Пікетаў для збору подпісаў не будзе, а апазіцыя баіцца яго больш, чым улада. Былы банкір Віктар Бабарыка расказаў пра свае прынцыпы перадвыбарчай гонкі, а таксама як можна перамагчы фальсіфікацыю на выбарах, у на «Радыё С**бода». Рэдакцыя Hrodna.life абрала самыя цікавыя меркаванні магчымага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.
Віктар Бабарыка — былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка». Ён адмовіўся ад сваёй пасады, якую займаў 20 гадоў, пасля таго, як заявіў аб удзеле ў выбарах. Яго ініцыятыўная група, зарэгістраваная ЦВК, па колькасці - другая пасля дзейнага прэзідэнта.
Беларусы маюць тры складнікі, якія будуць запатрабаваныя ў будучыні: цярпімасьць да іншадумства, а менавіта ўменне працаваць у камандзе і прыняцце іншай думкі, тэхналагічнасць і прафесіяналізм, а таксама гатоўнасць да самарэалізацыі і вера ў сябе, якую мае кожны, але яе «трэба разбудзіць». «У нас фантастычна сфармаваная „крайнасцямі“ думка пра тое, што беларусы ўвогуле ніякія. У мяне за плячыма Савецкі Саюз, у якім мы былі найлепшымі». Кажа, што ў беларусах схаваны велізарны патэнцыял, і іх дагэтуль усе любяць.
Пікетаў па збору подпісаў не будзе, каб не распаўсюджваць каранавірус. Інфармацыю пра людзей, гатовых паставіць подпіс за ўдзел Віктара Бабарыкі ў выбарах, збяруць загадзя, пасля яны прыйдуць у пэўнае месца, каб паставіць дату і подпіс. Уся інфармацыйная праца будзе весціся ў сетках, каб знізіць чалавечы кантакт. У ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі - людзі, якія раней не хадзілі на выбары, бо не верылі ў перамены, а не «прафесійныя зборшыкі подпісаў». Бабарыка лічыць, што Беларусь — гэта краіна вымушанай бездапаможнасці, бо раней не было запыту на актыўную пазіцыю.
З 1996 года не хадзіў на выбары. У 1994-м галасаваў за Станіслава Шушкевіча [палітык, першы кіраўнік Беларусі пасля распаду СССР, адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення. На выбарах у 1994 набраў 10% галасоў - заўв. HL], бо той меў вышэйшую адукацыю. Пасля 1996-га Бабарыка пераканаўся, што змены сур’ёзна закраналі Канстытуцыю, і не бачыў сэнсу ў выбарах. Мяркуе, што пераадолець прынцып Сталіна «няважна, як галасуюць, важна, як лічыць» немагчыма.
Выбар сцяга і герба — не ключавы, зараз гэта раз’ядноўвае. Мае ўласнае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі, але не будзе яго навязваць. Перакананы, што не важна, ці будзе незалежнасць Беларусі пабудаваная пад бел-чырвона-белым або пад чырвона-зялёным сьцягам. Задача прэзідэнта — аб’яднаць нацыю і сфармаваць умовы для свабоднага выбару, а не станавіцца на бок адной з яе частак.
Супраць смяротнага пакарання, за тры мовы. Збіраецца спачатку патлумачыць грамадству, чаму смяротнае пакаранне — гэта кепска, а пасля праводзіць рэферэндум за яго скасаванне. У пытанні мовы яму падабаецца прыклад Казахстана: тры мовы, а не дзве — казахская, расійская і англійская [дзяржаўная мова ў Казахстане адна — казахская, руская мае статус афіцыйнай — заўв. HL]. Згодны з Васілём Быкавым, які сказаў, што падмурак — гэта незалежнасць, далей разбяромся.
Перакананы, што ўлада баіцца яго менш, чым апазіцыя. Па словах Бабарыкі, апазіцыя забылася пра ўладу, заклікаючы не хадзіць на выбары і «затапіць Бабарыку, Цапкалу і ўсіх астатніх». Для яго гэта сведчыць пра жаданне «мець дзве маргінальныя крайнасці, якія змагаюцца паміж сабой»: традыцыйная апазіцыя і традыцыйная ўлада, якія лічаць, што кажуць ад імя народу. На яго думку, вялізнае поле народу насамрэч ніхто не прадстаўляе, але трэба працаваць з ім. Прэзідэнт мусіць адлюстроўваць не крайнасці, а цэнтр.
Чытайце таксама: «Калі Лукашэнка захопіць уладу на выбарах, будзе партызанская вайна». 9 перакананняў блогера Ціханоўскага
Трэба вярнуць Канстытуцыю 1994 года з абмежаваннем прэзідэнцкіх тэрмінаў і абмежаваннем або раздзяленнем ўладаў. Таксама трэба сфармаваць запыт на ініцыятыўнасць.
Не памятае дакладна, ці мае машыну. Бабарыка сам ходзіць у краму і на рынак, але цяпер баіцца, што будуць пазнаваць. Сваёй машыны няма, бо трымаецца адказнага спажывання і бярэ машыны ў лізінг. Хоць, «здаецца, адна ёсьць старэнькая».
Лічыць, што нянавісць беларусаў да багацця і поспеху перабольшаная, ненатуральная. Пра сябе Бабарыка кажа, што не хоча хаваць сваіх грошай, бо ён не прадпрымальнік, а менеджар. Лічыць, што «колькі плацяць, так і працуем» — філасофія маргінала, гэта не пра беларусаў. Задача дзяржавы — сфармаваць умовы, якія не ўскладняюць працу, каб, напрыклад, адкрыць кавярню можна было паводле заяўнага прынцыпу.
Чытайце таксама: Як зрабіць Гродна і Гродзеншчыну багацей: 5 ідэй Валерыя Цапкалы
Ведае, як зменшыць рызыкі, звязаныя з фальсіфікацыяй выбараў. Каб зрабіць датэрміновае галасаванне празрыстым, трэба пераконваць не рабіць датэрміновае галасаванне або «рабіць яго больш празрыстым, чым цяпер». Па яго словах, для гэтага ёсць магчымасць. Каб пазбегнуць укідаў, пастараецца забяспечыць максімальную яўка нават ва ўмовах каранавіруса, бо пры вялікай яўцы рызыка падмены мінімальная. Трэці важны эптап — як лічыць. «Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што калі на плошчу выйдзе мільён ці паўтара мільёна, ён гатовы пайсці ў адстаўку. А вы ўявіце, што насамрэч прыйдуць і прагаласуюць два мільёны. Не ведаю, што будзе з мільёнам чалавек, у якіх скралі прэзідэнта». Калі прайсці ўсе гэтыя тры этапы, з’явіцца лідар, якога людзі хацелі бачыць на чале дзяржавы, а яго не выбралі.
«Людзі з сістэмы — такія самыя людзі». Ведае, што прапановы, якія рыхтаваліся наконт дапамогі эканоміцы, зусім іншыя, «выдатныя», але іх не прынялі. Перакананы, што «людзі з сістэмы» паважаюць сябе, але іх прымушаюць выконваць загады, не звяртаючыся да іх розуму. Калі сфармуляваць запыт правільна, яны адназначна на гэта адгукнуцца. Зараз жа ў Беларусі шмат для чаго «трэба прыкладаць у 3−5 разоў больш намаганняў, чым ва ўсім свеце».