115 гадоў таму нарадзіўся паўзабыты беларускі асветнік Мікалай Марцінчык, рэпрэсаванага палякамі, немцамі і саветамі. Дзякуючы новым звесткам Мікалая Пацэнкі (далей М.П.) і светлай памяці Фёдара Ігнатовіча (далей Ф.І.) мы сёння можам больш напісаць пра яго лёс, хоць спрэчныя пытанні па біяграфіі яшчэ засталіся.
Нарадзіўся Мікалай Марцінчык 16 снежня 1901 года ў вёсцы Кубельнікі Гродзенскага павета (сёння Бераставіцкі раён) у сялянскай сям'і. Дапамагаў бацькам па-гаспадарцы. У Масалянскай царкоўна-прыхадской школе атрымаў пачатковую адукацыю. Тутэйшы настаўнік матываў разумнага хлопца да чытання — чытаў кнігі запоем. Першая кніга пра Канька-Гарбунка, пазней «Новая Зямля» запомніліся на ўсё жыццё (М.П.) І нават на помніку Марцінчыку ў Алекшыцах выбіты любімыя словы з «Новай Зямлі» Коласа…
Мой родны кут,
Як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы…
Разам з бацькамі, Міхасём Рыгоравічам і Фёклай Васільеўнай, быў у бежанстве ў Расіі ў часы І Святовай вайны. Там скончыў пяць класаў гімназіі ў Чыстопалі Казанскай губерні. Пасля вяртання паспяхова вучыўся ў Гродзенскай руска-польскай гімназіі (Ф.І.). Па звестках Пацэнкі вучыўся ў беларускай гімназіі. Пазнаёміўся з дзеячамі беларускага руху. Адрозніваўся адукаванасцю, літаратурнымі здольнасцямі і беларускай самаідэнтыфікацыяй. Пасля гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт у Вільню.
Працаваў у арганізацыях і газетах
У час вучобы ў Віленскім універсітэце кіраваў Беларускім студэнцкім саюзам, рэдагаваў «Студэнскую думку», супрацоўнічаў з газетамі «Голас беларуса» і «Сялянская праўда», займаўся дабрачыннай дзейнасцю ў таварыстве помачы пацярпеўшым ад вайны.
З 1921 па 1938гг. сябра Прэзідыума віленскага нацыянальнага камітэта, прымаў удзел у каардынацыі беларускіх партый і арганізацый.
Меў сяброўскі білет № 5 сябра БСРГ. Стаяў ля вытокаў гэтай арганізацыі. Удзельніцаў ў Гданьску (1925) ва ўстаноўчым з’ездзе. Працаваў у розных рэдакцыях газетаў Грамады.
Самая важная справа — у Таварыстве Беларускай Школы
Бадай самай важнай справай Марцінчыка была праца ў ТБШ. Быў сябрам Галоўнай управы таварыства. Прычыніўся да стварэння 12 акруговых управаў ТБШ, спрыяў стварэнню гурткоў ТБШ, беларускіх клубаў і бібліятэк у вёсках. Выязжаў на месцы каб адстойваць патрабаванні беларусаў да польскіх уладаў аб адкрыцці беларускіх школ. У беларускім друку таксама адстойваў правы беларусаў мець свае школы на беларускай мове (падпісваўся М.М., ці М.).
