«Гродна Азот» праводзіць замеры забруджвання паветра на 250 метраў далей санітарна-ахоўнай зоны — і нават пры гэтым дадзеныя гранічна дапушчальныя. Гэта стала вядома са справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). «Гродна Азот» апублікавала справаздачу, бо плануе будаваць склад вадкага двухвокісу вугляроду. Эколагі знайшлі ў справаздачы махінацыі: у санітарна-ахоўнай зоне, з забруджваннем паветра і шумавым уздзеянні. Экспертка «Экадома» Марына Палянская тлумачыць, што не так.
Станоўчую справаздачу АУНА падрыхтаваў Гродзенскі навукова-даследчы і праектны інстытут азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу (ГІАП).
Што за будаўніцтва?
На «Гродна Азот» пабудуюць вытворчы корпус, склад вадкага двухвокісу вугляроду і трансфарматарную падстанцыю. Выкід забруджвальных рэчываў ад праектаванай ўстаноўкі складзе 4,846 т/год.
У справаздачы аб АУНА, распрацаваным у 2021 годзе, паказаны сумарны выкід па вытворчай пляцоўцы. Ён складае 9876,845 836 тон у год, а колькасць сцёкавых вод прадпрыемства складае 18 034 тыс.т/год.
— Гэта вельмі шмат. Пры гэтым неабходна ўлічыць, што за перыяд з 2021 года да цяперашняга часу на вытворчай пляцоўцы праектавалася некалькі аб’ектаў, па якіх праводзілася ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Гэта значыць, з кожным новым аб’ектам выкід забруджвальных рэчываў і колькасць сцёкаў павялічваўся. На жаль, распрацоўшчык гэтай справаздачы аб АУНА схаваў ад грамадскасці існуючую колькасць выкіду ААТ «Гродна Азот», — распавяла экспертка «Экадома» Марына Палянская.
Згодна з паведамленнем на сайце адміністрацыі Гродзенскага гарвыканкаму, грамадскія абмеркаванні справаздачы па АУНА па аб’екце «Узвядзенне ўстаноўкі вытворчасці харчовага двухвокісу вугляроду магутнасцю 2000 кг/гадзіну» завяршыліся 13 студзеня 2024 года.
Палянская лічыць, што ёсць праблемы з некалькімі пунктамі. Гэта:
- санітарна-ахоўная зона,
- забруджванне паветра,
- шумавое ўздзеянне.
Санітарна-ахоўная зона
Санітарна-ахоўная зона ўстаноўлена ў радыусе 1750 метраў ад мяжы прампляцоўкі па напрамках паўночны захад, захад і паўднёвы захад, 2000 метраў ад мяжы прампляцоўкі па астатніх напрамках і ўзгоднена з Галоўным дзяржаўным лекарам Рэспублікі Беларусь.
Санітарна-ахоўная зона была ўсталяваная больш за 20 гадоў таму. Паводле справаздачы аб АУНА, найбліжэйшая жылая забудова размешчаная за 1500 метраў. Але на кадастравай карце забудова ёсць і праз 1000 метраў: гэта вёска Вялікая Капліца на поўначы, дзіцячы дом у Панямуні праз 1480 метраў на паўднёвым захадзе, садовае таварыства «Хімік-Азот» — праз 150 метраў. Адкрытае спартыўнае збудаванне — праз 164 метраў на захадзе.
Гэта — парушэнне санітарных нормаў, лічыць эколаг.
Забруджванне паветра
Прадпрыемства кантралюе ўзровень забруджвання паветра на мяжы санітарна-ахоўнай зоны і ў жылой забудове. Але месцы адбору пробаў размешчаны на адлегласці 2000 метраў ад вытворчай пляцоўкі, хоць па трох баках яна складае 1750 метраў. «Гэта значыць, у гэтых кірунках замеры робяць не на мяжы санітарна-ахоўнай зоны, а на 250 метраў далей. Мы памятаем, што ў межах санітарна-ахоўнай зоны на адлегласці моцна бліжэй, чым 2000 метраў, размешчана жыллё», — тлумачыць праблему Марына.
У 2021 годзе, паводле дадзеных справаздачы аб АУНА, пры адборы пробаў у заходнім (188,7 мкг/м3) і паўночным (199,6 мкг/м3) напрамках фіксаваліся канцэнтрацыі аміяку ў значэннях, блізкіх да гранічна дапушчальнага (200 мкг/м3).
