«Рана ці позна рынак адновіцца, але ўжо цяпер можна прагназаваць, што дакладна ня будзе так, як раней». Гродзенскі бізнэсовец і алімпійскі чэмпіён у гандболе Андрэй Барбашынскі расказаў пра наступствы каранакрызісу, адтэрмінаваныя спартовыя праекты і беларускамоўны напамін бацькі.
Андрэй Барбашынскі — прыклад удалага сымбіёзу спартовага функцыянэра і бізнэсоўца, піша «Радыё С**бода». Ён намесьнік старшыні Фэдэрацыі гандболу Беларусі і куратарар для розных пакаленьняў — вэтэранаў і дзяцей. У асноўным засяроджаны на сваім рэгіёне. З другога боку, ён вядомы прадпрымальнік, дырэктар кампаніі Belabedding, якая выпускае артапэдычныя ложкі і матрацы.
Алімпійскі трыюмф за каманду-фантом
Андрэю Барбашынскаму 50 гадоў. Ён нарадзіўся ў Ашмянах, 4 траўня 1970 года. Цяпер ён ганаровы грамадзянін горада. У 1992-м у Барсэлёне, дзе была заяўлена аб’яднаная каманда рэспублік былога СССР, здабыў алімпійскае золата.
У гэты час Саюз ужо разваліўся, нацыянальныя зборныя сфармаваць так і не пасьпелі. У выніку Андрэй Барбышынскі разам з гродзенцам Андрэем Мінеўскім і случаком Міхаілам Якімовічам прэзэнтавалі наддзяржаўнае ўтварэньне-фантом.
Прэміяльныя па інэрцыі выдавалі ў Маскве. Ягонае золата ацанілі крыху больш за 2500 даляраў. У выніку хапіла толькі на старыя, але па тым часе дэфіцытныя «Жыгулі». Нічога адкласьці не ўдалося, даводзілася халтурыць, як у маладосьці.
На нейкі час Барбашынскі наогул выпаў з гандболу. Меў складанасці з алкаголем, але справіўся, гучна вярнуўся ў спорт.
Адмовіўся ад чатырох грамадзянстваў — расейскага, гішпанскага, вугорскага, нямецкага. Канкурэнты спакушалі непараўнальна лепшымі матэрыяльнымі ўмовамі, чым былі ў Беларусі.
Міжнародны турнір перанесьлі на восень
Сям’я Барбашынскага ўжо шмат гадоў жыве ў Гродне. Тут ён арганізаваў адкрыты чэмпіянат вобласьці сярод мужчын і жанчын з удзелам вэтэранскіх камандаў. У Ашмянах працуе дзіцяча-юнацкая спартовая школа імя Барбашынскага. Тут праходзіць міжнародны дзіцячы турнір на прызы ўганараванага гандбаліста. Праз каранавірус яго перанеслі на 17 верасня. Адкрыты чэмпіянат вобласьці сярод мужчын і жанчын таксама перанеслі, магчыма, нават на пазнейшы час.
«Я не лічу, што гандбол цяпер у цені. І чым больш будзе выхаванцаў, тым лепш, гэта адна з нашых мэтаў. Нават калі зь іх не атрымаецца высакаклясных спартоўцаў, яны будуць здаровымі, загартаванымі людзьмі».
Два сыны Барбашынскіх таксама займаюцца спортам. Старэйшы Мацьвей у 15 гадоў мае 195 см росту. Выступае за зборную гораду на турнірах Zubr Cup, да яго прыглядаецца менскі СКА. Захар на пяць гадоў меншы, вырашыў адысьці ад сямейнай традыцыі і падаўся ў баскетбалісты.
Як са спартоўца стаў бізнэсоўцам
У 12-гадовым узросьце Андрэй Барбашынскі трапіў да трэнэра дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віктара Рамулевіча, пачалося імклівае развіццё ў спорце. Кажа, што ад маленства быў надзвычай матываваны.