Меў добры заробак і густ, дапамагаў Забэйду-Суміцкаму
Пасля заканчэння ў 1927 віленскага ўніверсітэту быў пакінуты ардынатарам у педыятрычнай клініцы, меў прыватную практыку з высокім заробкам (мог за дзень працы набыць карову), адначасова быў інспектарам ад ТБШ у віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў анатомію і гігіену (па звестках з Вікіпедыі хімію і біялогію) і абараняў гімназію ад прэтэнзій польскай адміністрацыі і паліцыі. У гімназіі вучыўся яго малодшы брат Іван.(Ф.І.)Мікалай шмат працаваў, меў добры заробак і густ. Выдатна апранаўся. Падтрымліваў імідж добрага доктара і адначасова гэта дазваляла пазбягаць залішняй увагі польскіх паліцэйскіх, бо пад моднай вопраткай насіў спецыяльную камізэльку для дакументаў. Са свайго заробку аплачваў розныя выдаткі ТБШ, дапамагаў фінансава ў час гастроляў славутаму беларускаму спеваку Міколе Забэйду-Суміцкаму. Па звестках (Вікіпедыі) быў яго асабістым доктарам. Цікава, ці сустракаліся яны ў Гродне ў пачатку 60-х гадоў, калі Забэйда-Суміцкі прыязжаў і выступаў у Гродне ў новым Палацы культуры тэкстыльшчыкаў?
Выбарчую кампанію перашкодзіла завершыць турма
Пад час выбараў у Сейм 1927−1928 гг. у кватэры Марцінчыка быў выбарчы штаб. З Ігнатам Дварчанінам рэдагаваў газеты «Наша праца», «Думка працы» (Ф.І.). У сейм было абрана 5 беларускіх паслоў. Двойчы і сам быў кандыдатам у паслы Сейма (1927, 1930), паліцыя двойчы яго арыштоўвала і ён сядзеў некалькі месяцаў у Лукішскай турме, што памяшала яму ў 1930 г. завершыць выбарную кампанію у Сейм.
Па звестках Фёдара Ігнатовіча з-за адмовы палітычна супрацоўнічаць Марцінчык быў звольнены з беларускай гімназіі ў Вільні, дзе на той час працаваў дырэктарам Астроўскі. Польскія ўлады таксама хацелі яго звольніць з педыятрычнай клінікі Баторыя, але кіраўнік клінікі Ясінскі паступіў больш сумленна і адмовіўся яго звальняць.
Меў пастаянныя праблемы з камуністамі
Праціўнікі камуністычнай палітызацыі (да іх належаў і Марцінчык) лічылі, што захаваць ТБШ можна толькі выконваючы Статут ТБШ, таму ён меў пастаянныя праблемы з кіраўніцтвам КПЗБ, якія ўсяляк імкнуліся радыкалізаваць ТБШ, павярнуць на сваю карысць, не думаючы, што гэта пагражала закрыццю легальнай дзейнасці Таварыства.Шмат каму з КПЗБ пад патранажам Масквы не патрэбна было культурнае адраджэнне беларусаў, яно ім замінала, як і Польшчы праводзіць сваю асіміляцыйную палітыку. Кіраўніцтва КПЗБ расцэньвала апалітычнасць як «здраду інтарэсаў беларускага народу», ні больш ні менш.
Орган КПЗБ «Чырвоны сцяг» абвінавачваў іх у адцягванні народа ад барацьбы. Газета патрабавала выгнання з ТБШ М.Марцінчыка, Р.Шырмы, Ф.Сцяцкевіча, П. Кізевіча. Іншая камуністычная газета «Асва» пагражала «укусамі» Луцкевічам, Марцінчыкам, Шырмам, Астроўскім, Клімовічам, Станкевічам…
Палякі выслалі з Вільні
У 1932 г. польскія ўлады выслалі Марцінчыка з Вільні як «недобранадзейнага» без права вяртання. Хутка ў новым месцы (м.Ялоўка Ваўкавыскага павету, па звестках М.П. і Вікіпедыі польскія ўлады выслалі Марцінчыка ў Нараўку Гайнаўскага павета ў 1931 г.) вопытны лекар і грамадскі дзеяч стаў таксама аўтарытэтнай асобай. Ён і тут супрацоўнічаў з ТБШ, падтрымліваў і абараняў мясцовых актывістаў.
