Рэпрэсіі, вайна, пагаршэнне фінансавага становішча — усё гэта змушае беларусаў і беларусак эміграваць у іншыя краіны. Часцей за ўсё для новага дома выбіраюць Польшчу, Літву, Латвію, Грузію. Да пачатку вайны ў топе была і Украіна. Hrodna.life паспрабаваў зразумець, як будуць выглядаць тыповыя беларус і беларуска, калі сабраць іх партрэт паводле загалоўкаў СМІ. Вось якія беларусы ў Польшчы ў нас атрымаліся.
У Польшчы беларусы застаюцца другі па колькасці групай замежнікаў. Паводле звестак польскага ўпраўлення па справах замежнікаў, восенню 2022 легальна ў Польшчы жыло 59 327 беларусаў.
Адкрывае бізнес
Беларус у Польшчы адкрывае розны бізнэс: ад СТА да б’юці-каворкінга. Часта ў сферу інтарэсаў беларуса ўваходзіць галіна транспарту і лагістыкі. За некалькі гадоў у Польшчы беларус перавёз IT-бізнес, адкрыў канцэптуальныя бары. Не заўсёды беларус пачынае сваю справу з нуля, часам ён купляе гатовы бізнэс, напрыклад, піцэрыю. Адкрыць у Польшчы беларус можа не толькі бізнэс, але і царкву.
Сустракаецца з праблемамі, але адстойвае свае правы
Часам беларус сутыкаецца з дыскрымінацыяй. Напрыклад, спартсменку не дапусцілі да спаборніцтваў праз беларускі пашпарт, а невядомыя забралі дакумент у беларуса і запатрабавалі грошы за яго вяртанне.
Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі цікавасць беларуса да працы ў Польшчы вырасла на 70%. Але са знаходжаннем у краіне ў яго здараюцца праблемы — беларусу адмаўлялі ў выдачы візы ў Польшчы ці не пускалі у краіну праз нямэтавае выкарыстанне візы.
Беларус хоча і ў Польшчы навучаць дзяцей на роднай мове, таму падае заяву на адкрыццё беларускамоўных класаў у школах.
Ідзе пад суд і сустракаецца з прэзідэнтам
Беларуса ў Польшчы абвінавацілі ў антыўкраінскіх правакацыях, судзілі за тое, што ён задушыў украінца пры самаабароне або незаконна перасёк мяжу, уцякаючы ад магчымых рэпрэсій. Беларуса затрымалі паводле падазрэння ў арганізацыі незаконнай міграцыі. А яшчэ беларус выпаў з вакна шматпавярховіка.
Беларус прымае ўдзел і ў грамадскім жыцці Польшчы. З ім нават сустракаецца прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. У Польшчы беларускі праходзяць ваенную падрыхтоўку, рыхтуюцца супрацьстаяць беларускаму рэжыму і запісваюцца ў харугвы.
Дапамагае іншым
Ёсць беларусы, якія імкнуцца дапамагаць іншым людзям, якія з’ехалі. Напрыклад, у Варшаве беларус адткрыў агенцтва нерухомасці, каб палегчыць пошук жылля. Беларуска зняла дом і прымае ў ім украінскіх і беларускіх уцекачоў, дапамагае ў чатах і падтрымлівае тых, хто з’ехаў. З самага пачатку вайны ва Украіне беларус-валанцёр дамагаў украінскім уцекачам.
Для параўнання: пачытайце нашы матэрыялы 2016 года, дзе мы спрабавалі зразумець тыповага гродзенца і тыповую гродзенку — героеў навінавых загалоўкаў.
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.