Спадчына

Апошні напамін пра сям’ю Фрэйдовiчаў: у музей Паруліса прынеслі рэдкія тратуарныя пліты

У пачатку снежня гродзенскаму краязнаўцу Янушу Парулiсу прынеслі дзве старыя тратуарныя пліты, вырабленыя ў 1930-х гадах. Старажыл-калекцыянер моцна здзівіўся, бо падобных пліт раней у Гродне не бачыў. Замест прывычнага «Magistrat miasta Grodna» на нiх быў надпіс «N.Freidowicz Grodno».

Яшчэ 10 гадоў таму на цэнтральных вуліцах і плошчах Гродна можна было ўбачыць шмат пліт з надпісам «Magistrat miasta Grodna» («Магістрат горада Гродна»). Мільёны ног гродзенцаў хадзілі па іх амаль 70 гадоў. У 2006−2008 гадах старую плітку замянілі сучасным бетонным брукам. Большасць пліт была знішчана, нешта патрапіла ў музей, а нешта на загарадныя дачы.

Разборка старой тратуарнай пліткі на Савецкай плошчы (2007 год)
Сёння пліты з надпісам «Magistrat miasta Grodna» можна знайсці ля Новага і Старога замкаў. Але ў міжваенны час на вуліцах Гродна хапала тратуарных пліт з рознымі надпісамі. Іх вытворчасцю займаліся не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя будаўнічыя фірмы, якіх у Гродне было дастаткова.

Пліты рэдкія, такіх цяпер не знайсці

«Пліты, якія мне прынеслі, я бачыў упершыню. На іх былі зусім іншыя надпісы: „N.Freidovicz Grodno“. Пліты прынеслі звычайныя гродзенцы, якія рабілі рамонт на сваім участку. Каб не выкідаць, аддалі мне», — распавёў Парулiс.

Выпускам такіх пліт у міжваенны час займалася будаўнічая фірма багатага гродзенскага яўрэя Нохума Фрэйдовiча, якая знаходзілася на вуліцы Брыгіцкай (сучасная Карла Маркса).

Надпіс «Magistrat m.Grodno» на старых плітах міжваеннага Гродна сустракаўся найчасцей
«У міжваенны час у Гродне было некалькі прадпрыемстваў, якія рабілі тратуарныя бетонныя пліты: фабрыка Клемпнера на Сенным рынку, прадпрыемства Фрэйдовiча на Брыгіцкай і гарадская бетанярня, якая знаходзілася ў пачатку вуліцы Нёманскай, — распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч. - Бетонныя пліты, якія прынеслі Парулiсу, рэдкія і ў горадзе іх цяпер не знайсці».

Прадпрыемства Фрейдовiчаў займалася не толькі выпускам тратуарных пліт, але і іншых будаўнiчых матэрыялаў. Цікава, што Нохум Фрэйдовiч быў дзедам знакамітага Фелікса Зандмана, які перажыў у Гродне жахі вайны, а пасля за акіянам стаў вядомым фізікам.

Будынкi ў цэнтры горада, дзе было прадпрыемства Фрэйдовiчаў, захаваліся. Там зараз гаражы і майстэрні. Дом, дзе жыла вялікая сям’я, знаходзіцца побач, там зараз жывуць некалькі сем’яў гродзенцаў.

Панадворак на вуліцы Карла Маркса, дзе быў дом сям'і Фрэйдовiчаў і будаўнчае прадпрыемства.
Кароткi ўспамін Фелікса Зандмана пра Гродна:

«Сям'я майго бацькі Арона, дзядуля Берл Зандман і бабуля Рыўка, вяла свой род са збяднелых набожных навукоўцаў. Бацькі ж маці Гені, дзядуля Нахум Фрэйдовiч і бабуля Тэма, лічыліся ў Гродне багатымі людзьмi — мелi свой бізнес. Мой бацька па завяршэнні вучобы ва ўніверсітэце Вены і абароны доктарскай дысертацыі прыехаў да бацькоў у Гродна. Тут ён пазнаёміўся з мамай, Геней Фрэйдовiч, закахаўся, і неўзабаве яны пажаніліся. Пасля жаніцьбы тата, як малодшы бізнес-партнёр дзядулі Нахума, стаў займацца будаўніцтвам. Мама займалася выхаваннем дзяцей».

Па ўспамінах Зандмана, яго дзядуля Нахум Фрэйдовiч у 1941 годзе цаной свайго жыцця застаўся з маленькімі ўнукамі ў доме, калі туды павінны былі прыйсці немцы. У выніку Фрэйдовiч, як і іншыя гродзенскiя сваякі Задмана, загінулі ў мясцовым гета ці лагерах смерці.

Сёння пліты — каштоўныя экспанаты

Плiты, што нагадваюць пра гродзенскую сям’ю Фрэйдовічаў, знойдуць ганаровае месца ў музеі Паруліса.

«Можа, калі-небудзь сваякі Фелікса Зандмана прыедуць у Гродна і ім будзе прыемна ўбачыць гэтыя пліты», — дадаў Януша Парулiс.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025