«Гэта гістарычны момант», — кажа са сцэны вядоўца, гродзенскі актор Аляксандр Рацько. І дадае, што кожны з нас зараз далучаецца да гэтай самай гісторыі. Каля Гарадка (па-польску — Грудэка) завяршылася «Басовішча» — беларускі фестываль у Польшчы з 30-гадовай гісторыяй. Hrodna.life адправіўся зафіксаваць гэты момант і даведацца, што будзе далей.
Здаецца, мне расказалі пра гэты фестываль, як толькі я патрапіла ў патрэбную тусоўку. Расказвалі, што гэта асаблівы фестываль — з атмасферай свабоды, на якім сустракаеш сяброў і знаёмых, якіх бачыш раз на год. Расказвалі пра традыцыі «Басовішча»: маўляў, ранкам другога дня трэба абявязкова паснедаць на запраўцы (некалі гэта рабілася ў «Кілер бары»), потым схадзіць на возера, потым паспаць, а там — і канцэрт пачынаецца.
Пра апошняе «Басовішча», здаецца, напісалі ўсе яшчэ да яго правядзення. Арганізатары шмат разоў расказалі, што адбываецца, наведвальнікі павыкладалі ў сацсеткі рарытэтныя фоткі, напісалі настальгічныя допісы. Некаторыя маюць і аптымістычныя прагнозы. Маўляў, скончыўся адзін этап — пачнецца новы.
На фестываль мы ехалі на другі дзень. Трошку заблукалі, спыталі дарогу ў Грудэку ў маленькіх раварыстаў з блакітнымі валасамі, і яны паказалі нам дарогу на фестывальную паляну. Увогуле, цікава прыязджаць на другі дзень фэсту. З тых, хто прыехаў раней, ужо сыйшоў налёт цывілізацыі - адсутнасць макіяжу, сну і шмат піва робіць сваю справу. Адразу чуеш бездань гісторый пра тое, як нехта не дайшоў спаць у свой намёт, бо па траекторыі шляху траплялі хмельныя напоі, як нехта быў вымушаны ісці спаць у чужы, бо ў ягоным суседзі займаліся сэксам.
Магчыма, на колькасць выпітага ўплывае і адсутнасць нейкіх забавак на фестывалі. З іх — канцэрт, маркет і фудкорт. Усю пляцоўку можна абыйсці за пяць хвілін. А пакуль ідзе саўндчэк, рабіць асабліва няма чаго. Такая сітуацыя, кажуць арганізатары, узнікае з-за недахопу сродкаў. Хаця сёлета можна было паглядзець фільм пра беларусаў Падляшша, паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні і дыскусіі.
На апошнім фестывалі выступілі музыканты, якія набывалі вядомасць яшчэ падчас першых «басоў». З такіх — «Крама», «Znich», Dzieciuki, Лявон Вольскі. Нядаўна на фэст вярнулі конкурс малады выканаўцаў. У гэтым годзе імі сталі LUTY SAKAVIK і HARMONIX COLLEGE.
Арганізатары кажуць, што гэта дакладна апошняе «Басовішча» — прынамсі, у такім выглядзе.
— Пры якіх умовах фестываль мог бы працягнуцца?
— Я думаю, што калі б было больш фінансаў. І таксама калі б былі людзі, якія будуць над гэтым працаваць 8 гадзін кожны дзень, бо мы як студэты можам гэта рабіць толькі вечарам і пасля працы, а над такім фестывалем — хочацца яго рабіць на сапраўды добрым узроўні - трэба працаваць дзень у дзень, — расказвае Дарка Вапа з «Беларускага аб’яднання студэнтаў».
Яна кажа, што праблема не ў тым, што моладзь з Падляшша не адчувае сябе больш беларускай. «Думаю, праблемай ёсць тое, што цяпер такія фэсты ёсць на Беларусі. А калі гэта пачыналася, то такога фэста ў Беларусі не было, і ніхто б не падумаў, што будзе. А цяпер кожны можа пайсці на канцэрт Вольскага у Мінску, „Краму“ можна пабачыць. Для беларусаў ужо нічога новага. Так што трэба было б змяніць фармат фестываля, пайсці ў новую музыку. Калі б хтосьці хацеў рабіць фестываль, трэба ісці не ў той бок, што ёсць цяпер „Басовішча“, а нешта новае», — кажа Дарка.
Яна расказвае, што арганізатары ўжо шмат гадоў думалі пра тое, што яго варта завяршыць. І вырашылі гэта зрабіць у юбілейную дату — 30 гадоў, і на моманце, калі фестываль яшчэ жыве і трымае ўзровень. Пік гледачоў прыходзіўся на 90-я і пачатак 00-х. У апошнія гады людзей было менш. Затое сёлета было так шмат наведвальнікаў, што прадаліся ўсе месцы ў намётавым мястэчку і давялося даставаць бранзалеткі за 2017 год.
