Чарговая хваля «паслуг насельніцтву» па вялікіх коштах пракацілася па Гродне ў лістападзе-снежні. Гэтым разам — «дыягнаставалі і рамантавалі» электраабсталяванне ў кватэрах, а праяўляла клопат пра бяспеку гаражан ААТ «ПремСервис». Чаму гродзенцы спачатку плацяць, а потым плачуць і ў чым праблема з навязлівым сервісам, разбіраўся Hrodna.life.

«Згадзіцца ці адмовіцца — права кожнага ў нашай краіне»

Фірма «ПремСервис» цалкам легальныя. «Працуем адкрыта, — кажа яе дырэктар Сяргей Рубацкі. — Што тычыцца падаткаў, ўсё аплочваем дзяржаве рэгулярна і ў тэрмін». У склад прадпрыемства, па яго словах, уваходзяць аддзелы тэлефоннага маркетынгу і працы з кліентамі. Адны дамаўляюцца з гаспадарамі кватэр па тэлефоне, другія прыходзяць і аказваюць паслугі. «А згадзіцца ці адмовіцца, гэта права кожнага ў нашай краіне».

youtu.be/NfRYN4rimhg

Кадр з фільма «Залатое цяля», паводле аднайменнага рамана Іллі Ільфа і Яўгена Пятрова

Каментаваць, адкуль бяруцца высокія цэны — каля 300 рублёў за замену 2−3 электраразетак — кіраўнік адмовіўся. Маўляў, працуем якасна і так сваю працу ацэньваем. Дарэчы, парушэнняў заканадаўства ў такім падыходзе таксама няма. Закон аб цэнаўтварэнні адмянілі, а зарплату «папіццот» трэба ж з нечага забяспечваць.

З тым, што кожны сам мае выбіраць, каму даверыць рамонт электраабсталявання ва ўласнай кватэры, згодны і ў ЖКГ:

«У нас такія работ ідуць як платныя паслугі насельніцтву, — распавядае галоўны інжынер Кастрычніцкага УЖРЭП Аляксей Бодзіч. — Чалавек сам прыходзіць, піша заяву і пазначае, што трэба зрабіць. Мы не навязваем свае паслугі. Гэта справа дабравольная».

Што да паквартэрных абыходаў, то іх камунальнікі робяць толькі для праверкі сістэмы ацяплення, а рамонт у гэтым выпадку выконваюць за кошт прадпрыемства.

«Зрубіць бабак»

Розныя падыходы да прасоўвання паслуг каментуе маркетолаг і псіхолаг Наталля Сарока:

«З пункту гледжання раскруткі актыўны маркетынг заўжды прыносіць больш, чым пасіўны. Але так агрэсіўна паводзяць сябе на рынку часцей фірмы-аднаднеўкі. Яны клапоцяцца не пра даўгатэрміновае існаванне на рынку, а пра тое, каб як мага хутчэй „зрубіць бабак“.

Тут чым хутчэй паходзіш па хатах, тым лепш. Пакуль не разышлася інфармацыя».

[irp posts="41 765″ name="Поменять розетку — 300 рублей. Как к гродненским пенсионерам ходят «электрики""]

Што да прычын, чаму людзі пападаюцца на падобныя кручкі, Наталля адказвае проста:

«Мы адвыклі ад беспрадзелу»

«Гэта хвароба нашага грамадства. Нас не навучылі думаць крытычна». Ды і час зараз, меркаваннем Наталлі, «харошы». У нас няма адчування, што паўсюль падман, мы расслабіліся. Таму любыя не вельмі добрасумленныя фішкі могуць спрацаваць.

«Людзі не чакаюць, што можна „нарвацца на кідалава“. Мы адвыклі ад беспрадзелу ліхіх 90-х, забыліся як лопнуў МММ».

youtu.be/sC8xQB87IAc

Фрагмент з фільма «Геній», 1991 год

«Маю маму, ёй 81 год, «развялі» на 282 рублі, «праверыўшы электрычнасць» і замяніўшы 2 разеткі і 1 выключальнік, прадстаўнікі фірмы ООО «ГродноПремсСервіс, — піша адзін з нашых чытачоў. — Кажуць, што яна падпісала дамову і была згодная і на работы, і на суму. 180 рублёў ужо заплачана, яны чакаюць яшчэ 102. Разарваць дамову і вярнуць грошы адмовіліся».

