«Так у чым прыкол?» — спытаў пляменнік, калі Аляксандр Фядута распавёў яму пра колішні чорна-белы «Гарызонт» з двума каналамі. «Яны не засталі чорна-белага тэлебачання і насамрэч не разумелі, што інакшага проста не было. І трэба было тлумачыць». На прыкладах з уласнага жыцця і з літаратуры ХІХ і ХХ стагоддзяў Аляксандр Фядута даводзіў на сустрэчы са студэнтамі УЗВ каштоўнасць успамінаў самых простых людзей.

«Нават успаміны селяніна не менш цікавыя за ўспаміны маршала. Проста яны пра другое… Лепшае, што мы можам зрабіць, гэта запісаць уласныя ўспаміны».

черно0белый телевізор

Сустрэча пісьменніка, для каторага Гродна назаўжды застанецца «Маім маленькім Парыжам» са студэнтамі Універсітэта Залатога Веку прайшла 9 лютага.

ФядутаАляксандр (2)
фота Вольгі Корсун

Першае каханне — белы снег на белых ружах

«Паспрабуйце ўзгадаць нешта адно, як практыкаванне. Вы зразумееце, як многа захавалася ў вашай памяці. Калі вы потым перачытаеце, што напісалі, убачыце — ёсць сэнс працягваць, каб пакінуць гэта тым, хто пазней будзе чытаць ваш рукапіс — вашым праўнукам. Гэта насамрэч неверагодна цікава».

Напрыклад, Аляксандр Фядута параіў узгадаць сваё першае каханне. «Вось я памятаю момант найбольшага няшчасця ў Гродне. Я ішоў рабіць прапанову дзяўчыне, каторая сустрэла мяне словамі: „Добра, што ты прыйшоў, якраз хацела запрасіць цябе на вяселле“. А я ішоў да яе, была зіма, у мяне ў руках быў букет белых ружаў. І на гэтыя белы ружы падалі агромістыя мягкія шматкі белага снегу. І цалафан быў не празрысты. А з такімі белымі зорачкамі. І такое было адчуванне шчасця, каторае скончылася проста поўным крахам… Пастарайцеся напісаць пра такое».

белая роза

«Я помню чудное мгновенье»

У літаратуры ХІХ стагоддзя матыў уласных успамінаў быў адзным з найгалоўнейшых сюжэтаў. Пачынаючы з пушкінскага «чудного мгновенья» паўтараецца наўкозь тая самая калізія. Герой праз пэўны час сустракаецца з жанчынай, што некалі спаткаў на жыццёвым шляху, бачыць яе, чуе голас, у памяці аднаўляюцца ўспаміны пра былое і ён маладзее.

«У ХІХ стагоддзі перадаць памяць можна было вельмі абмежаванай колькасцю спосабаў. Можна было захаваць партрэт каханага чалавека — у музеях і ў кніжках мы бачым гэтыя мініяцюры, можна было зрабіць запіс у дзённіку, у лістах, у мемуарах, вершах і такім чынам зафіксаваць сам факт гэтай сустрэчы, факт таго, што быў шчаслівы хаця б хвіліну, хаця б імгненне».

мініяцюра з жаночым партрэтам
Мініцюра з жаночым партрэтам. Расія. канец ХVIIстагоддзя. Фота са старонкі oldchest.ru/museum/portretnaya-miniatyura/

Пазней з’явіўся яшчэ грамафонны запіс, але галоўным сродкам перадачы памяці ўсё роўна заставалася слова. Аб сустрэчах, перажываннях, пачуццях — расказвалі. Больш эфектыўнага спосабу захавання памяці папросту няма.

Пад час успамінаў, мяркуе Аляксандр Фядута, уключаюцца пэўныя псіхалагічныя механізмы, пра каторыя мы ў паўсядзенным побыце не думаем. Наша памяць працуе выбіральна. Яна фарміруе наша мінулае. Мы мімаволі стараемся ўзгадваць толькі добрае, бо каб узгадаць кепскае, трэба нанова перажыць боль.

У Гродна — за памяццю былога

Увогуле ў Гродна, дзе вырас і правёў дзяцінства і маладосць, Аляксандр Фядута прыязджае найперш за памяццю. «Радзіма — гэта заўжды памяць, яна абуджае нейкія ўспаміны і дапамагае лепш зразумець самога сябе».

Кніга пра Гродна, «Мой маленькі Парыж», узгадвае Аляксандр Фядута, пісалася, калі было вельмі кепска, у адзіночнай камеры турмы. Там ён паспрабаваў успомніць добрае, што было ў мінулым, бо кепскага на той час хапала ў яго рэчаіснасці.

«Я спрабаваў узгадаць самыя розныя рэчы. Смак таго, што я еў у дзяцінстве. У мяне была цудоўная цётачка, каторая выдатна марынавала грыбы. Там, дзе кормяць вельмі кепска я ўзгадваў яе масляты… Цётачка жыла ў Друскеніках, то я прыпамінаў знакаміты друскенікскі кефір, што выліваўся „з горачкай“, і горачка заставалася яшчэ некаторы час над кубкам ці шклянкаю. Вось я спрабаваў успамінаць пра гэта».