У 18 гадоў яго ўжо запрасілі ў менскі СКА, практычна адразу ж Андрэя выклікалі ў моладзевую каманду Саюзу, зь якой стаў чэмпіёнам сьвету. Пасьля гэтага адбылося падвышэньне ў клясе і заваёва алімпійскага золата ў 22 гады.
Чытайце таксама: Вользе Корбут — 65: як гімнастка стала брэндам Гродна і ледзь не атрымала сваю вуліцу
Пасьля падзеньня жалезнай заслоны адзін сэзон адгуляў у гішпанскім клюбе «Хувэндут», пасьля чаго з дэпрэсіўным паўгадавым перапынкам зноў вярнуўся ў СКА.
Затым гуляў у Эўропе: вугорскі «Фотэкс», нямецкія «Гамэльн» і «Эмсдэтэн». У невялікім гарадку Эмстдэтэн, дзе ён стаў мясцовай знакамітасьцю зь мянушкай Барба, пазнаёміўся з уладальнікамі сямейнай кампаніі Fey&Co з амаль 100 гадовай гісторыяй. Кампанія і цяпер вырабляе матрацы, артапедычныя рашоткі. Паміж гульнямі асвоіў этапы вытворчага працэсу, навучыўся мэнэджменту, вывучыў нямецкую мову як родную.
Артапэдычныя рашоткі рабілі з буку, які рос у Чачэніі і Краснадарскім краі. Езьдзіў, дамаўляўся, успамінае, што чачэнскія партыі ў пачатку 2000-х прыходзілі з асколкамі снарадаў.
У 2006 годзе ў Новай Гожы пад Горадняй з’явіліся карпусы фабрыкі Belabedding, адкуль выходзяць матрацы для дарослых і дзяцей, падушкі з эфэктам памяці, коўдры і многае іншае.
Андрэй Барбашынскі - дырэктар кампаніі. На гэтай пасадзе ён наёмны работнік. Партнэры прапаноўвалі стаць уласьнікам, але ён адмовіўся. Калі толькі пачыналі, у штаце было меней за 40 чалавек. Цяпер — дзьве сотні. Да 90% прадукцыі ідзе на экспарт.
«У нас экспартна арыентаванае прадпрыемства, на ўнутраным рынку мы прадстаўленыя ня так істотна. Зрэшты, нейкую частку ўсё роўна тут маем, таму прытрымліваем, ня скідваем з рахункаў. Хоць, зыходзячы нават з афіцыйнай статыстыкі, колькасьць людзей зь мінімальнымі даходамі расьце».
«У каго заробак 250 даляраў, няўжо ён будзе думаць пра мэблю, пра новы матрац? Таму прыдумляем дабротныя рэчы зь меншым сабекоштам».
Чытаць таксама: «Загадана падняцца з попелу за паўгады». Як бізнес-саюзы ацанілі ўказ па падтрымцы эканомікі
«Спадзяёмся, што здолеем перажыць чэрвень«
Паводле бізнэсоўца, на распаўсюд каранавірусу і, як вынік, скарачэньне спажывецкага попыту, адрэагавалі ў тым ліку асноўныя рынкі збыту за мяжой. Нямала гандлёвых сетак, буйных лягістычных прадпрыемстваў аб’явілі сябе банкрутамі, даводзіцца наноў пракладаць шляхі да пакупніка.
«Рынак як быў, так ён і застаўся, напаўняць яго неабходна. Пытаньне толькі ў тым, дзе і якім чынам перасякуцца нашы шляхі з пакупнікамі. Таму разглядаем новыя прадукты, новыя калекцыі, новыя гісторыі, каб стаць больш даступнымі. Рана ці позна ўсё адновіцца, але ўжо цяпер можна прагназаваць, што дакладна ня будзе так, як раней. А што тычыцца дзейнасьці, як працавалі, так і працуем, хоць і стала складаней — паўтаруся, рынкі адчувальна праселі. Прынамсі спадзяёмся, што здолеем перажыць чэрвень і ўжо па выніках ліпеня значна палепшым паказьнікі».
