Людзі і справы

Беларускі святар, якога ўзнагародзіў Папа Рымскі: «Працаваў на піўзаводзе і таемна спавядаў у касцёле»

Днямі пробашчу галоўнага маскоўскага касцёла — кафедральнага сабора Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі - уручылі вялікую ўзнагароду, піша «Камсамольская Праўда». Залаты крыж Pro Ecclesia et Pontifice айцец Іосіф Занеўскі атрымаў ад самога Папы Рымскага. У расійскай сталіцы святара лічаць сапраўднай легендай, «Апосталам Масквы». Ён 25 гадоў служыў у найбуйнейшай каталіцкай суполцы, якую сам і адраджаў пасля развалу Саюза і цяпер прыняў рашэнне пакінуць храм. Айцец Іосіф распавёў аб сваім незвычайным жыцці, багатым на нечаканасці і прыгоды.

Каб стаць святаром, фіктыўна ажаніўся на польцы

Айцец Іосіф родам з вёскі Заневічы Гродзенскага раёна. Ужо пасля дзявятага класа ён пачаў працаваць у калгасе, але ў дарослым жыцці бачыў для сябе толькі адну дарогу — служыць святаром.

— Аднойчы я ўбачыў сон, — распавядае айцец Іосіф. — Мая нябожчыца сястра Тэрэза, якая была спачатку манашкай, а пасля закрыцця манастыра выйшла замуж, нарадзіла сына і пры родах памерла, распавяла мне падрабязна, што трэба зрабіць.

Ідэя была такая: у Польшчы ёсць далёкія сваякі, у іх — дачка. Трэба распісацца і пераехаць да яе жыць, а потым — развесціся і жыць у Польшчы, дзе яшчэ ёсць семінарыі. Я распавёў сон нашаму пробашчу, яму гэтая камбінацыя падалася цікавай, ён звязаўся з маці той сваячкі ў Польшчы і ўсё ёй патлумачыў. І нявеста, і яе маці пагадзіліся. Дзяўчына прыехала з Польшчы да нас, брат мой на санках адвёз нас у сельсавет, і мы распісаліся. Пра тое, што шлюб фіктыўны, нікому не казалі, вёска радавалася: «Іосіф ажаніўся!» Пасля гэтага афармленне візы на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы заняло прыкладна год.

Я пагрузіў у багажны вагон вялікі вясковы куфар, новы двухцыліндровы матацыкл «Ява» і з’ехаў у Беласток.

Неўзабаве праз сваякоў ён уладкаваўся працаваць на фабрыку, якая рабіла запчасткі. Развод маладым далі і фіктыўная нявеста потым шчасліва выйшла замуж, нарадзіла чацвярых дзяцей. Уладкавацца ў семінарыю атрымалася да манахаў-салезіянаў, але вучобе ледзь не перашкодзілі сакрэтныя службы. Семінарыста выклікалі на размову і прымушалі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве. Калі той адмовіўся, яму скасавалі візу і далі суткі на тое, каб пакінуць Польшчу, прыстрашыўшы, што за мяжой семінарыста ўжо чакае КДБ. Але хлопец на той момант працаваў кіроўцам інспектара, у якога былі нейкія сувязі ў Варшаве. Ён пагаварыў з уплывовымі людзьмі і семінарысту вярнулі пашпарт з адноўленай візай.

«Двойчы ў год мяне штрафавалі за тое, што ў парафіі шмат дзяцей»

Такім чынам, беларус паспяхова адвучыўся і атрымаў сан, але ў Польшчы не застаўся — яго папрасілі вярнуцца на радзіму, бо ў СССР святароў бракавала. Ён прыехаў у Гродна і уладкаваўся на піўзавод.

— Я сыходзіў з працы, каб таемна спавядаць у касцёле, а хлопцы працавалі за мяне і дзялілі маю зарплату.

Неяк, стоячы ў храме, я павярнуўся ад алтара да людзей, сказаў «Бог з вамі!» — і бачу за калонай абласнога ўпаўнаважанага па справах рэлігій. Вось папаў, так папаў… У тыя часы менавіта ўпаўнаважаны дазваляў ці не дазваляў святарам служыць — выдаваў так званую «даведку», — працягвае святар.