Першыя ахвяры — сталыя людзі

Найперш, ахвярамі агрэсіўнага маркетынгу робяцца людзі сталага веку. Ім арыентавацца ў зменлівым сучасным свеце асабліва цяжка. З іншага боку — яны разлічваюць на клопат аб людзях, што дэкларуецца «па тэлевізары», а таксама на павагу да свайго ўзросту.

«У сваёй практыцы ва «Універсітэце Залатога Веку» я сутыкалася з такімі гісторыямі некалькі разоў. Сталыя людзі бралі непатрэбны тавар за вялікія грошы і патраплялі ў фінансавую пастку»,

— кажа дырэктарка праграмы для сталых людзей «Універсітэт Залатога Веку» Лана Руднік.

З маркетынгавага пункту гледжання, мяркуе яна, пенсіянеры — удзячная аўдыторыя, а такія прапановы робяцца хуткім тэмпам, з выкарыстаннем найбольш «чапляючых» людзей гэтага ўзросту аргументаў: «Вы станеце больш здаровай, калі будзеце карыстацца нашым посудам, вам не трэба аплочваць усё адразу, для пенсіянераў прапануецца вялікая зніжка».

«Паводле тэхнік продажу, вучаць напачатку даведацца, што патрэбна чалавеку і патлумачыць, якім чынам тавар ці паслуга забяспечаць гэтую патрэбу»,

— распавядае псіхолаг Наталля Сарока. Кошт на пачатку абмеркавання называць не рэкамендуюць. Але, калі паслугу ці тавар навязваюць праз маніпуляцыю, а кошт папросту замоўчваюць, то гаварыць пра тэхнікі продажу не варта. Гэта проста падмена сэнсаў".

Спачатку плацяць, потым плачуць. Чаму “развод на грошы” добра спрацоўвае у сацыяльнай дзяржаве
Кадр з фільма «Прыгоды Бураціна» (Беларусьфільм, 1975)

«Усім вераць, падпісваюць не чытаючы»

З праблемамі, калі заплаціўшы, спажыўцы адумаліся і хацелі б вярнуць грошы, людзі часта звяртаюцца за парадамі да спецыялістаў па абароне правоў спажыўцоў. Вадзім Рыжанкоў з грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» кажа, што такога кшталту звароты ёсць увесь час.

«Аконшчыкі, электрыкі, рондалі, коўдры, фільтры… а людзі ўсім вераць, пускаюць незнаёмых у кватэры, не чытаючы, падпісваюць дамовы». На жаль, вярнуць грошы ўдаецца не заўсёды. Часта для гэтага няма прававых падставаў.

«Сям'і 81-гадовай жанчыны ўдалося дапамагчы. Даведаўшыся, што яна церпіць на правалы памяці праз захворванне, параіў звярнуцца да лекара за адпаведнай даведкай. Дакумент даў падставу звярнуцца ў фірму з прапановай прызнаць дамову несапраўднай. Яны згадзіліся вярнуць грошы».

З прэтэнзіямі «звяртацца персанальна»

Якая колькасць ад тых, хто атрымаў паслугі «ПремСервиса», потым звяртаўся з просьбай разарваць дамову, кіраўнік арганізацыі адмовіўся. З пытаннямі і прэтэнзіямі ён раіць «звяртацца персанальна». Маўляў «можам пайсці на ўступкі ці зрабіць зніжку». Позваў у суд, з яго словаў, прадпрыемства ад кліентаў не атрымлівала.

Сяргей Рубацкі кажа, што «ПремСервіс» «цягам доўгіх гадоў працуе ў Расіі, Украіне, Латвіі і Літве», а ў Беларусі - больш сямі гадоў. Насамрэч, фірма зарэгістравана толькі сёлета ўвосень. Да слова, па тым самым адрасе, дзе і сумнавядомы гродзенцам «Бентанос», што ў жніўні-верасні падобным чынам заключаў дамовы на абслугоўванне шклопакетаў.

Спачатку плацяць, потым плачуць. Чаму “развод на грошы” добра спрацоўвае у сацыяльнай дзяржаве