Сын гродзенскага дыякана Андрэй Аўсіевіч правёў за кратамі больш за тры гады па палітычнай справе. Зараз ён наладжвае новае жыццё ў Польшчы. Гісторыю хлопца апублікавала «Наша Ніва».
«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Андрэю ўладкавацца ў замежжы і пачаць працаваць — дапамагчы можна тут.
«Адзін з супрацоўнікаў паказаў мне мой каментар наконт дачкі аднаго мінскага генерала, якая тады вучылася ў Польшчы»
Андрэй з шматдзетнай (5 дзяцей) сям'і вернікаў. Яго бацька — протадыякан Іван Аўсіевіч — праслужыў шмат гадоў у Гродзенскім кафедральным саборы, а потым яго перавялі ў драбнейшы гродзенскі прыход бліжэй да дома. У пачатку 2020-га бацька перажыў інсульт і апынуўся ў інвалідным вазку — гэта паставіла крыж на магчымасці служыць.
30-гадовы хлопец — праваслаўны вернік, але паўтараць шлях бацькі не хацелася: бачыў, наколькі гэта цяжка. У сярэдзіне 2010-х Андрэй адслужыў у арміі, але працу ў Гродне не знайшоў — давялося ехаць у Славакію на будоўлю. Потым працаваў кіроўцам на мясакамбінаце ў Гродне, але звольніўся і адтуль — праз нязгоду з умовамі працы і нізкім заробкам.
Пасля мясакамбіната Андрэй афіцыйна ўладкаваўся апякуном бацькі-інваліда, атрымліваў за гэта каля 200 рублёў ад дзяржавы. Цягам некалькіх месяцаў пасля выбараў-2020 хлопец удзельнічаў у пратэстах. Аднойчы быў затрыманы — аказалася, што яго пераблыталі з іншым пратэстоўцам.
Але пазней зацікавіліся і самім Андрэем. У пачатку траўня 2021 года хлопца выклікалі ў РАУС пагутарыць — быццам бы дзеля таго, каб ён 9 траўня не вырашыў удзельнічаць «ва ўсялякіх акцыях». На падыходзе да РАУС яго і затрымалі. Адначасова зладзілі вобшук дома ў хлопца на вачах хворага бацькі.
Афіцыйна хлопец трапіў пад увагу, бо пакінуў каментар, які нібыта зняважыў участковага. Яму мянялі артыкулы і спыніліся на артыкуле 130 — распальванне варажнечы.
Але хлопец прычыну бачыць у іншым:
«Калі я быў у ГУБАЗіКу, адзін з супрацоўнікаў паказаў мне мой каментар наконт дачкі аднаго мінскага генерала, якая тады вучылася ў Польшчы. Я там напісаў, каб яе пазбавілі візы. І губазікавец сказаў: маўляў, каб не гэты каментар, мы б цябе нават не шукалі.
Проста напісаў той каментар і забыўся на яго. Потым хацеў знайсці тую дачку генерала, але не здолеў".
Вынікам стаў прысуд у тры з паловай гады зняволення.
Ці не расчараваўся ў царкве за час у калоніі?
У лютым 2022-га хлопец апынуўся ў магілёўскай калоніі. Успамінае, як працаваў «на лучыне»: маленькія дзеравячкі трэба было збіраць у пакецікі, потым па гэтыя пакецікі прыязджала фура і адвозіла на вытворчасць.
Андрэй наведваў царкву ў калоніі. Кажа, што людзям за кратамі ўвогуле часта робіцца цікавай рэлігія, вось толькі там гэта мае свае асаблівасці:
«Напэўна, спрабуюць загладзіць віну, знайсці сабе прабачэнне, апраўдаць, што там знаходзяцца. Шмат хто любіць казаць — маўляў, я трапіў сюды, і магчыма, гэта мяне засцерагло, бо на волі мяне б ці зарэзалі, ці я памёр бы ад перадозу.
Некаторыя сыходзяць у рэлігію так моцна, што ажно галава заварочваецца. Чытаюць Біблію, завучваюць яе часткі на памяць і ўсім расказваюць ды навязваюць, як і што трэба рабіць, хаця не надта разумеюць, што яны прачыталі".
Андрэй апісвае турэмнага святара як чалавека, які ніяк не ўплывае на становішча людзей за кратамі. А што, калі такому святару давядзецца ўзаемадзейнічаць з турэмнымі парадкамі — напрыклад, першым у чаргу на прычасце стане чалавек «нізкага статусу», а ўжо за ім — астатнія вязні? Хлопец упэўнены, што святар дакладна не будзе вырашаць гэтае пытанне, гэтым будуць займацца вязні.