А сваю першую «легальную» імшу ён правёў у знакамітым касцёле ў Гервятах. Там якраз памёр ксёндз, а прыхаджан было шмат, і яны патрабавалі новага настаяцеля. Каб супакоіць людзей, улады самі папрасілі айца Іосіфа адправіцца ў Гервяты, тым больш набліжалася Каляды. І там ён застаўся на тры гады:

— Двойчы ў год мяне штрафавалі за тое, што ў парафіі шмат дзяцей, а працаваць з імі не дазвалялася. Але ўлады тады ўсё цярпелі, таму што вельмі баяліся масавых хваляванняў.

І ў Жупранах, дзе я служыў наступныя дзесяць гадоў, мяне штрафавалі за дзяцей і моладзь. Двойчы ў год выклікалі на камісіі, пісалі пратакол, казалі, што я дрэнна выхаваны, мяне трэба перавыхаваць, ставілі пытанне на галасаванне: «Хто за тое, каб пакараць святара Занеўскага штрафам?» Ну і ўздымалі рукі. А дзве жанчыны, якія ў мяне рэгулярна спавядаліся, падымаюць вочы і пытаюць моўчкі: «Што рабіць? Падымаць руку ці не?» Я ім падморгваў: галасуйце, нічога страшнага мне не зробяць, а вы можаце працу страціць.

Каб вярнуць храм, прабілі сцяну

Калі пачалася перабудова, айцец Іосіф убачыў у Гродне ў краме былога намесніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій, які ў гады застою складаў акты аб парушэннях.

— Ён сам мяне паклікаў: «Іосіф Іванавіч, як справы?» Я кажу: «Нічога, нармальна, працуем». Ён не адстае: «Вось мы бывалі ў вас часта, мне вельмі падабалася, так шмат дзяцей было ў храме …» Тады я ўжо не вытрымаў і спытаў: «А за што вы мяне так пераследавалі?» — «Ну, прабачце, тады работа наша была такая, трэба было даваць справаздачу, але мы любілі да вас хадзіць…»

Пасля развалу Саюза святар ездзіў па Гродзеншчыне, адкрываў прыходы, адваёўваў храмы, а ў 1991 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паклікаў яго ў Расію.

— І накіраваў мяне спачатку ў Саратаў, каб там арганізаваць парафію. А потым кажа:

«У Беларусі табе ўдавалася неяк вяртаць храмы — давай я цябе пастаўлю ў Маскву пробашчам у храм на Малой Грузінскай — можа, яго атрымаецца вярнуць?» Я пагадзіўся.

Было шмат лістоў, сустрэч, перамоваў, абівалі мы з арцыбіскупам розныя парогі, аж да намесніка мэра. Абяцанні былі, але справа не рухалася. Тады мы сталі часцей маліцца на прыступках, хадзіць вакол храма з працэсіяй, вывесілі вялікі транспарант «Вярніце нам храм!». Нават пасвячэнне ў святары адно арцыбіскуп Кандрусевіч здзейсніў на прыступках. А будынак займаў «Мосспецпромпроект», памяшканні ў храме здавалі ў арэнду, атрымліваючы за гэта вялікія грошы. Часы былі напружаныя, але радасныя. Будынак ніяк не аддавалі, тады мы прабілі сцяну і з працэсіяй увайшлі ўнутр. Прыехала шмат міліцыянтаў, рэктар семінарыі запрасіў італьянскае тэлебачанне. Яны знялі, як яго штурхалі, білі… Шуму было шмат — вакол дэмакратыя, а каталікам храм не аддаюць, іх збіваюць.

Пасля гэтага інцыдэнту мэр Лужкоў падпісаў дакументы, якія пацвярджаюць нашы правы на храм.

Дарэчы, замяніў айца Іосіфа на пасадзе настаяцеля таксама беларус і таксама манах-салезіанец Уладзімір Кабак. А легендарны «Апостал Масквы» застаўся працаваць у расійскай сталіцы, у Салезіянскім доме.


Падрыхтавана па матэрыялах інтэрв'ю Віктара Хруля на сайце Polonia Christiana

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024