Паўплывалі, кажа Дарка, і складанасці з бясплатнымі візамі на фестываль. Яна трэці год займаецца візамі і кажа, што з кожным годам гэта рабіць усё цяжэй і цяжэй. Нават з візамі для музыкантаў узнікаюць праблемы. Грошай ад уладаў хапае на сцэну і ахову. «Гэта сапраўды вялікія грошы, а нагадваю, што мы на гэтым не зарабляем. Што можам зрабіць, тое і робім. Калі б мелі больш грошай, гэта інакш бы выглядала», — кажа арганізатарка.
Алесь Дзянісаў з гурта Dzieciuki на фестываль прыехаў адзінаццаты раз. З іх ён пяць разоў выступаў у складзе гурта «КальЯн», які ў 1998 годзе выйграў конкурс маладых выканаўцаў. І чатыры разы — з «Дзецюкамі». Ён спадзяецца, што грошы знойдуцца або «Басовішча» пераўтворыцца ў польскі фестываль, дзе будуць выступаць і беларускія гурты.
— Я не ведаю, што адбываецца з фестывалем. Ці гэта польскім уладам не патрэбны фестываль, і яны спыняюць падтрымку. Ці сапраўды знікла цікавасць — можа, памянялася пакаленне. Бо я памятаю, што ў канцы 90-х, у пачатку 2000-х, калі мы ездзілі, быў такі моцны рокавы, альтэрнатыўны, металёвы, панковы складальнік гуртоў. Апошнія некалькі гадоў стаўка рабілася, як мне падаецца, больш на камерцыйнасць, на больш шырокую публіку. Але як мне падаецца, гэта памылка, бо гэты ўхіл у папсовасць не даў штуршка для новага развіцця фестывалю. Канешне, хацелася б розных стыляў, але каб ад такога налёту андэграўнду фестываль не адыходзіў, — кажа Алесь. Ён дадае, што колькасць наведвальнікаў за гэтыя гады стала памяншацца.
— Ці не звязана гэта з тым, што моладзь Падляшша не адчувае сябе беларусамі?
— Я тут не жыву, але як я размаўляю з людзьмі больш сталага ўзросту, то яны кажуць, што так, большасць моладзі сябе не хоча адчуваць беларусамі, бо гэта непапулярна. Яны сапраўды беларусы паводле паходжання, але ўсё ж такі палякі. І сама гэтая беларускасць тут нічога не дае. Гэта натуральна — моладзь хоча адчуваць сябе часткай польскага грамадства. Тут зараз пад’ём патрыятызму, прыйшлі да ўлады правыя кансерватары, якія прымаюць па шмат якіх пытаннях не зусім адэкватныя рашэнні.
Алесь кажа, што сапраўднай альтэрнатывы «Басовішчу» сярод беларускіх фэстаў няма. «Усе гэтыя фестывалі кшталту LidBeer, „Рок за Бобров“ маюць можа і шырыйшае кола гледжачоў, чым Басы, але яны маюць моцны ўхіл ў папсовасць і моцную ўнутраную цэнзуру, якая ніколі не дасць магчымасць прывезці тыя гурты, якія лічацца нашымі ўладамі няправільнымі, ідэалагічна варожымі», — кажа Алесь.
Журналіст Андрэй Мялешка быў на фестывалі каля 20 разоў. Першы раз ён сюды прыехаў у 95-м ці 96-м годзе.
— Мне больш падабаліся «басы» 90-х. Для мяне гэта было тады такое натхненне атрымаць тое, чаго я не маю ў нашай краіне. Гэта беларускі «Вудсток», на які з’язджаліся сотні тысяч людзей з усёй Беларусі, з розных краін свету — мае сябры з Чэхіі, з ЗША прыязджалі адмыслова на «Басовішча». Зараз змянілася пакаленне, і цяпер фестываль — гэта таксама месца тусоўкі, але трохі іншае. Усё памянялася, людзі памяніліся, адчуванне змянілася. Я сюды езджу за традыцыяй. За гэты час — 20−30 гадоў змянілася пакаленне. Раней я прыязджаў на фестываль і там былі ўсе свае. А зараз іх дзеці прыязджаюць, у некаторых унукі прыязджаюць. Цяпер гэта такое месца тусоўкі, каб адарвацца ад беларускай рэальнасці, а тады гэта было ўсё па-іншаму. Гэта людзі, гэта сябры, якіх я не ўбачу ў Беларусі, гэта такое беларускае Падляшша, якога няма ў нас у Беларусі.