У лістападзе 1932 г. ён даволі паспяхова правеў чарговы з’езд у апошняй акруговай арганізацыі ТБШ, якую пакуль не зачынілі польскія ўлады. І хоць туды быў засланы для правакацыйных пытанняў начальнік польскай паліцыі з Вільні Высакіньскі, Марцінчык жорства пераканаў дэлегатаў прытрымлівацца Статуту ТБШ і гэта дазволіла працягнуць легальную дзейнасць апошняй акруговай арганізацыі Таварыства на два гады.
Нападкі і хлусня з усіх бакоў
Хутка дайшлі водгукі з СССР пра страшэнныя сталінскія рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі ў БССР. І тут у Заходняй Беларусі камуністы (відаць, па камандзе) распачалі кампанію па «выкрыццю» Галоўнай управы ТБШ. Гэта цалкам супала з пажаданнямі польскіх палітыкаў нацыяналістычнага накірунку.
Два лагеры ўспомнілі ўсё і пра «боб і гарох» і што быццам Марцінчык заклікаў ТБШ на з’ездзе да супрацы з «паланізацыйнымі арганізацыямі». Пісалі скажаючыя факты, каб цяжка было апраўдацца. Польскі друк таксама не «спаў ў шапку», пісалі на сваю карысць.
Потым «пайшла ў бой і артылерыя». Абвінавацілі старшыню Акруговай управы В.Лукашыка у фінансавых злоўжываннях і быццам да іх меў дачыненне і Марцінчык. Той, што са сваёй кішэні даваў грошы на ТБШ і іншым арганізацыям.
Нападкі і хлусня сталі стандартнай зброяй тых часоў камуністычнай арганізацыі СССР-БССР і польскай дэфензівы. Адныя верылі газетам камуністаў, другія польскім газетам. Актывісты кшталту Марцінчыка, з беларускім светапоглядам, былі меншасцю, таму і цярпелі ад усіх разам.
У адной з рэзалюцый 1934 года камуністы называлі Р.Шырму, М.Марцінчыка, Ф.Сцяцкевіча і іншых кіраўнікоў ТБШ «агентамі польскай паліцыі», быццам яны хочуць звесці ТБШ са «шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы» і падпарадкаваць Таварыства «беларускаму нацыянал-фашызму».
У красавіку 1934 г. Марцінчык узначаліў сельскі шпіталь у Нараўцы каля Гайнаўкі (Ф.І.). Насельніцтва добра прыняло ветлівага лекара (з успамінаў Марцінчыка 1978 г.). Нават пад наглядам паліцыі ён наведваў па справах ТБШ Вільню і Варшаву. У 1934 г. зноў быў абраны сябрам Галоўнай управы. Асветніцтвам у ТБШ займаўся да 2 снежня 1936 г. — да закрыцця ўладамі Таварыства.
Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга
Прыход савецкіх войскаў у 1939 г. Марцінчык сустрэў у Нараўцы, дзе працягваў працаваць лекарам.
У 1941 г. апекаваўся 150 параненымі. Медыцынякія сёстры пакінулі шпіталь. Параненыя савецкія чырвонармейцы былі размешчаны ў будынку Сельскага савета і Народнага дому. Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга. Аперацыйнай сястрой стала акушэрка Кацярына Іванаўна — пасля вайны яна стане жонкай Марцінчыка. Некалькі тыдняў ішло змаганне за жыццё салдат.
Немцы напачатку не перашкаджалі рабоце лекара. Большасць салдат пасля шпіталя пайшло ў лес, сталі партызаніць. Немцы зачынілі шпіталь, арыштавалі Марцінчыка быццам бы за працяг дапамогі былым параненым салдатам, якія пакінулі шпіталь. Але доказаў не знайшлі. Выпусцілі з-пад варты, дазволілі пераехаць у Белавежу і ён там адчыніў амбулаторыю для прыватнай практыкі.
