Эльжбета з польскага горада Алецка (Olecko) прыехала ў Гродна ў пачатку ліпеня ўсяго на тры дні. Для яе горад мае асаблівае значэнне — тут нарадзіўся і жыў яе бацька Уладзімір Малашка, які пасля вайны вымушаны быў з жонкай эміграваць у Польшчу. На малую радзіму ён ніколі ўжо не вярнуўся. Праз 73 гады пасля ад’езду бацькі з Гродна, яго дачка вяртаецца каб даведацца больш пра месца, дзе жылі продкі.
Бацька Эльжбеты — Уладзімір Малашка (1911 года нараджэння) быў вядомым музыкам у міжваенным Гродне. Граў у калектыве, на вяселлях, а таксама ў афіцэрскім казіно ў Гродне. З пачаткам Другой сусветнай вайны пайшоў добраахвотнікам у польскую армію і меў званне малодшага афіцэра. Трапіў у палон, але ўдалося збегчы. Па вяртанні ў Гродна, ужо пры немцах, Уладзімір працаваў на чыгунцы. З прыходам Чырвонай арміі ў 1944 году вымушаны быў пакінуць родны горад назаўжды.
«Бацька да самай смерці ўспамінаў Гродна — месца, дзе прайшлі яго найлепшыя гады, — распавядае Эльжбета. — Ён не мог вярнуцца сюды пры савецкай уладзе, мабыць баяўся рэпрэсій. Праз шмат гадоў я скарысталася шанцам і прыехала сюды, у месца, пра якое бацька мне пастаянна распавядаў. Гродна сапраўды ўражвае, тут асаблівая атмасфера. Цяпер я разумею, чаму бацька так яго любіў».
Эльжбета распавядае, што да яе бацькі часта прыходзілі людзі, якія таксама мелі гродзенскія карані. У горадзе Алецка пасля Другой сусветнай вайны аселі многія мігранты з Заходняй Беларусі.
«У нас часта былі госці - выпівалі з бацькам, а пасля па традыцыі спявалі пра родны горад, — кажа Эльжбета. — Бацька быў таленавітым чалавекам, ён не толькі спяваў, але і пісаў песні, граў на розных інструментах. Бацькам мамы тата не падабаўся, бо быў усяго толькі музыкам. Так што з часам ён засвоіў і сталярскую справу. Гэта яму спатрэбілася потым у Польшчы».
Жанчына распавядае, што яе бацька часта граў на яўрэйскіх вяселлях і яго ўражвала, што там толькі адна страва была бясплатнай для гасцей, а ўсё астатняе даводзілася купляць. «З яўрэямі тата сябраваў і быў салідарны, нават падчас вайны хаваў аднаго ў сябе».
Жыў бацька Эльжбеты ў раёне Новага свету. Спачатку на вуліцы Красінскага (суч. Бялінскага), а пасля здымаў кватэру з жонкай на вуліцы Жэромскага (суч. Ватуціна). Пра жыццё бацькоў у міжваенным Гродна сям’я Эльжбеты можа меркаваць па ўспамінах і фатаграфіях.
«У Гродна з нашай сям'і ніхто так і не вярнуўся. Можа, на тое былі прычыны. Палякаў ужо лічылі небяспечнымі людзьмі ў гэтым горадзе, — кажа жанчына. — У бацькі было дзве сястры-блізняткі Рэгіна і Ядвіга Малашка, якія нарадзіліся па-за шлюбам, і па яго аповядах увесь горад жартаваў, што ў вядомай жанчыны з дому Талочка нарадзіліся дзеці не ад мужа. Дзяўчынкі выраслі прыгожымі, выйшлі замуж і таксама пакінулі Гродна. Мама з татам з’ехалі ў 1945 годзе, спачатку ў Аўгустоў да бабулі, а пасля пераехалі ў Алецка. Як я ведаю, у Гродне нікога больш не засталося».
Па ўспамінах бацькі Эльжбеты, на каталіцкіх могілках былі пахаваныя сваякі, але сёння жанчына не змагла знайсці іх магілы. Усё на могілках зарасло.
«Я рада, што прыехала ў Гродна і адчула гэты горад. Тут я адчуваю гродзенскія карані. Чую званы касцёлаў і цэркваў, пра якія распавядаў бацька. Таксама тут я пагутарыла з мілымі людзьмі. Нягледзячы на тое, што я не знайшла ніякіх дадзеных пра бацьку, мне здаецца, што я сюды яшчэ вярнуся».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…