У 2022 годзе яны склалі ў паўночным 199,6 мкг/м3 і паўднёва-заходнім — 198,9 мкг/м3. У паўночным напрамку на адлегласці 1000 метраў размешчана жылая забудова вёскі Вялікая Капліца. «Тут замеры не робяць: правільна, навошта, раптам там будуць перавышэнні?" — задаецца пытаннем экспертка.
Магія лічбаў
У паўночна-ўсходнім напрамку на адлегласці 1650 метраў размешчаны аграгарадок Путрышкі. Паводле дадзеных замераў, тут ніякіх перавышэнняў няма. «Гэта значыць, на 2000 метрах гранічныя значэнні, а на 1650 метрах усё вельмі добра (65,9 мкг/м3)».
«Ёсць яшчэ дзве кропкі на жылой забудове, у якіх вырабляюцца замеры: гэта інтэрнат па вул.Біялагічнай, 1 у Гродне, адлегласць 8865 метраў у паўночна-заходнім напрамку (54,5 мкг/м3) і дзіцячы дом па вул. Панямуньская, 19 у Гродне, адлегласць 1480 метраў у паўднёва-заходнім напрамку (98 мкг/м3). Як так атрымалася, што ў 2000 метрах канцэнтрацыя аміяку вышэй у два разы, чым у 1480 метрах, распрацоўшчык не патлумачыў», — адзначыла экспертка.
У справаздачы аб АУНА дадзеных па рассейванню аміяку няма, але іх жа можна паглядзець у справаздачы аб АУНА па іншаму аб’екту, «Будаўніцтва агрэгата вытворчасці карбаміду» (2023 г).
«Чалавеку далёкаму ад інжынернай экалогіі разабрацца ў гэтых прыгожых малюнках складана, але я ўсё растлумачу. Ружовыя і жоўтыя вобласці малюнка — гэта вельмі дрэнна, пахне там нясмачна, дыхаць гэтым шкодна. Чырвонай стрэлачкай паказана адкрытае спартыўнае збудаванне, у гэтай зоне перавышэнне нарматываў у 1,5−2 разы, не раю займацца спортам на гэтай пляцоўцы. Фіялетавая стрэлка — гэта жылая забудова н.п. Вялікая Капліца, канцэнтрацыі аміяку тут каля гранічна дапушчальнай. Аранжавая стрэлка — гэта садовае таварыства „Хімік Азот“, перавышэнне нарматыву ў 1,5−2 разы, усё дрэнна. З дадзенай карты вынікае яшчэ і тое, што канцэнтрацыя вышэй побач з крыніцамі выкідаў і зніжаецца па меры аддалення, але па дадзеных замераў, на адлегласці 2000 метраў канцэнтрацыя вышэй, чым на адлегласці 1480 метраў. Хацелася б, каб распрацоўшчык растлумачыў нам, як такое магчыма», — тлумачыць Палянская.
Шумавое ўздзеянне
Распрацоўшчыкі справаздачы зрабілі выснову, што ўзроўні шуму не перавышаюць гранічна дапушчальны ўзровень на мяжы санітарна-ахоўнай зоны і на жылой забудове. Але разлікаў і падставы для вываду не далі.
«Для распрацоўніка час, мабыць, спыніўся 20 гадоў таму»
Па словах Палянскай, справаздачы ГИАП выкананы як пад капірку. У іх ёсць спасылкі на неактуальныя нарматыўна-прававыя акты.
«Напрыклад, распрацоўшчык спасылаецца на Закон «Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя»
ад 26.11.1992 г. № 1982-XII у рэдакцыі Закона РБад 17.07.2002 г. № 126-З, але актуальная рэдакцыя гэтага закона датавана27.12.2023 г. З моманту зацвярджэння рэдакцыі закона, названай распрацоўшчыкам у справаздачы аб АУНА, закон выходзіў у 25 рэдакцыях! Але для распрацоўніка час, мабыць, спыніўся 20 гадоў таму.
Ні дзяржаўную экалагічную экспертызу, ні цэнтр гігіены і эпідэміялогіі горада Гродна не бянтэжыць, што ў межах санітарна- ахоўнай зоны размешчаны аб’екты, якія, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, размяшчацца там не могуць", — абураецца экспертка.
Эколагі накіравалі пытанні ў дзяржаўныя органы і распрацоўніку справаздачы аб АУНА.
Чытайце таксама: Фірма-пракладка ад райвыканкама і шлях у Дубай праз Літву. Як «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі