Люди и дела

«З асаблівай жорсткасцю». Чаму беларусак б’юць і забіваюць — мужы, сужыхары, сваякі і сябры

Амаль кожная пятая жанчына ў Беларусі сутыкалася з фізічным гвалтам. Іх цягаюць за валасы, штурхаюць, б’юць і нават забіваюць. Звычайна агрэсію ў адносінах да жанчын праяўляюць мужчыны з самага блізкага кола. Чаму? Таму што могуць. Закона Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту няма, а дэманстраваны ўзровень жорсткасці з боку дзяржавы расце.

В Telegram-канале «Тётя Ира разрешила» абмеркавалі праблему з гендэрнай даследчыцай, псіхалагіняй і актывісткай з Цэнтра падтрымкі жанчын.

У 2019 годзе МУС паведамляла аб 2541 злачынствах, учыненых у дачыненні да членаў сям'і. З іх 91% здзейснілі мужчыны і 8,5% - жанчыны. У 2020 паведамлялі пра 2200 злачынстваў. Поўных дадзеных за 2021 год у сеціве няма. Па 2022-му апублікавалі толькі параўнальныя дадзеныя. Там пазначана, што колькасць злачынстваў, звязаных з гвалтам у сям'і, вырасла на 4%.

Забойства жанчын — пастаянная тэма ў навінах

У аграгарадку Карма Гомельскай вобласці ў кастрычніку 2022 мужчына забіў сваю 38-гадовую жонку і яе 73-гадовую цётку. На целах загінулых жанчын эксперты выявілі множныя колата-рэзаныя раны, удары, абдзерыны. Годам раней гэтага мужчыну ўжо прыцягвалі да адказнасці за пагрозы жонцы.

«Ён нанёс жонцы не менш за пяць удараў нажом па розных частках цела, у тым ліку ў вобласць грудной клеткі. Жанчына памерла на месцы. Трагедыя адбылася на вачах малалетніх дачок», — пішуць у навінах пра забойства жанчыны ў Крычаве, якое адбылося ў жніўні 2022 года.

Такія навіны ў Беларусі - не навіна. Адна з прычын жорсткага гвалту ў адносінах да жанчын — гендэрныя стэрэатыпы. Мужчыны лічаць, што гэта іх права — кантраляваць. Калі ім аказваюць супраціў ці не падпарадкоўваюцца, то галоўным аргументам становіцца сіла. І - фізічны гвалт.

Па даследаванні, якое ў 2022 годзе правяла Вікторыя Лаўранюк, больш за 50% жанчын турбуе магчымасць фізічнага або сэксуальнага гвалту. Сярод жанчын, якія жывуць у Беларусі, за апошні год 18% падвергліся фізічнаму гвалту.

А што мне за гэта будзе?

«У грамадстве ёсць „запыт“ на гвалт, — кажа псіхолаг Кацярына Н*. — Дзяржаўныя інстытуты і ўлада гэты запыт падтрымліваюць. Больш за тое — самі яго рэалізоўваюць. А далей сістэма капіюе сябе: калі тым, хто ва ўладзе, можна дапускаць гвалт, атрымліваецца, што і „простаму чалавеку“ можна гвалтам дэманстраваць сваю перавагу. У Беларусі няма закону аб абароне ад хатняга гвалту. Захоўваецца падтэкст, што фізічны гвалт у сям'і - гэта нармальна, што б’е — значыць любіць. У прынцыпе: „А што мне за гэта будзе?“. І здаецца, што не будзе нічога. У такіх умовах, калі чалавек не навучаны задумвацца аб наступствах сваіх дзеянняў, ён паступае, як быццам усё дазволена».

Гендэрная даследчыца Вікторыя Лаўранюк таксама звязвае становішча спраў з нармалізацыяй гвалту ў грамадстве.

«Калі людзі бачаць, што гвалт з боку сілавых структур, міліцыі і іншых людзей ва ўладзе дазволены, і нават самыя крайнія яго формы не караюцца, яны прыносяць гэты гвалт „дадому“. Калі ў краіне не існуе ніякай рэальнай сістэмы абароны пацярпелых, агрэсары ведаюць — за гвалтам не будзе ніякага пакарання: ні сацыяльнага, ні юрыдычнага».

