“Я прыехаў у Польшчу наўпрост з Валадаркі”, – кажа Зміцер. “Па першасці асабліва не было куды падацца. Зараблялі тым, што ігралі на вуліцах”, – кажа Дзяніс, які, да таго як патрапіць у Варшаву, спачатку выехаў з Беларусі ва Украіну. Яны, як і многія іншыя беларусы, знайшлі падтрымку для сябе і сваіх ідэй у Беларускім моладзевым хабе.
Тут пілі каву з гісторыкамі, гралі на дудзе з “Літым Талерам”, танцавалі з “Javaryna Kids”, чыталі па-польску і пісалі лісты палітвязням у Беларусь. Тут атрымалі дапамогу больш за 40 беларускіх ініцыятываў, дзясятак з каторых сталі ўжо самастойнымі арганізацыямі. Беларускі моладзевы хаб (БМХ) працуе ў Варшаве ад 2020 года. Пра дзейнасць установы для Hrodna.life расказаў яе кіраўнік Алесь Лапко і прадстаўнікі калектываў, што ўзніклі пры падтрымцы пляцоўкі.
Падтрымаць і дапамагчы на старце
“Я прыехаў у Польшчу наўпрост з Валадаркі, – расказвае Зміцер Шыманскі, які разам з Маргарытай Кубенкевіч аднавілі ў Варшаве працу танцавальна-музыкальнага гурта “Javaryna” і харэаграфічнай школы для дзяцей “Javaryna Kids”. – Напачатку было складана зарыентавацца, з чаго пачынаць і з кім працаваць на новым месцы. Хаб даў нам стартавую пляцоўку, выхад на зацікаўленых людзей, інфармацыйную і юрыдычную падтрымку – вельмі шмат для нас зрабіў”.
Зараз “Javaryna Kids” працуюць з дзецьмі 3–5 гадоў і 6–9 гадоў. Іх вучаць асновам класічнай харэаграфіі і, па ходзе навучання, ставяць танцы, каб практычна замацаваць веды.

Заняткі аказаліся запатрабаванымі, бо ў многіх сем’ях эмігрантаў новай хвалі дзеці раней займаліся танцамі, то і на новым месцы шукалі магчымасці працягнуць навучанне.
Надалей у планах “Javaryna Kids” – адкрыццё групы па сучасных танцах для падлеткаў. Дарослым прапануюць пастаноўку парных танцаў на вяселлі ці іншыя ўрачыстасці. На будучыню думаюць і пра стварэнне групы для тых бацькоў, што прыводзяць дзяцей на заняткі.


“Мы стараемся быць такім, умоўна кажучы, акселератарам, – тлумачыць кіраўнік Беларускага моладзевага хаба Алесь Лапко. – Каб тыя, хто да нас прыходзяць, вырашалі свае надзённыя патрэбы, станавіліся на ногі, рэгістраваліся і потым ішлі ў самастойнае вольнае плаванне”. Такі варыянт супрацы ён бачыць самым выніковым.
З найбольш яркіх ініцыятываў, што прайшлі праз хаб, ён узгадвае “Каву з гісторыкамі”, “Беларускую музычную школу”, “Варшаўскі вольны аркестр”, “Дом Творцаў” ды іншыя.
“За тры гады існавання хаба праз нас прайшло больш за 40 ініцыятываў. Максімальна было каля 20 адначасова. Зараз – каля 10”.
“Людзі пачалі гуртавацца на акцыях”
Моладзевы хаб у Варшаве ўзнік падчас беларускай выбарчай кампаніі 2020 года. Тады актывізаваліся беларусы не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой.
“Людзі пачалі гуртавацца на акцыях салідарнасці, сталі прасоўваць беларускую павестку ў інфармацыйнай прасторы”, – узгадвае той час Алесь Лапко. На яго думку, Беларускі моладзевы хаб утварыўся як натуральны працяг гэтых дзеянняў.

