Прэзентацыя арт-праекта рэдакцыі Hrodna.life і мастацкай студыі Кацярыны Забелінай прайшла 15 лютага ў Цэнтры гарадскога жыцця. Госці выставы пабачылі малюнкі відаў Гродна, іх прынты на адзенні і посудзе, а таксама фотавыставу пра тое, як мастачкі «сушылі» адзенне з выявамі Гродна ў гродзенскіх дворыках.
І на малюнках, і на фотаздымках праекта адлюстраваны Гродна — «блізкі і шчыры». Якім мы яго бачым і не бачым.
Мець мастацтва бліжэй да сэрца
Усе пачалося, калі Ірына Новік наведала заняткі ў арт-студыі і шчыра захапілася творамі навучэнак.
— Я зразумела, што такі горад — шчыры, блізкі, якім яго бачаць мастакі, не бачыць ніхто. І гэтую гаму пачуццяў мне захацелася перадаць на рэчах, якімі мы карыстаемся штодзень — на футболках і кубках. Малюнкі на вялікіх палотнах нібы трымаюць гледача на дыстанцыі, а тут яны выклікаюць такія цёплыя пачуцці, што хацелася іх бліжэй да сэрца мець, — расказвае Ірына.— Мы рэалізавалі такі праект з Hrodna.life, каб усе адчулі, што Гродна жыве ў нашых сэрцах, і мы гатовыя яго перадаваць у праект, — дзеліцца Кацярына Забеліна. — Да нас прыходзяць людзі, якія яшчэ ўчора казалі, што не ўмеюць маляваць і не трымалі ў руках ні пэндзліка, ні алоўка са школы. І паглядзіце на выдатны вынік. У нас тут і дзеці, і дарослыя, і тыя, хто спачатку сумняваўся ў сваіх сілах.Ірына заўважыла, што большасць творцаў у студыі - менавіта мастачкі, а не мастакі. Гэта добрая тэндэнцыя, лічыць яна: «Калі раней жанчыны ўвесь час трацілі на хатнюю працу, то зараз ёсць альтэрнатыва — можна больш творча і натхнёна правесці свой час. І жанчыны ўмеюць яго выкарыстаць».
Наведвальніцы студыі, чые працы змешчаны на кубках і футболках, кажуць, што навучыцца маляваць можна заўсёды. Гэта дапамагае ім заўважаць змены ў горадзе, псіхалагічна раскрывае і абагачае.У фатаграфічнай частцы праекта Ірына Новік прапанавала мастачкам самім стаць аздобаю для сваіх твораў. «Мы пайшлі ў гродзенскія дворыкі, каторыя мала хто бачыць, са сваімі надрукаванымі на футболках пейзажамі Гродна. Тэмаю выхада ў горад стала сцірка і сушка бялізны. Таму і фотавыставу зрабілі ў выглядзе фота-сушкі».
Аднавіць на фотаздымках Гродна, каторы мы ўжо не бачым ў рэальнасці, дапамаглі даўнія рэчы — каромыслы, вёдры, пранік і дошкі для сціркі бялізны, драўляныя прышчэпкі. Іх прадаставіў для здымак Януш Паруліс, удладальнік прыватнага музея пабытовай гісторыі. Падтрымку ў друку фотагісторыі пра мастацкую сцірку і сушку аказаў фотацэнтр «Мега».
«Для мяне фотапраект пра мастачак і іх узаемаадносіны з уласнымі творамі на фоне горада стаў вельмі цікавым досведам. Тое, як дзяўчаты пражывалі сябе ў прапанаваных абставінах - таксама мастацкае дзеянне. Я рада, што мне пашчасціла гэтыя міні-перфомансы зафіксаваць і што ёсць магчымасць паказаць іх на фотаздымках», — расказвае Ірына Новік, — Такі Гродна гледачы напэўна раней не бачылі!"
Футболкі можна набыць, замовіўшы ў рэдакцыі. Цана — 25 рублёў. Кубкі абыдуцца ў 10 рублёў. Звяртайцеся на info@hrodna.life.