Студэнт ГрДУ Дзмітрый Ушкевіч стварыў мабільны дадатак «LogDoc» для лагістычных кампаній. Ім ужо карыстаецца гродзенская фірма грузаперавозак «Кристаллтранс». І яны вельмі задаволеныя — гэта зручней, чым камунікаваць з кіроўцамі праз мэсэнджары.

Сістэма камунікацыі і сістэма кантролю

У фірме «Кристаллтранс» была праблема ў камунікацыі паміж дыспетчарамі і кіроўцамі. Справа ў мностве дакументаў. У пачатку і ў канцы рэйсу кіроўца атрымлівае накладныя, якія павінен перадаць дыспетчару. Дадзеныя з іх: лічбы, назвы, імёны — праз тэлефон перадаваць нязручна і дорага. Званок займае каля 15 хвілін, якія ў роўмінгу каштуюць нямала.

Дырэктар фірмы Аляксандр Старахатні запрасіў студэнта Дзмітрыя зрабіць мабільны дадатак для сваёй кампаніі. Так з’явіўся «LogDoc». Ён спалучае сістэму камунікацыі і сістэму кантролю, дазваляе хутка перадаць фотаздымак накладной. Так здымаецца нагрузка і з кіроўцы, і з дыспетчара. Першы дасылае фотаздымак і забывае пра яго. А другі адразу бачыць фота і не мусіць перапытваць дадзеныя. Спіс дакументаў зручна сартуецца паводле часу і даты.

Студэнт з Гродна стварыў мабільны дадатак для лагістычных кампаній

Сістэма кантролю дазваляе дыспетчару адсочваць перасоўванні кіроўцаў праз GPS. На мапе выбудоўваецца маршрут, які разбіваецца па датах.

Чаму не проста мэсэнджар?

Лагістычнай кампаніі не пасавалі звычайныя мэсэнджары. У «LogDoc» акаўнт прывязаны да аўтамабіля, а не да чалавека. Таму дыспетчар мае ў дыялогу 20 фур замест 60 кіроўцаў, якія змяняюцца. Так ён бачыць агульную карціну перасоўванняў. А хто кіруе аўтамабілем становіцца няважна.

Дзмітрый лічыць, што саліднай фірме не варта выкарыстоўваць мэсэнджары. У сваім дадатку ён прапануе персаналізацыю: дадатак ствараецца ў фірмовым стылі кожнай канкрэтнай кампаніі. «Карпаратыўны стыль прыемны супрацоўнікам кампаніі. Такі дадатак павышае яе саліднасць», — кажа стваральнік.

«Пра грошы гаворкі не ішло»

Дзмітрый вучыцца на трэцім курсе ГрДУ і працуе ў кампаніі «Exposit». Камерцыйнай распрацоўкай мабільных дадаткаў займаецца два з паловай гады. Зараз ён дапрацоўвае дадатак. «Я быў зацікаўлены атрымаць вопыт, — кажа ён — Пра грошы мовы не ішло. Было проста цікава зрабіць нешта. А калі б гэта яшчэ і дапамагло кампаніі, было б увогуле крута». Зараз ён прапанаваў свой дадатак яшчэ чатыром кампаніям і чакае ад іх адказу.

Студэнт з Гродна стварыў мабільны дадатак для лагістычных кампаній
Дзмітрый Ушкевіч. Фота з сацсетак

Развівацца дапамагае тое, што ў ГрДУ можна браць індывідуальны план, калі працуеш па спецыяльнасці. Дзмітрый лічыць, што зараз для маладых студэнтаў створана шмат умоваў. Напрыклад, можна наведваць стартап-школы, ІнвестУікенды ці суполкі для бізнесмэнаў. «Там збіраюцца эксперты высокага ўзроўню. Калі яны дзеляцца сваім вопытам, гэта матывуе і дае штуршок наперад», — кажа Дзмітрый.

Сталі хутчэй вяртацца грошы

— Мы пакуль абкатваем гэтую праграму, — расказвае Аляксандр Старахатні. — Там ёсць што дапрацоўваць. Але мы вельмі рады, што маладыя людзі ў такім узросце так хутка ўліваюцца ў тэму і могуць зрабіць спецыяльную прыкладную праграму.

Студэнт з Гродна стварыў мабільны дадатак для лагістычных кампаній
Дырэктар «Кристаллтранс» Аляксандр Старахатні

У фірме працуюць кіроўцы розных узростаў. Некаторыя з іх карыстаюцца толькі кнопачнымі тэлефонамі і не маюць смартфонаў. У «LogDoc» спрошчаны інтэрфэйс, адправіць фота можна праз два тапы, таму яго засвояць і гэтыя людзі.

— Нашы кіроўцы працуюць сем дзён па зменах, — кажа Віктар Лукойла, інжынер па арганізацыі перавозак. - Аўтамабілі рухаюцца па ўсёй краіне, а кіроўцы змяняюцца на лініі. Ехаць у Гродна, каб здаць накладную, а пасля ехаць да кліентаў, не зусім мэтазгодна і выгадна. Менавіта для аператыўнасці перадачы інфармацыі і ствараўся гэты дадатак. Чым хутчэй прыйдзе накладная, тым хутчэй я магу выстаўляць аплату для кліента. Так грошы сталі вяртацца хутчэй і фінансавае становішча фірмы палепшылася.

Студэнт з Гродна стварыў мабільны дадатак для лагістычных кампаній
Віктар Лукойла, інжынер па арганізацыі перавозак

Аляксандр лічыць, што дадатак будзе карысны і іншым кампаніям, не толькі транспартным. Гэтак, у будучыні Аляксандр Старахатні хоча праз дадатак кантраляваць тэхнічны стан транспарту. Дадзеныя накшталт ціску паветра ў колах ці тэмпературы ахалоджваючых вадкасцей будуць адлюстроўвацца на экране. А кіроўцаў, якія працуюць кругласуткава, дадатак будзе «будзіць» пры зменах у яго ціску ці сардэчнага рытму.