Танцоры з Нацыянальнага балета Грузіі 21 кастрычніка прывезлі ў Гродна неверагоднае адчуванне свабоды і гармоніі. Конусы сіняга святла яны ператваралі ў горы, а чырвонага — у світанкі. Звычайны сцэнічны дым слаўся ранішнім туманам, а танцы пераносілі гледачоў з залі то ў грузінскую вёску, то на гасціннае застолле, то на поле даўняй бітвы.
Танцоры насамрэч зрабілі цуд. У два аўтобусы на 70 з невялікім чалавек яны пагрузілі гісторыю і прыгажосць краіны і прывезлі яе да нас. Зала была поўная — людзьмі і эмоцыямі. «Усе далоні адбіла», — дзялілася ўражаннямі з калежанкай адна з наведвальніц. А я заўважыла, што увесь час канцэрта трымала спіну выпрастанай, а галаву — паднятай. Інакш — не магчыма, калі са сцэны ідзе і накрывае хваля сілы, годнасці і гонару за свой народ.
Танец — калі недастаткова словаў
На канцэртах балету няма словаў - ты застаешся сам-насам з музыкай і рухам. Толькі кароткія радкі з праграмкі падказваюць незнаёмыя назвы танцаў. «Картулі», — пішуць там, — адзін з самых рамантычных народных танцаў". Падчас выканання мужчына ніводнага разу не дакранаецца да партнёркі. Усе яго рухі стрыманыя, торс нерухомы. Толькі хуткія, зграбныя крокі каліграфічна пішуць несказаныя словы аб трымценні пачуццяў.
Ці можна пра рамантычнае каханне расказаць словамі? Напэўна. Але словы не пакідаюць выбару. Што напісана пяром — не вырубіш сякераю. А назіраючы танец даеш волю ўласным адчуванням, якія не заўжды хочацца ператвараць у словы.
Адзін з варыянтаў танца «Картулі» — «Даўлуры». Тут рухі прасцей, а пар на сцэне — больш. Гэта ўжо танец гарадской знаці. Рознакаляровыя касцюмы мільгаюць карагодам, танцоры супернічаюць адзін з другім у майстэрстве. Толькі маргнеш вокам — і ты на сапраўдным застоллі сярод шумнай гарадской плошчы.
Музыка — Грузія, якую мала пабачыць
Жывая музыка яшчэ больш узмацняла адчуванне сапраўднасці. Увесь час канцэрта ў залі гучыць Грузія — загадкавая, казачная, чароўная. Ад гэтага — яшчэ больш сапраўдная. Адзін з нумараў музыкі гралі без танцораў - і зала па выкананню устала з крэслаў.
Рамантычныя танцы на канцэрце перамяжаліся ваяўнічымі. Народу Грузіі доўгі час даводзілася ваяваць за сваю незалежнасць. Баявыя сутычкі і таямнічыя разведкі, горыч стратаў і радасць перамог засталіся ў танцы «Харумі». Да слова, гэты танец пастаўлены заснавальнікам ансамбля, Іліко Сухішвілі і стаў візітнай карткай Нацыянальнага балета.
Даніна гісторыі Грузіі ў выкананні танцораў - танец трох царыц, «Самаія». Пра яго кажуць, што гэта «ажыўшая фрэска царыцы Тамары», першай жанчыны-правіцельніцы ў гісторыі краіны. Касцюмы выканаўцаў створаны паводле захаваных выяваў - чатырох фрэсак з партрэтамі царыцы. Тры танцоркі ў доўгіх сукнях, пакрытых каштоўнымі камянямі і расшытых пярлінамі, адлюстроўваюць тры самых каштоўных рысы даўняй царыцы — дзявочую некранутасць, мацярынскі клопат і мудрасць магутнай кіраўнічкі.
Танец, дзе кожны — першы
Па складанай да неверагоднасці тэхніцы выканання незабыўнае ўражанне зрабіў «Шэджыбры». Гэта суцэльнае спаборніцтва на моц і лёгкасць. У танцы сабраны амаль усе найскладанейшыя харэаграфічныя элементы з класічнага грузінскага мужчынскага танца. Танцоры пераадольваюць зямное прыцягненне і літаральна лятаюць над сцэнай. Яна падаюць і імгненна ўзвіваюцца ў гару, высякаюць сапраўдныя іскры бутафорскімі клінкамі.
Па сустрэчы, да сустрэчы…
Нават дзіўна, што пасля канцэрту выходзіш з будынка ізноў у Гродна. Здавалася, ад энергіі танца за двярамі меўся б утварыцца сапраўдны Тбілісі з гарамі на гарызонце. Ды не. Сваю шырокую грузінскую душу артысты дбайна спакуюць у кофры і чамаданы і павязуць далей. Іх ужо чакаюць у іншых гарадах. Гастрольны тур працягваецца.
Застаецца хіба набыць квіткі ў падарожжа ці чакаць, калі яны ізноў прывязуць на да нас танцавальны расповед пра сваю радзіму.