У БССР: спачатку шанавалі, потым асудзілі на 10 гадоў
З 1944 года з жонкай пераехаў у Гродна. Працаваў у дзіцячым шпіталі і адначасна ў гарадскім аддзеле аховы здароўя, выкладчыкам фармакалогіі ў фармацэўтычнай школе. З 1944 г галоўны лекар інфекцыйнага шпіталя, па сумяшчальніцтву (не хапала лекараў) быў педыятрам у абласной клініцы і лекарам у санітарнай авіацыі.
У службовай запісцы
Некаму нешта не спадабалася. Данеслі, арыштавалі, нагадалі, пра што пісалі камуністычныя газеты ў 30-я гады. Жонка звярталася нават да Цанавы. Той параіў з’ехаць у Польшчу. У адказ яна выказала жаданне ехаць адбываць пакаранне разам з мужам. Вялікі аматар прагляду футбола з «калакольні» будынка КДБ у Мінску з усмешкай адначыў, што жонкі «дзекабрыстаў» былі жонкамі князёў і памешчыкаў.
Пастановай Асобнай нарады пры НКУС
Жыццё з кляймом «ворага народа»
Пакаранне адбываў у Варкуце ў ППР «Ж» № 175/67. Выжыў, бо назначылі з-за дэфіцыту добрых дактароў турэмным лекарам. Пазней дазвалялі дапамагаць і мясцоваму насельніцтву. За сумленную работу меў некалькі падзякаў ад адміністрацыі лагера.
Пачалося жыццё з кляймом «ворага народа». Недавер і падазронасць панавалі паўсюль. На працу браць баяліся. Змог уладкавацца толькі лекарам-педыятрам у Гродзенскі Дом дзіцяці. Толькі
Прабачэнне да шырокай публікі так і не дайшло
У 1973 г. прафесар Бржэўскі пры падтрымцы адміністрацыі медінстытута паспрабаваў вярнуць з забыцця імя Мікалая Марцінчыка. Быў накіраваны запыт пра «рэвалюцыйную дзейнасць» Марцінчыка ў Заходняй Беларусі ў інстытут гісторыі партыі са спасылкай на дакументы. Аднак намеснік дырэктара інстытута паведаміў, што партыйны архіў такіх звестак не мае, а іншыя матэрыялы «не являются основанием для выдачи справок».
Прафесар Уладзімір Ладысёў у сваёй манаграфіі па КПЗБ (1976 г.) паўтарыў абвінавачванні Галоўнай управы ТБШ на адрас Марцінчыка.
Цяжка хворы Марцінчык быў вымушаны звярнуцца з заявай у ЦК КПБ. Ён быў зноў гатовы абараняць свае добрае імя, бо і да фінансавай палітыкі ТБШ не меў ніякіх адносінаў. Афіцыйнага адказу не дачакаўся, але яго наведаў прадстаўнік Гродзенскага абкама КПБ, які прызнаў абгрунтавансць заявы і папрасіў прабачэння, якое да шырокай публікі так і не дайшло…
«Меў мужнасць і гонар»
На 79 годзе жыцця, 23 траўня 1980 года Мікалая Марцінчыка не стала. Пахаваны ў Алекшыцах, амаль у цэнтры могілак, паблізу магілы ў памяць аб добрым доктары і асветніку «плачуць» вялікія сосны. Бадай адзіны помнік у Алекшыцах, дзе надпіс на першай дзяржаўнай мове.
У час наведвання ў снежні 2016 г. магілы Марцінчыка прафесар Аляксей Пяткевіч узгадаў яго: «Апошнія гады ён стаў асцярожны, лішняга не гаварыў…»
Адразу чамусьці ўзгадаліся з «Гарадзенскага палімпсеста» 2012 года часы Цанавы ў БССР, калі ў час допытаў Марцінчык не прызнаў сваёй віны і не абвінаваціў іншых. Меў мужнасць і гонар, як напісаў пра яго Фёдар Ігнатовіч.