«Надакучыла граць на кухні самому сабе – сталу, сценам, імбрычку», – прызнаецца музыкант. Рашэнне ўспомніць па чарнавіках і сабраць разам музыку, якую 10 гадоў таму ствараў у праекце Opus Magnum, ён тлумачыць жаданнем “пакінуць след у гісторыі”. Час гэтай музыкі і яго не прайшоў, упэўнены Арцём. Ён распавёў для Hrodna.life, як “захварэў” на музыку, хто дапамог вярнуцца да слухачоў і чаму сапраўдны гітарыст ніколі не бывае “былым”.
Вырашылі граць рок і адрошчваць валасы
Зараз Арцёму 34 гады. У музычных метал-гуртах ён грае з восьмага класа. “Калян” вучыўся ў школе №18 з музычным ухілам па класе гітары. Тады разам з аднакласнікамі яны стварылі гурт “Eclipse”.
“Знайшлі барабанную ўстаноўку, электрагітары і вырашылі граць рок. Адміністрацыя была не супраць. Песні спявалі на рускай, выступалі ў школе і на іншых пляцоўках, – успамінае пра пачатак творчай кар’еры Арцём. – Алег “Варона” падсадзіў на Rammstein і Metallica і панеслася. Пачалі развівацца і адрошчваць валасы”.

Далей “па музыцы” Арцём не пайшоў. Яго праца зараз звязаная з паверкай і рамонтам прыбораў кантролю – манометры, тэрмометраў і вагаў. Музыка засталася хобі і аддушынай.
“Калі б гэта стала маёй прафесіяй, то я б да яе так не ставіўся. Хутчэй за ўсё, было б як на звычайнай працы: прыйшоў і сышоў. А так я ўкладваю час і душу”, – кажа Арцём Пузыня.

Гралі проста «ў стол»
Пазней музыку запрасілі ў гродзенскі гурт Discord. У гэты час, па ўспамінах Арцёма, было шмат канцэртаў у клубах і “пастаянны варушняк”.
“У 2010 не быў так развіты інтэрнэт. Людзі не казалі тады “гук гаўно, за што я буду хадзіць, грошы плаціць”. Яны ішлі на канцэрт і проста тусілі. Прыходзіла па 100 чалавек. Крута было”.
Да мінусаў таго перыяду Арцём адносіць адсутнасць любых вынікаў – музыкі былі “зараджаныя проста граць”.
“Не было выразна пастаўленай задачы і мэты нешта запісваць. Гралі і гралі, на гэтым усё. Я зараз разумею, што гэта вялікі недагляд, усё гэта было ў стол, а стол ты выкінеш на вуліцу і наогул нічога не застаецца”.
За ўвесь час у музыкаў засталося толькі пару “дэмак”, запісаных на дыктафон.

У пачатку 2000-х Арцём граў адначасова ў некалькіх групах. Звычайна на гітары, але мог сесці і за барабаны. Усе інструменты ён асвойваў самастойна.

Opus Magnum зарадзіўся прыкладна ў 2007 годзе, калі Арцём з “Варонам” хадзілі на “Каложу” і гралі каверы.
“Музыка ў дамінатарах была цяжкая, я захацеў чагосьці спакойнага. Пачаў складаць. Трэкаў хапіла на альбом”, – сказаў Арцём. Музыку здалося, што музыка атрымалася дурнаватай – “пасядзець вечарам аднаму і падумаць, не больш за тое”. Тады праект так і застаўся няскончаным.
Вярнула ў музыку песня пра Беларусь
Падзеі 2020 года паўплывалі на музыку, і нарадзілася кампазіцыя “Прысвячаецца крышталёва чыстай і незалежнай Беларусі”. “Усе ў трансе хадзілі, а ў мяне ўсё вылілася ў гэтую кампазіцыю. Запісаў відэа, зрабіў свой канал і “выйшаў у людзі” праз інтэрнэт”, – распавёў Арцём пра тое, як “размарозіўся” праект. Але аказалася, што музычны свет за гэты час моцна змяніўся.

Дыскі больш не кацяць. А што трэба?
Арцём хацеў запісаць альбом і выпусціць пару дыскаў, як планаваў 10 гадоў таму, але перадумаў. Музыка стаў шукаць інфармацыю пра размяшчэнне і прасоўванне музыкі на лічбавых пляцоўках.
“Адправіў 300-400 лістоў у розныя лэйблы па ўсім свеце. Адказалі 15. Асабліва добрых прапаноў не паступала. Гэта зразумела – хто я такі”.
“За апошнія чатыры гады людзі не выпускаюць альбомы, толькі EP (міні-альбом) па 3-5 песень або асобныя сінглы. Усё выпускаецца на лічбавых пляцоўках”, – пракаментаваў музычны дырэктар і гукарэжысёр студыі “ForZ” у Мінску Зміцер Галадко. За два гады яго студыя выпусціла толькі чатыры альбомы. Па словах Змітра, сінглы і ЕР лягчэй раскруціць і яны пакрываюць больш аўдыторыі за год.

