Мастацкі марафон у Новым свеце разам з Hrodna.life пачала гродзенка Влада Шамава тыдзень таму. На 7 красавіка ў багажы праекта 3 гатовыя малюнкі і купа прыгодаў. Наведаць Владу заляталі пара новасвецкіх варонаў і мясцовы кот. Да слова, ім таксама знайшлося месца на малюнках — без іх атмасфера раёна зусім не тая.

На марафоне, па словах Влады, малюнкі былі самай простай частках. Змагацца прыйшлося з інстаграмам, тэхнікай відэаздымкі, халодным надвор’ем, ветрам і не да месца запаркаванымі аўтамабілямі.


Чытай яшчэ: Новы Свет у малюнках і асабістых гісторыях. Hrodna.life і мастачка Влада Шамава пачалі новы праект


Кот, вароны і бабуля-сюрпрыз

«Людзей не было зусім. Не таму, што ім нельга. Проста раён такі, асабліва ніхто не ходзіць. Затое быў кот. І дзве вароны. Не пастаянныя. Але я ўсё роўна ўключыла іх у працу», — дзеліцца мастачка ўражаннямі ад першага дня праекта.

Назіральнасць Влады складае сюжэты, што хочацца ператварыць у гісторыі: «У доме побач жыве бабуля. Яна па чарзе са сваіх трох вакон выглядае. Такая бабуля-сюрпрыз. Ніколі не ведаеш, з якога акна яна з’явіцца наступным разам».

Наступнымі днямі Влада знаёмілася з мясцовымі жыхарамі, мінакамі, а таксама галубамі і коцікамі. Самымі экзатычнымі знаёмцамі мастачкі сталі цмокі з дома № 7 на Міцкевіча і рыбкі-неоны, каторых ёй падаравалі проста ў Новым Свеце.

Цмокі паўсюль

«Дом с драконамі прынёс сюрпрызы. Аказваецца, гэтыя істоты абітаюць там не толькі пад дахам, але і над кожным акенцам. Я іх туды памясціла на малюнку, а ў якасці падзякі за адкрыццё падарыла дому абярэг ад сябе — дамалявала вялікага цмока над уваходам. Ён так арганічна ўпісаўся, нібы заўжды там жыў».

Адзін з мінакоў расказаў мастачцы, што наведваў гэты дом, калі там яшчэ жылі людзі. Мужчына ўзгадаў драўляную лесвіцу на другі паверх і вядро з вадою, пры каторым заўжды быў кубак, каб напіцца.

Пераадолець вясновую непагоду Владзе дапамагаюць рукавіцы і кемлівасць: «На маім учорашнім месцы моцна дзьме, то хаваюся за рог дома. Малюю часткова па памяці, толькі часам вызіраю з-за вугла, каб зверыцца. У рукавіцах маляваць не асабліва зручна — пастаянна размазваецца акварэль, адно паспявай выціраць. Затое гэта цікава. Нібы такая гульня — паспей, пакуль не засохла».

Мясцовыя сталі вітацца

Наступны дом, каторы Влада ўзяла «на аловак» быў жылым.

«Часам з дома выходзілі людзі. Некалькі разоў хлопчык выбягаў і я даведалася, як шмат у яго хатніх абавязкаў. Потым яго мама выходзіла вешаць бялізну ды хадзіла побач па сваіх справах. Раз на шосты мабыць вырашыла, што мы ўжо дастаткова знаёмыя і павіталася».

Прыкмета часу — людзі ў масках — таксама не абмінула Новы Свет. Да бабулі з дому прыйшлі валанцёры Чырвонага Крыжа, прынеслі ёй ад доктара рэцэпт на лекі".

Агулам, па словах Влады, марафон ідзе сваім ходам. Прынамсі, першапачатковая прахалода ў надвор'і і адносінах ужо пераадолена. «Сёння было +16. Далоў шапку! І пальчаткі таксама! І нават шалік зняла!»


Марафон малюнкаў з Новага Свету мастачка будзе весці цягам месяца — ад 1 да 30 красавіка. Яна будзе маляваць акварэллю з натуры дамы і дворыкі гістарычнага раёна Гродна. Гараджане могуць далучыцца да праекта, расказаўшы цікавыя факты з гісторыі раёна ці з уласнага жыцця, або параіўшы для малявання маляўнічы куток Новага Свету.

Не важна, які перыяд вашага жыцця звязаны з гэтым раёнам. Не важна, ці доўга вы тут жылі. Калі ёсць што ўзгадаць пра гэта чароўнае месца — падзяліцеся сваімі ўспамінамі, далучайцеся да праекта.

Па выніках праекта мы правядзём выставу, а таксама надрукуем малюнкі на розных карысных рэчах: нататніках, торбах, кубках ды іншых.


Чытай яшчэ:

Рэквіем па «Гарачым Хлебе». Як 10 гадоў таму ў Гродне знеслі сапраўдны помнік

Дзесяць страчаных аб’ектаў, якія маглі б стаць «фішкай» турыстычнага Гродна

«Спыніце знішчэнне Гародні». Пакуль вы спалі, на Валковіча пачалі зносіць старадаўні дом

Шляхам драўлянага Гродна: канструктывізм, мадэрн і проста атмасферныя хаткі, якія ты мусіш пабачыць

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.