“Мы дапамагалі ўладкоўвацца беларускім студэнтам, у тым ліку, адлічаным з універсітэтаў, паступаць на праграму Каліноўскага, шукаць іншыя стыпендыяльныя магчымасці, дапамагалі шукаць працу. Потым пайшла плынь уцекачоў і мы заняліся гуманітарнай падтрымкай, разам з іншымі ініцыятывамі і арганізацыямі сталі фундатарамі Цэнтра беларускай салідарнасці і далей працягвалі сваю дзейнасць, кіруючыся патрэбамі беларусаў у Польшчы, займаліся лобінгам і адвакаваннем іх правоў у гэтай краіне”.
Такая дзейнасць зараз вельмі патрэбная, лічыць Лапко, бо толькі колькасць студэнтаў з Беларусі за апошнія тры гады павялічылася ў чатыры разы – з 3000 да 12 000 чалавек.
Пра жыццё за МКАДам і магчымасці за межамі Варшавы
З Беларускім моладзевым хабам могуць супрацоўнічаць не толькі варшаўскія ініцыятывы. “Некаторыя Беларусы прыехалі ў Польшчу з хатняй устаноўкай, што за МКАДам [у сэнсе – па-за межамі сталіцы – Hrodna.life] няма жыцця. Але тут усё інакш. У Польшчы умовы для працы прыкладна аднолькавыя і ў сталіцы, і ў маленькіх мястэчках. Часта моцныя беларускія згуртаванні з’яўляюцца ў невялікіх гарадах і мы таксама можам іх падтрымаць, – расказвае Лапко. – Мы арганізуем для актывістаў з іншых месцаў адукацыйныя візіты, дзелімся досведам, як дасягаць поспеху ў сваіх гарадах, як супрацоўнічаць з мясцовай адміністрацыяй і палітыкамі”.
Так, пры падтрымцы Моладзевага хаба арганізавалі такія лакальныя ініцыятывы, як хаб “Новая зямля” ў Беластоку, плануецца адкрыццё хаба ў Кракаве.

Тыдзень у Беларускім моладзевым хабе: у панядзелак – мужчынскі хор, у пятніцу – жаночы клуб
У Варшаве Беларускі моладзевы хаб нядаўна змяніў месца, але ўжо цалкам аднавіў працу. Новы адрас – Дажынкавая, 6а. “У нас штодня адбываюцца мерапрыемствы, арганізаваныя ініцыятывамі, якія гуртуюцца ў хабе”, – кажа Алесь Лапко.
Расклад працоўнага тыдня сапраўды ўражвае.
Панядзелак
У панядзелак тут рэпетуе мужчынскі хор. Гэтыя заняткі ініцыяваў музыка Сяржук Доўгушаў, калі з’явілася ініцыятыва спявачкі Русі са “спевамі пад мостам” для жанчын.
Аўторак
Па аўторках у хабе збіраюцца на чытанні ўголас польскіх кніг. Іх арганізавалі дзве польскія філалагіні. “Людзі разам вучацца чытаць, успрымаць мову на слых. Гэтыя сустрэчы вельмі папулярныя і падабаюцца наведвальнікам хаба”.
Пасля чытанняў па аўторках збіраюцца ўдзельнікі клуба “Што? Дзе? Калі?”. Гэты інтэлектуальны клуб – адна з самых масавых ініцыятываў хаба. “На адну з апошніх гульняў зарэгістравалася 17 каманд , у кожнай да 6 чалавек”, – расказаў Алесь Лапко.

Серада
Па серадах наведвальнікі хаба пішуць лісты палітвязням. “Мы дапамагаем канвертамі і маркамі. Каардынатары падказваюць, як пісаць, каб была хоць тэарэтычная магчымасць, што лісты дойдуць, што іх не спыняць цэнзары”.
На думку Алеся, гэтыя сустрэчы сталі месцам падтрымкі не толькі для палітвязняў, але і для тых, хто чакае іх на волі: “Для саміх удзельнікаў магчымасць сустрэцца, паразмаўляць – гэта вялікая псіхалагічная падтрымка, якая нам усім зараз вельмі патрэбная”.
Чацвер
Па чацвяргах і нядзелях хаб збірае моладзевую суполку. Яны арганізуюць адукацыйныя, культурніцкія ці забаўляльныя мерапрыемствы, кінапрагляды, настолкі, дэбаты, лекцыі.
Пятніца
Па пятніцах збіраецца жаночы клуб “Я ёсць”, а таксама праходзяць выступы, канцэрты, чытанні – мерапрыемствы для сумеснага адпачынку.
Калі “пачаткоўцы” робяцца “калегамі”