У хрысціянства шмат ідэалаў наконт таго, як ставіцца да вязняў. Андрэй прызнаецца — адчуваў сябе некамфортна ад таго, як гэта працуе насамрэч:
«Не вельмі нармальна, калі некаторыя святары і іерархі заплюшчваюць на ўсё гэта вочы. Яны ігнаруюць тое, што насамрэч адбываецца, некаторыя ўвогуле пераходзяць на бок зла. Але шмат хто там на нашым баку, усё разумеюць і падтрымліваюць.
Духавенства, якое прыязджае ў калонію, мае задачу проста там служыць. Яны могуць асвяціць прадукты, прыняць споведзь або прычасціць — і ўсё. Яны асабліва і не ўплываюць на зону".
Перажытае, аднак, не змяніла яго стаўленне да царквы. Андрэй разважае, што калі нейкія структуры і прадстаўляюць праваслаўе ў Беларусі, гэта не значыць, што яны нясуць адказнасць за паводзіны ўсіх вернікаў.
На думку хлопца, прадстаўнікі рэлігій маглі б заняцца выхаваннем сапраўдных крымінальнікаў за кратамі, вучыць іх, што такое дабро і зло.
А што такія людзі маглі б зрабіць для палітвязняў, якіх выпраўляць не трэба?
«У ідэале — зрабіць так, каб яны там не знаходзіліся, адстойваць пазіцыю дабра, справядлівасці і сумленнасці, і не толькі ў зонах, а паўсюль. Канечне, у мяне ёсць наконт гэтага неразуменне. Фармальна ты кажаш, што падтрымліваеш усе гэтыя ідэалы, а насамрэч не тое што ім не спрыяеш, а робіш супрацьлеглыя гэтым ідэалам рэчы».
«Я сам усё рабіў правільна»
Ва ўспамінах Андрэя зона — гэта па сутнасці канцлагер: па дарозе на прамзону не хапае толькі надпісу на браме «Праца вызваляе», як у нацысцкіх лагерах. Хлопец кажа, што ў многіх супрацоўнікаў турэмнай сістэмы простая мэта — зарабляць грошы і неяк забаўляцца.
А як «забаўляцца», калі ў цябе ёсць улада над людзьмі? Можаш кагосьці падставіць, кагосьці накіраваць у ШІЗА ці на крытую турму. Згадвае Андрэй і збіцці вязняў, характэрныя для магілёўскай калоніі.
«Некаторыя вязні кажуць: маўляў, калі б мы ведалі законы, мы б маглі ім (супрацоўнікам — „НН“) нешта зладзіць. Але нічога ты б не здолеў, яны проста звязалі б цябе і збілі, і ніякі закон табе не дапамог бы», — адзначае былы палітвязень.
Пасля вызвалення Андрэй зрабіў польскую візу (на гэта сышло некалькі месяцаў) і з’ехаў з Беларусі. Не бачыў сэнсу заставацца, тым больш што ён, сын гродзенскага протадыякана, знаходзіцца ў спісе «тэрарыстаў», то-бок значна абмежаваны — без спецыяльных дазволаў не мог, напрыклад, аформіць картку ці набыць сім-карту.
Ды і Беларусь была ўжо не тая, што на час яго затрымання. Акрамя змены ў атмасферы, хлопец мае яшчэ адно цікавае назіранне:
«Бачна, што ў параўнанні з 2020−2021 гадамі нашы гарады прыходзяць у заняпад. Калі ты едзеш па іх, заўважаеш, што смецця стала болей, дамы абшарпаныя — грошай на ўсё не хапае».
У лістападзе 2024 года ён апынуўся ў Польшчы. Цяпер жадае вучыцца 3D-мадэляванню — яшчэ да зняволення Андрэй спрабаваў асвоіць адпаведныя праграмы.
Хлопец кажа, што прыняў свой досвед зняволення:
«Канечне, мне не вельмі прыемныя тыя, хто гэта ўсё зладзіў, хто захапіў уладу. Але калі і злавацца, то толькі на іх, больш мне няма каго вінаваціць. Я сам усё рабіў правільна, я сеў у турму не таму, што рабіў нешта незаконнае ці страшнае, мяне пасадзілі іншыя людзі. Гэта іх праблема, а не мая».