Беларускія навукоўцы даследуюць Антарктыду больш за 60 гадоў. За гэты час яны зафіксавалі самую нізкую тэмпературу, самы моцны вецер, а таксама праводзілі аперацыю, не маючы медычнай адукацыі. Да Дня Антарктыды Hrodna.life узгадаў беларускіх палярнікаў і чым яны займаюцца ў Антарктыдзе.

Беларусы ў Антарктыдзе: што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце
Антарктыда. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pexels.com

Дзень Антарктыды штогод адзначаюць 1 снежня. У гэты дзень у 1959 годзе ў Вашынгтоне падпісалі Дамову аб Антарктыдзе. Паводле гэтага дакумента тэрыторыя кантынента павінна быць дэмілітарызаваная, а выкарыстоўваць яе можна толькі ў мірных мэтах. Таксама ў гэты дзень у 1864 годзе нарадзіўся нарвежскі палярны даследчык Карстэн Борхгрэвінг — першы чалавек, які ступіў на бераг Антарктыды.

У Антарктыдзе ёсць бары, кафетэрыі і банкаматы

Пастаяннага насельніцтва ў Антарктыдзе няма. У розныя перыяды года на кантыненце жывуць ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч чалавек. Самая густанаселеная станцыя — амерыканскі даследчыцкі цэнтр Мак-Мердо. На гэтай станцыі працуюць сталовая, кафетэрыі, бары. Ёсць там і два банкаматы. Але з іх працуе толькі адзін. Другі - запасны, на выпадак паломкі першага. Абслугоўваюць банкаматы два разы ў год.

Беларусы ў Антарктыдзе: што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце
Банкаматы ў Антарктыдзе. Крыніца: needcoffee.com

Беларусы наведваюць Антарктыду больш за 60 гадоў

У даследаваннях Антарктыды беларусы прымаюць удзел з 1957 года. У той час яны наведвалі кантынент у складзе савецкіх антарктычных экспедыцый. За 66 гадоў у палярных экспедыцыях удзельнічалі больш за 100 чалавек. У асноўным гэта былі супрацоўнікі Рэспубліканскага гідаметцэнтра і гідраметэаралагічнай службы іншых беларускіх гарадоў, а таксам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

Першы беларус прывёз з Антарктыды двух пінгвінаў

Першы беларус, які патрапіў у Антарктыду — Віктар Шымановіч. У 1957 годзе, у складзе другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі, ён патрапіў на кантынент.

«Выходзіш з памяшкання праводзіць назіранне. Паветра разраджанае, дыхаць цяжка. Рот раскрыць страшна, можна абмарозіць лёгкія. Марыш: толькі б мінус 75 і не больш», — расказваў палярнік сваім калегам пасля вяртання з першай экспедыцыі.

З яе Шымановіч прывёз два пудзілы пінгвінаў. Прывезці падобны сувенір складана, бо браканьерства забаронена, а таксама тушку жывёлы трэба перавезці праз спякотны экватар. Некаторыя палярнікі знаходзяць мёртвых пінгвінаў. Прыдумалі і тэхналогію спецыяльнай апрацоўкі тушкі, каб правезці праз экватар.

Беларусы ў Антарктыдзе: што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце
Першы беларускі палярнік Віктар Шымановіч.
Крыніца: sb.by

Адно пудзіла Шымановіч падарыў біялагічнаму факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, другое размясцілі ў працоўным кабінеце Шымановіча.

Беларускі палярнік выдаляў апендыцыт без медыцынскай адукацыі

Трэці беларускі палярнік — Фёдар Кабот. Падчас Другой сусветнай вайны служыў мараком-падводнікам на Паўночным і Балтыйскім флатах, а пасля сканчэння вайны год правёў на ільдзіне ў Паўночным ледавітым акіяне. Падчас экспедыцыі ў Антарктыду ён, не маючы адукацыі лекара, зрабіў аперацыю па выдаленні апендыцыту лекару станцыі. Аперацыя адбывалася без наркоза, а лекар паслядоўна даваў указанні Каботу.

Беларусы зафіксавалі самую нізкую тэмпературу і самы моцны вецер

У 1983 годзе на савецкай станцыі «Усход» беларускі палярнік Уладзімір Карпюк зафіксаваў самую нізкую тэмпературу на планеце — мінус 89,2 градусы па Цэльсію. У 1989 годзе на станцыі «Ленінградская» мінчанін Аляксей Гайдашоў зафіксаваў самы моцны парыў ветру на зямлі - 78 м/с.

У беларусаў ёсць свая станцыя

Першы раз пасля распаду СССР беларускія палярнікі патрапілі ў Антарктыду ў 2006 годзе. Яны трапілі на кантынент у складзе 52 расійскай экспедыцыі і жылі на станцыі «Маладзёжная». Тады беларускія палярнікі вывучалі магчымасць стварэння ў гэтым рэгіёне ўласнай станцыі і шукалі месца для яе будаўніцтва.

У кастрычніку 2015 года беларускія даследвальнікі адкрылі ўласную навуковую станцыю. Гэта палявая база, якую Расія перадала бязвыплатна для карыстання беларусам. Так змаглі зэканоміць $ 100 млн на ўзвядзенні станцыі з нуля і прыкладна столькі ж на дастаўцы грузаў - паліва, харчавання і абсталявання.

Беларусы ў Антарктыдзе: што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце
Беларуская станцыя ў Антарктыдзе. Крыніца: tochka.by

Беларуская станцыя размяшчаецца ў раёне гары Вячэрняй, каля узбярэжжа мора Касманаўтаў. У 25 км размяшчаецца закансерваваня савецкая станцыя «Маладзёжная». Да бліжэйшай населенай станцыі трэба ляцець шэсць гадзін.

Што вывучаюць у Антарктыдзе

Беларускія палярнікі праводзяць даследаванні па біялогіі, экалогіі, фізіцы і геалогіі. Атрыманыя звесткі плануюць выкарыстоўваць у гаспадарцы, а таксама пры распрацоўцы новых тэхналогій.

«Антарктычныя віды — скарбніца невядомых ДНК. Стварэнне генетычных баз зараз на вастрыні навукі, яны будуць мець прыкладную вартасць», — казаў беларускі палярнік Віталь Лукін.

Для палярнікаў прыдумалі спецыяльныя ёгурты

На антарктычнай станцыі ёсць свае кухары, а меню для палярнікаў распрацавалі спецыялісты-тэхнолагі. У рацыёне — каларыйныя стравы, якія адпавядаюць выдаткам энэргіі - кашы, бліны, бутэрброды з каўбасой ці рыбай, супы, мяса, салаты. Кухар робіць ёгурты з сухога адноўленага малака з дапамогай культур, якія распрацаваў Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі.

Беларусы ў Антарктыдзе: што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце
Беларускія палярнікі ў Антарктыдзе. Крыніца: tochka.by

У Антарктыдзе патрэбен крэм ад загару

У летні антарктычны сезон тэмпература можа дасягаць +5 градусаў. Але часцей тэмпературы мінусавыя.

«Асаблівасць Антарктыды — вельмі яркае сонца, якое хутка награвае адкрытыя ўчасткі. Ты можаш сагрэць замерзлыя рукі, проста прытуліўшы іх да каменя, — казаў палярнік Віталій Лукін. — Там нераўнамерны азонавы слой, моцнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне. Неабароненая скура згарае ў момант, таму ўсім выдавалі крэм ад загару і супрацьсонечныя акуляры, без якіх нельга выйсці нават у пахмурнае надвор’е — вочы слязяцца».