Горад

Замест кітайцаў - «Ласкавы май»? Андрэй Разін хоча адкрыць у Гродне цэнтр творчасці і адрадзіць вытворчасць фарфору

Андрэй Разін, адзін з салістаў «Ласкавага мая», звязаны з Гродна — тут нарадзіўся яго бацька. У 2019 годзе музыка хоча рэалізаваць у горадзе два амбіцыйныя праекты: адрадзіць фабрыку парцаляны і ўдыхнуць новае жыццё ў былую медыцынскую акадэмію Тызенгаўза.

Будуць вырабляць статуэткі Кіркорава

«Мае продкі валодалі тут фарфоравай фабрыкай, якая размяшчалася на вуліцы Чырвонаармейскай, 71А. У апошнія гады савецкай улады там быў керамічны завод, — распавёў Разін у інтэрв'ю „ГП“. — Гэтая фарфоровая фабрыка была адной з самых знакамітых. Захаваўся будынак, які я хачу аднавіць у пачатковым выглядзе і зноў адкрыць вытворчасць. Акрамя таго, будзем навучаць рамяству дзяцей, каб некаторыя з іх у будучыні маглі працаваць на фабрыцы».

Будынкі былой кафлярні на Чырвонаармейскай — з 2016 года ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны
Ёсць ідэя зрабіць на базе фабрыкі музей: для гэтага трэба будзе сабраць прыклады гродзенскага фарфору. Побач з заводаі Разін хоча арганізаваць кірмаш выхаднога дня, дзе можна будзе і купіць прадукты ці сувеніры, і адпачыць.

Сёе-тое з гродзенскай прадукцыі Разіну ўжо ўдалося знайсці. «У шэрагу музеяў Расіі ёсць гродзенскія статуэткі, я знайшоў дзевяць, але іх шмат па ўсім свеце. У такім жа стылі, у шыкоўных касцюмах, буду выпускаць артыстаў, людзей папулярных. Напрыклад, Філіп Кіркораў ужо замовіў 40 розных статуэтак у сваіх лепшых касцюмах. Таму тут будзе вельмі цікавая вытворчасць».

Былая кафлярня сёння
Яшчэ спявак хоча адкрыць на базе завода вытворчасць шкла.

У акадэміі - школа талентаў

Андрэй Разін рыхтуе лісты ўладам наконт фабрыкі і спадзяецца, што зможа атрымаць у выкарыстанне будынак былой медыцынскай акадэміі Тызенгаўза — у арэнду, на бязвыплатнай аснове ці за адну базавую велічыню. Пра гэта ён хоча папрасіць улады горада.

У будынку медыцынскай акадэміі Разін хоча адкрыць філіял «Сонечнага круга» — міжрэгіянальнай маладзёжнай творчай арганізацыі. «Зробім там дзіцячы творчы цэнтр. Гэта будзе школа талентаў, акадэмія мастацтваў Андрэя Разіна пад эгідай «Сонечнага круга».

«Сёння ў нас 86 аддзяленняў па ўсёй Расіі, у якіх займаецца 1,1 мільён дзяцей. Я яшчэ абраны членам Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, мной і заснавальнікам „Сонечнага круга“, старшынёй апякунскай Рады Андрэем Канстанцінавічам Ісаевым прынята рашэнне стварыць філіял „Сонечнага круга“ ў Гроднн. Гэта адзіны філіял за межамі Расійскай Федэрацыі».

Па словах Разіна, ён ужо дамовіўся прыбраць плот каля будынка і зрабіць добрую паркавую зону, каб гэта было даступнае месца. «Хочам зрабіць так, каб было прыгожа, бо гэта цэнтр, сэрца Гродна».

Андрэй Разін хацеў бы вярнуць будынку той выгляд, які ён меў пачаткова ў канцы 18 стагоддзя. Гэты варыянт ён сфатаграфаваў пры наведванні макета горада ў культурным цэнтры «Фестывальны»
Саліст групы «Ласкавы май» Алег Камароўскі, які сам з Ліды, можа быць у будучыні прызначаны дырэктарам гродзенскага філіяла «Сонечнага круга».

«Там змогуць вучыцца дзеці з усёй Беларусі. Плануем для дзяцей-сірот арганізаваць круглагадовае пражыванне, як гэта зроблена ў Сочы. Адораныя старшакласнікі жывуць там на поўным рацыёне. Плануецца, што два крылы будынка стануць жылымі - адно для дзяўчынак, іншае для хлопчыкаў. І пасярэдзіне — навучальны цэнтр. Тое, што я раблю ў Расіі, у Сочы, хачу зрабіць у родным Гродне».

Разін хоча адкрыць у будынку яшчэ і музей, частка якога будзе прысвечана гісторыі будынка.

Пачуем «Ласковый май» восенню

Сярод іншых планаў Разіна на 2019 г. — выступіць у Гродне на дзень горада і зняць тут частку мастацкага фільма «Ласкавы май», якая будзе прысвечана яго бацьку.

Хто яшчэ хацеў заняцца былой акадэміяй?

Будынак былой медыцынскай акадэміі (пазней — палац Чацвярцінскіх), пабудаваны ў рамках праекта Гарадніцы Антонія Тызенгаўза ў канцы 18 стагоддзя, пустуе апошнія некалькі гадоў. Яго ўжо спрабавалі прадаць з аўкцыёну некалькі разоў, у тым ліку разглядаўся варыянт з інвестарам з Кітая. На аўкцыёне ў лістападзе 2018 года пад будынак планавалі выручыць не менш за 1 млн долараў.

Ёсць у гараджан і іншыя ідэі па выкарыстанні помніка архітэктуры. Мастак Сяргей Грыневіч бачыць у будынку магчымае месца размяшчэння мастацкага музея, якога гораду не хапае. Краязнаўца Наталля Канюк прапаноўвала размясціць у палацы музей горада і аранжарэю. Яшчэ адна ідэя, якую агучыла спецыялістка па садова-паркавым будаўніцтве Яна Марчук — вярнуць будынку першапачатковую адукацыйную функцыю: стварыць прастору для семінараў і публічных лекцый, прыватных школ і студый для дзяцей і дарослых.

А што гэта за фабрыка фарфору?

Кафляны завод быў заснаваны князямі Друцкімi-Любецкімi ў 1895 годзе. У самым пачатку XX стагоддзя на прадпрыемстве працавалі 28 чалавек. У 20−30-я гады кафляны завод «Станіславова» вырабляў кафлю высокай якасці, дэкараваную па апошняй модзе, і самыя складаныя дэталі для печаў. У пачатку 1940 года на падставе загаду Наркамата прамысловасці будматэрыялаў БССР кафляны завод быў уключаны ў склад «Цагляна-кафляна-плітачнага камбіната № 1», кіраўніцтва якога размяшчалася па вул. Чырвонаармейскай, 71.

Пасля вайны вытворчасць была адноўлена. Завод выпускаў кафлю шэрую і глазураваную, плітку, тэракот. Калектыву даверылі адказнае заданне — вырабіць сотні тысяч штук глазураванай кафлі і абліцавальных плітак для новай Сталінградскай гідраэлектрастанцыі. У студзені 1950 года на базе трох самастойных прадпрыемстваў - цаглянага, кафляна-плітачнага і вапнавага заводаў - быў утвораны камбінат будаўнічых матэрыялаў. А ўзоры старой кафлі да сённяшняга дня ўпрыгожваюць фасад аднаго з вытворчых карпусоў былога завода.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024