“Мы экстранна пакінулі Беларусь, нейкі час былі ва Украіне і толькі пераехалі ў Варшаву. Па першасці асабліва не было куды падацца. Зараблялі тым, што ігралі на вуліцах. Распавядаю пра гэта, каб падкрэсліць, наколькі важным для нас стала знаёмства з хабам. Хаб стаў для нас новым домам, а яго каманда – сям’ёй. Гэта было месца, куды заўжды можа было прыйсці са сваёй ідэяй, абмеркаваць магчымасці і проста папрацаваць у цішыні. Ды і проста, калі я аказваўся побач, заўжды заглядаў на каву, міма не праходзіў”, – расказаў для Hrodna.life дудар і франтмэн гурта “Літы талер” Дзяніс Шматко.
Удзельнікі гурта да гэтага часу збіраюцца ў хабе на рэпетыцыі, а таксама даюць там канцэрты ці забяспечваюць музычную падтрымку мерапрыемстваў.
“У Беларусі мы часам ездзілі па школах, часам разам з рыцарамі. Мы бясплатна ладзілі такія сустрэчы ці майстар-класы, каб школьнікі маглі пазнаёміцца з даўнімі музычнымі інструментамі, каб дзеці ведалі, як выглядалі і гучалі колавая ліра, гуслі ці дуда”.

Зараз у Варшаве працуе Беларуская музычная школа і Дзяніс выкладае клас дуды. Сёлета ў яго восем вучняў ва ўзросце ад 9 да 40 гадоў. Агулам жа там можна навучыцца граць на фартэпьяна, баяне, жалейцы, гітары ці дудзе.
Для актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў культурніцкіх ініцыятываў у хабе працуе каворкінг. А яшчэ ёсць крама з беларускімі кніжкамі, мерчам ад беларускіх дызайнераў і вырабамі беларускіх рамеснікаў.
Дзеля чаго працуе Беларускі моладзевы хаб
Усю арганізацыйную працу хаба вядзе каманда з 6–7 чалавек. “На добры лад, патрэбна ўдвая больш людзей, але гэта пытанне рэсурсаў, – тлумачыць Алесь Лапко. – На тое, каб забяспечыць заробкі персаналу, не так шмат магчымасцяў”.
Але кожны і кожная, хто працуе ў хабе, умеюць дакладна і дасканала рабіць сваю працу – планаваць мерапрыемствы, забяспечваць камунікацыю і прасоўванне інфармацыі, арганізоўваць івэнты і забяспечваць іх тэхнічную падтрымку. Дзякуючы гэтаму праца хаба робіцца запатрабаванай і карыснай. Але ж ці збіраюцца самі арганізатары пляцоўкі задавольвацца дасягнутым?
Алесь Лапко кажа, што яшчэ ёсць куды расці:
“Хацелася б, каб тое, што мы робім, выходзіла на новы ўзровень. Каб больш ініцыятываў станавіліся на ўласныя рэйкі. Яшчэ хацелася б, каб беларускі і беларусы ў Польшчы былі больш актыўнымі у стварэнні новых ініцыятываў і праектаў. Каб не толькі карысталіся існуючымі прапановамі, але і праяўлялі ўласную ініцыятыву.
Можна сабрацца і разам зрабіць нават нешта сваё, нават невялічкае. Гэта захоўвае беларускую атмасферу, нацыянальную ідэнтычнасць. З іншага боку, у сумеснай працы можа нараджацца нешта класнае і арыгінальнае. Калі прадстаўнікі розных прафесій, кшталту айцішнікі, музыкі, прадстаўнікі тэатра ды палітыкі збяруцца разам дзеля творчасці – з гэтага можа атрымацца вельмі цікавы прадукт – хоць спектакль, хоць мабільная аплікацыя.

І, канечне, хочацца, каб беларускасць захоўвалася за мяжой. Каб дзяцей выхоўвалі ў беларускім духу, каб з імі прыходзілі ў моладзевы хаб, вучылі беларускую мову. Каб разам прайшлі гэты шлях і потым вярнуліся у Беларусь з новым досведам, са сваімі напрацоўкамі. Каб у Беларусі ў розных гарадах маглі ствараць такія хабы, якія вакол сябе будуць гуртаваць беларускую культуру, ідэнтычнасць і нават дзяржаўнасць”.