Слабых б’юць часцей

П’яны сын прыйшоў у дом да бацькоў і зладзіў скандал праз тое, што глядзець па тэлевізары. Ён пачаў біць бацьку, а потым і маці. Бацька ад страху ўцёк і схаваўся ў хляве. Маці не магла хадзіць праз хваробу — сын збіваў яе да смерці. Раніцай яна памерла. На целе 76-гадовай жанчыны выявілі сляды 81 траўматычнага ўздзеяння. Пра гэты выпадак у Віцебскай вобласці паведаміў Следчы камітэт у сакавіку 2023 года.

Вікторыя Лаўранюк адзначае ў сваёй працы, што часцей за ўсё фізічнаму гвалту падвяргаліся жанчыны ва ўзросце 45−54 гадоў. А калі ў жанчыны ёсць захворванні, якія абмяжоўваюць фізічныя магчымасці, то імавернасць фізічнага гвалту ў дачыненні да яе ўзрастае да 67% і адзначаецца большай жорсткасцю.

«У Беларусі жанчыны з узростам страчваюць свой сацыяльны капітал, — кажа псіхадог Кацярына Н. — Паглядзіце, якіх жанчын афіцыйная прэса прапануе нам у якасці ролевых мадэляў? У першую чаргу жанчына — гэта маці. Лепш — калі шматдзетная. Значнасць жанчын вызначаюць магчымасцю нараджаць дзяцей. Таму з гадамі „каштоўнасць“ жанчын падае, і яны з большай імавернасцю могуць падвяргацца гвалту».

Тое, што пацярпелыя часта вельмі доўга знаходзяцца ў траўмавальнай сітуацыі, пакуль не звернуцца па дапамогу, Стася, актывістка з Віцебска, тлумачыць проста: «Мяняць нешта бывае яшчэ страшней, чым змірыцца. Складана вырашыцца на гэты крок, прасцей прыдумаць прычыны, чаму гэта не гвалт. Растлумачыць сабе, што гэта выпадковасць, што ён выправіцца і ўсё наладзіцца». Стася — валанцёрка аднаго з цэнтраў падтрымкі для жанчын. Паводле яе слоў, 60% тых, хто звярнуўся па дапамогу пры апытанні, адзначалі, што пацярпелі ад фізічнага гвалту або былі яго сведкамі.

Страшна страціць кантроль

Муж нанёс жонцы не менш за 26 удараў нажом, сякерай і іншымі прадметамі па розных частках цела. Ад атрыманых пашкоджанняў жанчына памерла на месцы. Пра расследаванне гэтай справы паведаміў у сакавіку 2023 года Віцебскі абласны суд. Прычына сваркі, якая прывяла да смерці жанчыны, простая. Яна сказала мужу, што хоча з ім развесціся.

«Сітуацыя, калі жанчына пачынае верыць, што яна вартая жыць камфортнае жыццё і самастойна выбіраць мэты, разбурае сістэму дыскрымінацыі. Каб вярнуць жанчын у падпарадкаванае становішча, выкарыстоўваецца гвалт. Ён замахваецца на самыя базавыя правы: права на жыццё і права на бяспеку, — тлумачыць Вікторыя Лаўранюк. — Гвалт — гэта спосаб кантролю».

«Палітыкі і дзяржаўныя медыя пастаянна „заганяюць“ жанчын у традыцыйную ролю, дзе яна павінна трываць, падпарадкоўвацца і адмовіцца ад уласнага голасу, — кажа Кацярына Н. — Ролевыя мадэлі жанчыны-кіраўніцы, паспяховай прадпрымальніцы, вучонай у афіцыйнай рыторыцы практычна адсутнічаюць. Запыт на тое, каб жанчына выйшла з традыцыйнай ролі, пакуль не так шмат. Як з боку мужчын, якія баяцца фемінізму, так і з боку жанчын, якія не заўсёды могуць салідарызавацца і падтрымліваць жаночую павестку».

Ці можна спыніць гвалт супраць жанчын?

Сусветная практыка барацьбы з гендэрна абумоўленым гвалтам паказвае, што падыходзіць да рашэння трэба з двух бакоў. З аднаго — арганізоўваць дапамогу для пацярпелых жанчын, з другога — ствараць праграмы працы з асобамі, якія здзяйсняюць акты гвалту ў адносінах да жанчын.

Прадухіленню хатняга гвалту спрыяюць таксама прававыя і адукацыйныя меры. Але закон Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі так і не прыняты, а грамадскія арганізацыі, якія займаліся гендэрнай асветай і аказвалі дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту жанчынам, ліквідаваныя.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024