Добра запісваць, калі слухае “чужое вуха”
Зміцер — музыка паводле адукацыі, і пра карысць «чужога вуха» пры запісу ведае з уласнага досведу. “Я даўно ў тэме запісу з вакалістамі, тэхнічна магу падказаць. Сам люблю, калі пішу, каб хто-небудзь прысутнічаў і сказаў з боку: падабаецца ці не. Я лічу, што гэта карысна. Добрая, правільная крытыка – яна спрыяе добрамузапісу”.
Раней праблем з доступам да аўдыторыі ў беларускіх музыкаў не было.
“Калі я быў малым, у 2000-х, мы бралі гітары, з нагі адкрывалі любы клуб. Казалі: “Давайце мы будзем у вас граць, прывядзем натоўп людзей, а вы нам адсотак з касы або з бара аддасце”. Мы гралі ўсюды – у барах, ДК, на вуліцы, – кажа Зміцер. – Было проста і лёгка атрымаць дазвол. Зараз зроблена ўсё, каб рэалізацыя музыкаў была як мага цяжэйшай. Увялі ліцэнзіі, “гастролькі” канцэртныя і яшчэ нешта”.
У такіх умовах, лічыць Дзмітрый, бэнду-пачаткоўцу складана расці і шукаць свой твар. “Калі граеш канцэрты, ты бачыш, як трэба рухацца, што людзям заходзіць, што не. З гэтага робіцца творчасць. [Становіцца зразумела], як граць жыўцом, як натоўп сябе паводзіць – ты атрымліваеш досвед”. Зараз праца ў студыі і гранне па “кропках” – практычна адзіная альтэрнатыва для маладых музыкаў. “Каманды прыходзяць да мяне, проста рэпетуюць ад сілы паўгода, а потым развальваюцца. Бо гэта нецікава – проста прыходзіць і рэпетаваць. Цікава атрымліваць кайф і канцэртныя эмоцыі, развівацца, паказваць сябе. Вось мы рэпетавалі, нават калі граць не ўмелі! Выходзілі на сцэну і проста кайфавалі. Цяпер гэта складана атрымаць музыкам”.
Праз адарванасць ад аўдыторыі беларускім музыкам складана разумець, што ты «прадаеш», і рабіць запатрабаваны музычны прадукт. “Калі яны не ўзаемадзейнічаюць з публікай, яны гэтага і не ведаюць, – лічыць Зміцер. – Музыку трэба выходзіць на сцэну і кайфаваць! Ты бачыш па публіцы рэакцыю. Гэта дапамагае рабіць музыку, якая чапляе і гайдае».
Прэм’ера праз 10 гадоў
Свой альбом з мінулага Арцём вырашыў запісаць у “VIKSTUDIO” у гродзенца Аляксандра Вікуньі-Арыета.
“Прыйшоў да Сашы, зрабіў пробны запіс. Ён паказаў, што можа зрабіць з гукам – мне спадабалася, і я пайшоў рыхтавацца да запісу, падточваць тэхніку”, – распавёў Арцём.

Аляксандр займаецца запісам, звядзеннем, майстарынгам, а таксама прадастаўляе паслугі сесійных музыкаў. Гэта значыць, што на яго студыі нават музыку-пачаткоўцу дапамогуць зрабіць песню з нуля.
У студыю звяртаюцца блэк-металісты, поп-рок музыкі, мясцовыя барды і джазмэны. “У мяне студыя, такая, правінцыйная. Я, фактычна, займаюся ўсім”. Асноўныя замоўцы ў Аляксандра – выхадцы з гродзенскай музычнай тусоўкі. Галоўная рэклама і гарантыя якасці – “сарафаннае радыё”.
Прыйшоў час здзейсніць юнацкую мару
Арцём не браў у рукі гітару два гады. Нават музыку не слухаў асабліва – з-за занятасці. “Пачаў запісваць альбом, з’явіліся новыя кампазіцыі, і зноў запаў у музычную залежнасць, — патлумачыў Арцём, чаму вырашыў запісаць альбом. – Прыйшоў час завяршыць і выканаць юнацкую мару, захацеў “наслядзіць” у гісторыі”.
На думку Арцёма, былых гітарыстаў не бывае, і гэта “хвароба”. «Чым больш я граю, тым больш захворваю», — сказаў музыкант.
Вяртацца ў метал-гурт ён не збіраецца. “Даў сабе абяцанне, што метал граць ужо не буду. Слухаць – так. Граць – ужо не тое”. Кажа, што зараз у яго іншыя прыярытэты, сярод якіх праца і трэніроўкі. І – іншая музыка.
15 студзеня ў сеціве выйшаў альбом “In remember of…” Opus Magnum. Гродзенская прэм’ера альбома пройдзе 29 студзеня 2022 года ў тату-салоне “Адважнае сэрца”. Арцём хоча зрабіць на прэзентацыі ўсё, як у альбоме – з другой гітарай. Падыграць другую партыю музыка папрасіў “Варону”, з якім яны гралі ва ўсіх гуртах і хто першы падсадзіў яго на цяжкую музыку. Будзе гучаць адна кампазіцыя з першага альбома “Ember” 2007 года. Арцём плануе 5 лютага прэзентаваць альбом у Менску.