Андрэй бачыць «рэінкарнацыю» «Басовішча» ў выглядзе іншага фэсту, клубнага фестывалю, дзе будуць граць гурты з розных краін. Можа быць, не ў наступным годзе, але праз пяць-дзесяць гадоў фестываль адродзіцца, лічыць Андрэй.
Кася Ляўдацкая вучылася ў Польшчы і наведвала польскія фестывалі. Цікавімся, ці на тым жа ўзроўні праводзіцца «Басовішча», як і іншыя фэсты ў Польшчы.
— Калі шчыра, я не лічу, што фестываль «Басовішча» трэба параўноўваць з іншымі польскімі фестывалямі, таму што ў яго была закладзена зусім іншая ідэя. То бок, гэта не проста нейкая тусоўка, гэта была проста мегакрутая імпрэза, каторая мела на мэце спрыяць развіццю беларускай культуры, спрыяць беларускім музыкам, каторыя час ад часу ўвогуле былі забароненыя ў Беларусі. Трэба разумець, што гэта мерапрыемства, каторае адбываецца ў не вельмі знакамітым месцы — глуш крышку, той самы Грудэк. Але ўлічваючы, што раз на год сюды з’язджаецца рэальна вельмі шмат цікавых людзей — беларускамоўных, якім цікавая беларуская культура, гэта яго робіць унікальным, і шкада, што ён закрываецца.
Кася кажа, што ў Беларусі шмат чаго праводзіцца, але фестывалі або не маюць шмат беларускага, або вельмі фальклорныя. А ў «Басовішча» свая легенда, там гэта ўнікальная з’ява. Цікава і тое, што яго распачалі беларускія студэнты, якія родам з Польшчы. Бо некаторыя беларусы не ведаюць, што ў Польшчы шмат беларусаў жыве. «Я не ведаю, як ставіцца да таго, што ён закрываецца — добра ці дрэнна. Можа быць, ужо і прыйшоў час, бо ён быў патрэбен тады — у 90-х, 00-х», — кажа яна.
Валерый Руселік, журналіст і паэт, фантазуе пра тое, якім магло б быць «Басовішча» пры беларускай Беларусі.
— Басовішча калісьці, наколькі я магу ацэньваць, было такой марай пра Беларусь. Беларусы Падляшша таксама марылі пра Беларусь. Калі сёння гавораць пра завяршэнне «Басовішча», то гэта па сутнасці завяршэнне гэтай мары, што мы дзесьці побач, беларусы Падляшша, беларусы Беларусі беларускамоўныя. І гэта вельмі важны этап, вельмі важна прыехаць сюды, каб зразумець, ці на гэтым усё, усе мары сканчаюцца, ці з’яўляецца штосьці новае, нейкі новы этап, — кажа Валерый.
Ён разважае пра тое, што беларусы — гэта «кніжная» нацыя, беларусамі не нараджаюцца, а становяцца, і «Басовішча» было яшчэ адным натхненнем для беларусаў, «казкай».
— Беларусы Падляшша зразумелі, што яны непатрэбныя Беларусі. «Басовішча» — гэта фестываль-аванс беларусаў Падляшша для сваёй метраполіі. Гэта вельмі дзіўная сітуацыя, таму што беларусы ў Беларусі знаходзяцца ў горшых умовах, чым беларусы ў Польшчы. Беларусы ў Польшчы да апошняга часу мелі магчымасці фінансаваць выданні кніжак беларускіх аўтараў з Беларусі, з метраполіі. Не метраполія падтрымлівае свае ўскраіны нацыяльныя, а ўскраіны спансуюць нейкую дзейнасць нацыяльную метраполіі. І вось «Басовішча» па вялікім рахунку быў такі аванс, як мне здаецца. І кожны аванс, ён сканчаецца.
Валерый кажа, што беларуская справа на Падляшшы працягнецца дзякуючы бардаўскім і фолкавых фэстам. Але замкнецца сама на сабе. А калі б Беларусь падтрымлівала нацыянальныя каштоўнасці, усё было б па-іншаму. У тым ліку, іншым было б «Басовішча».
— Яно было б крутым фестывалем, гэта быў бы наш Вудстак. Нармальная Беларусь — гэта адкрытая еўрапейская беларуская Беларусь. Гэта азначае, што ў нас не было б мяжы з Польшчай, і гэта была б нашай фішкай, і ўсё было б вельмі крута. Быць беларусам было б крута і прэстыжна, і таму беларусы Падляшша не забывалі б свае карані. Тое ж самае, што мы назіраем ў Беларусі з картай паляка. Бо прэстыжна, прынамсі фінансава, быць палякам. Будзе такая Беларусь — будзе і беларускае Падляшша, і беларуская Віленшчына. Гэта адзіны шлях. Калі гэта будзе, невядома, і ці будзе ўвогуле. Але што гэта адзіны сцэнар рэальны, я перакананы.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…