Мяркуючы па колькасці прысутных на лекцыі Андрэя Курэйчыка ў Цэнтры гарадскога жыцця 28 лістапада, Гродна неўзабаве стане беларускім Галівудам. Дарэчы, творчы шлях самаго Курэйчыка таксама пачаўся з Гродна. Менавіта ў нашым драмтэатры ў 2000 годзе Алег Жугжда паставіў яго першую п’есу — «П'емонцкі звер». Зараз Андрэя Курэйчыка ведаюць па двух дзясятках фільмаў і серыялаў, сярод якіх «Ёлкі», «Любовь-морковь», «Вышэй за неба», «ГараШ» ды іншыя.
Такім чынам — усе шансы ў новага пакалення гродзенскіх сцэнарыстаў ёсць. Галоўнае — пісаць пра сваё пакаленне, будзь табе 16 гадоў ці 70. «Тады атрымаецца дакладна, бо аўтар ведае, пра што піша».
Курэйчык паабяцаў - калі нехта напіша добры сцэнар, ён дапаможа знайсці прадзюсараў. Праўда, папярэдзіў: чытаць будзе толькі першыя 10 старонак. «Ацэньваю тэму і героя. Калі тэма актуальная, яна аб’яднае многіх людзей, ім захочацца пра гэта паразважаць. Герой мае быць цікавым. З такім хочацца ўступіць у дыялог, гэта зацягвае».
Што не менш актуальна на сёння — «сцэнар пахне грашыма» (насамрэч — мае пахнуць талентам). «Інакш — навошта чытаць і траціць паўтары гадзіны свайго жыцця?»
Андрэй Курэйчык запэўніў - метады сцэнарнага мыслення патрэбны не толькі ў тэатры і кіно. Нават журналістыкай, музыкай і літаратурай не абмяжоўваецца іх выкарыстанне. «Сцэнарнае мысленне пашырае крэатыўнасць», а гэта патрэбна ва ўсіх галінах чалавечай дзейнасці. Можна пра план канцэрта думаць, як пра сцэнар кіно. Гэта называецца драматургія. Структура адносінаў з гледачамі праз эмоцыі".
Дарэчы, сам сцэнарыст і рэжысёр мае юрыдычную адукацыю, а пісаць сцэнары пачаў, калі быў студэнтам БДУ. З таго часу і захапіла: «Такі адрэналін, што не сысці, не кінуць».
На думку Курэйчыка — сцэнар у кіно самае галоўнае, бо «нельга зняць лепш, чым напісана». «Гэта ідэальнае кіно, якое мы ніколі не пабачым». Існуе такі ідэал толькі ў галаве ў сцэнарыста. Далей жыццё ўносіць свае карэктывы і прымушае ісці на кампрамісы. Паміж сцэнарыстам і рэжысёрам, рэжысёрам і акторамі, ідэальнымі ўяўленнямі і тэхнічнымі магчымасцямі. «Часам гэта ўдалыя кампрамісы, а часам — не».
Ад самага пачатку сцэнарыст адказвае за ўсё. Найперш, калі гэта кепская літаратура, то сцэнар нікога не зацікавіць. Па-другое, са сцэнара ўсё мае быць зразумела. Аператару — якім будзе святло, а мастаку — якія патрэбны касцюмы.
«Як напісаць правільны сцэнар — вялікае пытанне. Нават калі дзейнічаць строга паводле правіл, не абавязкова атрымаеш на выхадзе геніяльны фільм. Гэта не інжынерыя і не матэматыка, дзе формула дае вынік. Гэта ўнутраны свет. Ад таго ёсць ён, ці няма, залежыць поспех. Без уласнага мастацкага выказвання не атрымаеш па-сапраўднаму добрага выніку».
Другі сурэёзны выклік — гіганцкі пласт ужо існуючага кіно. «Кожны год здымаецца больш за 5000 фільмаў і больш за 30 000 гадзін серыалаў. Ёсць адчуванне, што знята ўжо ўсё. Сцэнарысты сутыкнуліся з крызісам арыгінальнасці. Сфарміраваны такі культурны пласт выракае рабіць клішэ. Аднак я веру, што наша творчая энергія бязмежная. Гэту зададзенасць, гэты бар’ер можна пераадолець. Мы неабмежаваны ў фантазіях, калі толькі самі не заганяем сябе ў рамкі».
На думку Курэйчыка, выйсце з крызіса сюжэтаў можа даць пошук герояў. «Я знайшоў для сябе такі галоўны элемент. Калі ён атрымаецца, то ўсё астанняе запрацуе. Людзі - адзіныя істоты, каторыя не паўтараюць адна адну. Нават самыя банальныя пачуцці загучаць, як ніколі, калі даць ім арыгінальнага носьбіта. Герой — ключавы элемент любога сцэнара».
Добры сцэнар мае быць гуманістычным. Гэта надае сэнс і «дазваляе ўсім быць больш людзьмі».
«Ёсць асобы панятак, калі мы разважаем пра героя. Гэта лёс. Ён можа паламаць героя ў адну секунду. Калі мы разважаем пра лёс героя, то разумеем — гэта не толькі асабістыя рашэнні. Мы павіннны бачыць героя і звонку і знутры».
Далей Курэйчык прапануе браць пад увагу аб’ектыўныя і суб’ектыўныя бакі героя, ад узросту і знешнасці да ўнутранага свету. Галоўнае ў героі, паводле Курэйчыка (і Станіслаўскага), — атамны рэактар ці зерне вобраза. «Навошта ён патрэбен і што ён нясе. Чым адрозніваецца ад усіх астатніх у свеце». Перадаваць ідэі Курэйчык раіць паводле рэцэптаў старажытнай Грэцыі - праз эмоцыі.
«Драматургі маніпулююць эмоцыямі і праз гэта гледачы разумеюць сэнс дабра і зла. Трэба выціснуць гэты катарсіс, каб людзі змяніліся і ачысціліся, пабачыўшы, што стала з другімі людзьмі».
Каб людзі пачалі шукаць герояў, трэба «разбудзіць сцэнарную актыўнасць» і «рэалізаваць усё таленавітае». У гэтым сцэнарыст і бачыць сваю задачу.
Ідэальным беларускім героем для сцэнара Курэйчык называе Скарыну і збіраецца зняць пра яго кіно.
«Яго лёс — фантастыка. Нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Еўропе і прывёз сюды… айфон! Падарожнічаў без візаў, спрабаваў рабіць бізнес, сутыкнуўся з перашкодамі і памёр у Празе. Але яго мысленне некалькі сотняў гадоў фарміравала ў нас глебу для развіцця еўрапейскіх каштоўнасцяў».
Сучасныя беларускія творцы таксама не засталіся па-за ўвагай сцэнарыста. «Арлоў, Бахарэвіч, Марціновіч — усе стараюцца [шукаць герояў]. Таму што адчуваюць — інакш не спрацуе. Будуць проста дні падобныя да дзён. Толькі героі могуць інакш паказаць жыццё».
Што будзе з героямі сучасных беларускіх пісьменнікаў далей, Курэйчык абяцае паказаць на экране. Прынамсі, зараз ён працуе з адным з раманаў Марціновіча. «Будзем шукаць грошы і будзем здымаць. Тут мастакам прасцей — узяў паперу і аловак і можаш ствараць. Нам нашмат больш патрэбна. Але мы паспрабуем».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…