаў рэстаранам не польскай, а беларускай кухні.

Адкрывалі трэці «Беласток» урачыста тагачасны старшыня Гродзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой і прэзыдэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі. Апошні тады выказаў надзею, што адраджэнне гродзенскага «Беластока» яшчэ больш злучыць два гарады.
«Тое, што адкрываецца гэты рэстаран, — сведчанне таго, што адносіны паміж гарадамі сёння вельмі добрыя. Адкрыццём такога месца мы абнавілі старую дамову аб гарадах-пабрацімах. Важна, што сёння жыхары Гродна і Беластока часта адно да аднаго ездзяць. І думаю, госці з Польшчы будуць з вялікім задавальненнем прыходзіць у гэты новы гродзенскі рэстаран і каштаваць беларускую кухню. Спадзяюся, што ў гэтым месцы не забудуцца і пра падляскую кухню», — сказаў тады Трускаляскі.

Чытайце таксама: Прэзідэнт Беластока патрабуе закрыць мяжу і спыніць гандаль з Беларусьсю
Беларускія песні і гумар у польскім Grodno
У дзень адкрыцця рэстарана Grodno, 5 лістапада 1974 года, першымі наведвальнікамі былі высокапастаўленыя госці як з Гродна, так і з Беластока. Для іх правялі экскурсію і арганізавалі выступленне ансамбля мясцовага Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Кіраўніцтва ўстановы паабяцала, што «падобныя выступы, беларускія песні і гумар, якія папулярызуюць, будуць праходзіць у Grodno штотыдзень».
Беластоцкаму рэстарану калегі з Гродна падарылі вялікі ключ, памятны альбом і кнігу рэцэптаў беларускіх страў — яны да гэтага часу захоўваюцца ва ўстанове.

Пасля мастацкай часткі пачалася дэгустацыя. На закуску падалі салату «Любительскую». Назва была незразумелай для публікі, якая не валодае рускай мовай. Мясцовая прэса выказала здагадку нават, што, «мяркуючы па назве, у складзе можа прысутнічаць любіста» — травяністая расліна, якую дадаюць як прыправу ў салаты і соусы.
«Пасля салаты падалі верашчаку, вядомую яшчэ ў старапольскай кухні, а ў гродзенскай версіі гэта быў суп на хлебнай заквасцы з гароднінай і салам. У якасці асноўнай стравы прапаноўваліся на выбар тушаная свініна па-барысаўску або шніцаль „Нептун“. Да мяса падавалі бульбяныя пампушкі. На дэсерт была кулага — грачаная каша з чарніцамі, запраўленая мёдам», — пісала беластоцкая газета.


Тады прэса паведамляла, што ўзровень новай установы гасцям спадабаўся.
Стрыптыз і сарамлівая танцорка
У далейшым рэстаран Grodno яшчэ не раз трапляў на першыя палосы мясцовых газет. У 1977 годзе прэса пісала, што вядомая польская спявачка Марыля Радовіч прыехала ў Беласток, але яе не пусцілі ва ўстанову з-за непрыстойнага выгляду.
А праз 11 гадоў, 1 студзеня 1986 года, рэстаран зноў трапіў у цэнтр увагі. Тыя, хто памятаў,
што 12 гадоў таму яго адкрывалі да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, не маглі паверыць сваім вачам: у Grodno паказвалі стрыптыз. Варшаўская танцоўшчыца Алівія выклікала сапраўдны ажыятаж.
Пасля ўдалага вечара кіраўніцтва Grodno вырашыла запрасіць ужо мясцовую артыстку. Аднак узнікла праблема: перад кожным выступам дзяўчына сцвярджала, што вельмі саромеецца. Кіраўніцтва выказала надзею, што, калі яна пераадолее гэтае пачуццё, зможа прадэманстраваць увесь свой талент, хоць да Алівіі ёй было яшчэ далёка.
Зрэшты, у рэстаране Grodno часта праходзілі і іншыя, менш спрэчныя, мерапрыемствы. У рэстаране праводзілі ў ліку іншага фестывалі беларускай кухні, на сустрэчы тут збіраліся прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці.

У Grodno працуе 10 беларусаў
Праз 50 гадоў рэстаран Grodno ў Беластоку ператварыўся ў піўны паб і кафэ з даступнымі абедамі. У культавай установы два ўладальнікі — Войцэх Дунікоўскі і Вітольд Гансоўскі, якія набылі аб’ект у 2011 годзе.
— Калі мы прыйшлі ў 2011 годзе, мы адразу ж захацелі вярнуць гістарычную назву рэстарану. Быў перыяд, калі ўстанова працавала пад іншай назвай. Для нас вяртанне гісторыі было першачарговай задачай, і мы гэта зрабілі. Я памятаю, як гэты рэстаран адчыняўся ў Беластоку, як мы туды хадзілі ў маладосці. Тады гэта была эксклюзіўная ўстанова ў горадзе, у меню былі беларускія стравы. Мы хацелі вярнуць гэтую традыцыю. Памятаю, што яшчэ тады ў Беластоку разам з рэстаранам Grodno адкрылі рэстаран Kaunas з літоўскай кухняй, — успамінае Гансоўскі.

У 2024 годзе ў кампаньёнаў у Беластоку ўжо тры ўстановы Grodno. Яны не выключаюць, што ў будучыні з’явяцца новыя кропкі пад легендарным брэндам: горад расце.
— Grodno заўсёды быў папулярным месцам у Беластоку. У горадзе заўжды можна было сустрэць беларусаў. Яшчэ 10 гадоў таму сюды ездзілі па закупы, зараз многія прыязджаюць жыць. У нашых установах працуе 10 беларусаў, некаторыя з іх — з Гродзеншчыны. І гэта сімвалічна. Мы адзначаем іх прафесіяналізм і вітаем іх стравы. Напрыклад, сёння ў нас у меню ёсць бульбяныя аладкі з мясам па-гродзенску, галубцы «Беларускія», катлета па-гродзенску і іншыя стравы. І гэта ўсё дзякуючы кухарам з Беларусі.
Беларускія квізы і новыя планы
Сёння ў Grodno праходзяць многія мерапрыемствы, у тым ліку беларускія. Эмігранты праводзяць тут квізы «VSпомніць VSё» і «Ньютон».
Кампаньёны вельмі хацелі б пабываць у рэстаране «Беласток» у Гродне, але праз складаную сітуацыю паміж Беларуссю і Польшчай адкладаюць гэтую паездку да лепшых часоў.
— У будучыні мы разлічваем на супрацоўніцтва двух гарадоў, у тым ліку і нашых рэстаранаў. Дзякуючы архівам, якія захаваліся, мы шмат ведаем пра «Беласток» у Гродне, але вось ніколі там не былі. Хоць жывем у 70 кіламетрах, — кажа Вітольд Гансоўскі.

Сапраўды, сёння ў Гродне амаль няма польскіх турыстаў. У рэстаране «Беласток» — недарагое і добрае абедзеннае меню. Абедаюць у асноўным мясцовыя жыхары, а калі заходзяць турысты — то ў асноўным з Расіі.
Чытайце таксама: Бізнесмен з Гродна адкрыў бар у Беластоку. У зале ўсталявалі жаночыя ногі для сэксуальнасці