Адрозна ад бальшыні беларускіх вытворцаў, якія ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі стараюцца «не заўважаць» каранавірус, кампанія абмежавала міжнародныя паездкі ў краіны зь любым узроўнем рызыкі, увяла 14-дзённы выходны для супрацоўнікаў, якія вярталіся з-за мяжы, абавязковы кантроль для наведнікаў. Віртуальныя сустрэчы і канфэрэнц-званкі замянілі асабістыя. Рэжым працы захавалі звыклы: вытворчасьць, абслугоўваньне кліентаў, адгрузка прадукцыі.
«Паколькі нерэальна вырабляць прадукцыю дыстанцыйна, зьвесьці кантакты да мінімуму немагчыма, — тлумачыць дырэктар апошні пункт карпаратыўнай інструкцыі. — Так, шэраг спэцыялістаў могуць працаваць дыстанцыйна, але я штодня мушу быць у офісе. Ну і, вядома, няма сёньня такіх паездак, як яшчэ паўгода таму. Што тычыцца асабістай засьцярогі, абмяжоўваю маршрут ад дому да працы ці ў краму. Каб падыхаць паветрам і меней было кантактаў, едзем зь сям’ёй у парк ці за горад. Пабылі, закупіліся па дарозе прадуктамі — і дахаты».
Прынцыповы погляд на беларускую мову
Найбольшыя нязручнасьці ад пандэміі — у стасунках з татам і мамай. Пажылыя бацькі Андрэй Барбашынскага жывуць у Ашмянах.
«Пакуль жывыя бацькі, я застаюся дзіцем, хоць і вялікаўзроставым. Адзінае, у сувязі з каранавірусам стараюся не турбаваць. Штодня кантактую зь людзьмі, якія, у сваю чаргу, маюць свае кантакты. Дзе і з кім яны бавяць час, ня ведаю. А значыць, уяўляю сабой патэнцыйную крыніцу заразы. І меней за ўсё жадаў бы перадаць яе бацькам. Ужо пажылыя, трэба іх паберагчы. Але ў галаве заўсёды чую словы таты: «Сынок, пакуль ёсьць магчымасьць прыехаць, прыяжджай. Бо заўтра захочаш, а ня будзе куды».
Свайго бацьку Андрэй Барбашынскі працытаваў па-беларуску. Потым на родную мову пераходзіў яшчэ неаднаразова.
«Згодны, чыста па-жыцейску зручней размаўляць па-расейску, так склалася. Але мова — наш падмурак, наша гісторыя. Яе трэба вывучаць, пашыраць, прасоўваць. Вось тады будзе здорава. Колькі людзей, якія прынцыпова размаўляюць па-беларуску — яны што, „непэрспэктыўныя“?».
За сваю насычаную спартовую біяграфію Андрэй Барбашынскі пабываў у мностве краінаў, кантактаваў зь вялізнай колькасьцю іншаземцаў. Калі не лічыць колеру скуры, найпершая адметнасьць кожнага — якраз мова.
«Чым мы адрозьніваемся ад палякаў, немцаў, французаў? Перадусім мовай! Пастаўце вас сярод ангельцаў, хто наўскідку скажа, што вы не ангелец? І ня будуць ведаць да таго часу, пакуль не пачняце гаварыць».
«Стагодзьдзямі людзі зьмешваліся, насіліся туды-сюды з войнамі, набегамі. Якіх толькі міграцый не было. Але ж кожны народ стараўся захаваць сваю адметнасьць. І што, цяпер я мушу сказаць, што беларуская мова ня мае пад сабой ніякай гістарычнай асновы? Ня будзе такога. А хто не разумее, хай хоць крыху пацікавіцца, хто мы і адкуль…»
Андрэй Барбашынскі па-ранейшаму выходзіць на пляцоўку, выступае за каманду вэтэранаў.