Веру — не веру, ці Леў Талсты — страшны чалавек

Даставернасць успамінам прыдаюць дробязі, дэталі, якія немагчыма выдумаць — даводзіць Аляксандр Фядута. «Леў Талсты — страшны чалавек. Ён зафіксаваў ўсё, што магло яму прыгадзіцца для літаратурнай творчасці - агромністыя дзённікі, неверагодная перапіска, плюс да таго насамрэч цэпкая памяць». Першы яго апісаны ўспамін тычыцца купання ў ванначцы, дзе са словаў пісьменніка яму не было яшчэ года.

купанне

«Ніводны псіхолаг не пагодзіцца з тым, што дзіця памятае любы свой стан да года. Талсты хлусіць? Не. Проста ён больш познія адчуванні цёплай вады, ласкавых рук маці пераносіць на больш ранні перыяд, бо ведае — так было і раней. Яму дакладна таксама было добра. Яго успаміны не падман. Проста мы помнім так, як нам хочацца помніць».

Дэталь з вадой, на думку Фядуты, вельмі дакладная. Калі мы чытаем мемуары, то ў першую чаргу звяртаем увагу на падобныя дробязі. Асабліва, калі яны ёсць у нашым уласным досведзе. Біяграфіі - не нашы, мы іх не можам праверыць. А вось дэталям — верым.

Гісторыя змяняецца не толькі на вачах

«Першую курсавую я пісаў ад рукі, — узгадвае Аляксандр Фядута, — і ў мяне здарыўся пісчы спазм. Перапісаць працу чатыры разы было цяжка. Мама купіла мне машынку «Любава».

друкарка Любава
Друкарка «Любава». Фота са старонкі youtube.com/watch?v=KttBjAG8arI

Трэці і чацверты курс я друкаваў на ёй, а дыпломную работу пісаў на друкарцы колішняга камітэту камсамола нашага ўніверсітэта, электрычнай «Ятрані». Калі на секунду даўжэй затрымлівалі палец на знаку, то яна выдавала цэлы шэраг аднолькавых літар… Па ўсмешках бачу, што гэта знаёмы многім успамін, — заўважае тут Аляксандр. — А першая кандыдацкая напісана ў праграме «Лексікон». Гэта былі страшныя такія вялікія гнуткія дыскі, бо ў камп’ютара не было памяці, і запіс ішоў на іх. А канчатковы варыянт пісаў ужо ў вордзе. Зараз я думаю, што паспеў ужо забыць, што азначае «пенціум» у дачыненні да камп’ютара".

Праз гэтыя ўспаміны Аляксандр Фядута даводзіць, што гісторыя імкліва мяняецца не толькі на вачах, але і пад пальцамі. І яшчэ паказвае, як многа насамрэч мы помнім.

Калі б я не быў гродзенцам…

Пісьменнік раіць усім запісаць тое, што кожны памятае. «Не абавязкова гэта будзе праўда. Той чалавек, што быў ва ўзгаданы час побач, скарэй за ўсё скажа, што было не так». Да прыкладу ён прыводзіць успаміны трох гарадзенцаў, што распавядаюць у сваіх кнігах адзін пра аднаго — Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому, Аляксея Карпюка «Пакушэнне на міражы» і Барыса Клейна «Недасказанае».

karpuk i bykov w
Аляксей карпюк і Васіль Быкаў. Фота са старонкі chayka.org/node/5438

«Калі вы іх прачытаеце, то ў вас будзе адчуванне, што гэтыя людзі жылі ў розныя часы ў розных гарадах і размаўлялі з рознымі людзімі пра розныя рэчы, хаця яны пішуць адзін пра аднаго.

Калі б я не быў гродзенцам, якая б мне да таго была справа? Але веданне горада, людзей, дэталяў - кранае і выклікае нязменную цікавасць. Бо кожнай фразай аўтары «характэрызуюць сябе і час».

Гісторыя народа — гэта гісторыя кожнага з нас

«Мне даводзілася трымаць у руках рукапісы канца ХVIII стагоддзя на рускай, польскай, французскай мовах, рукапісы па-беларуску ўжо ХХ стагоддзя. Паверце, успаміны селяніна могуць быць не менш цікавымі за ўспаміны маршала. Проста яны пра другое. Пра тое, чаго маршал не ведае і ніколі не адчуваў. Таму лепшае, што мы можам зрабіць — гэта запісаць уласныя ўспаміны».

ФядутаАляксандр (3)
фота Вольгі Корсун

«Пастарайцеся гэта зрабіць, яно таго варта. Гэта практыкаванне на нашу памяць, на нашы пачуцці. Бо калі мы гэта забудзем, яны сыдуць разам з намі. А гісторыя народа — гэта гісторыя кожнага з нас. Яна складаецца з маленькіх дэталяў».


Праект «Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу» рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр «Трэці сектар» і прафінансаваны Фондам «Памяць, адказнасць і будучыня» (EVZ) у межах праграмы «Месца сустрэчы: дыялог». Арганізатар праграмы ў Беларусі - міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемапаразуменне».

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.