Школа «Территория успеха» ў Гродне прапанавала курсы беларускай мовы. Яе пазіцыянуюць як «почти русский язык, где пишут, как слышат, и не получают за это двойки». Гэта абурыла гродзенцаў, пра што яны напісалі ў сацсетках. Рэдакцыя Hrodna.life папрасіла выкладчыцу беларускай і рускай мовы ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў пракаментаваць аб’яву. Яна, дарэчы, напісана па-руску.
— Увидите, как выглядит почти русский язык, где пишут, как слышат, и не получают за это двойки. <…> Белорусская орфография, например, строго фонетическая, то есть произношение слов определяет их написание. Это свойство отличает белорусский от двух своих родственников. Также в белорусском много слов, которые были заимствованы из польского, — пішуць на сайце.
Таксама там адзначаюць, што беларуская мова — гэта «Песняры», «Сябры», «Верасы», Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. А тры мовы — беларуская, руская, украінская — вельмі падобныя.
«Территория успеха» называе сябе «сучаснай адукацыйнай прасторай». Тут даюць урокі па школьных прадметах, рыхтуюць да экзаменаў і ЦТ. Ёсць таксама развіваючыя заняткі і «пасляўрочка».
— Можна меркаваць, што такая пастаноўка пытання — «Увидите, как выглядит почти русский язык, где пишут, как слышат, и не получают за это двойки» — не надта ўдалы жарт. Сур’ёзна да гэтага ставіцца і даваць нейкія навуковыя каментары не мае сэнсу, — распавяла выкладчыца.
Яна ўдакладняе, што гэта можа быць недарэчнай спробай рэкламнага ўздзеяння на аўдыторыю. Такое пазіцыянаванне не робіць мову прасцей і бядней, лічыць яна.
— Калі ацэньваць тэкст з пункту гледжання камунікатыўнага падыходу, дык абсалютна незразумела, на якую мэтавую аўдыторыю — узрост, сацыяльнае паходжанне, краіна паходжання і т.д. — ён разлічаны.
Пішацца, як чуецца? Не
Што тычыцца прынцыпаў напісання, то мовазнаўцы вылучаюць наступныя, тлумачыць экспертка:
- фанетычны;
- марфалагічны;
- гістарычны / традыцыйны;
- дыферэнцыйны.
Напісанне слоў у беларускай мове рэгулюецца ўсімі чатырма прынцыпамі напісання. Фанетычны прынцып рэгулюе перш за ўсё напісанне слоў, дзе гукі стаяць у моцнай пазіцыі - чуюцца выразна: Мінск, Лондан, Варшава, Прага, стол, камень, карова, рака і т.д.; Марфалагічны прынцып рэгулюе напісанне слоў незалежна ад пазіцый гукаў: гарадскі, студэнцкі, казахскі, барацьба, просьбіт і т.д.;
Гэта значыць, не заўсёды «пішацца, як чуецца».
Як вучыць беларускую мову?
«Знакомые слова откроются вам с новой стороны: радуга — это вясёлка, она весёлая. Спадабацца — понравиться, нам нравится тот, кто подобен нам! „Непатрэбны“ — значит „ненужный“, что даже более логично, как-то буквальнее, нежели в русском значении „непотребный = плохой“», — пішуць на сайце.
Праграма курса «Беларуская мова з нуля» ўключае ў сябе вывучэнне граматыкі, лексікі, фанетыкі, практыку маўлення, а таксама чытання і пісьма.
Выкладчыца не бярэцца ацаніць метады навучання ў гэтай школе.
— Паспяховае авалодванне моваю залежыць, сярод іншага, ад таго, якая ў чалавека матывацыя, якія намаганні ён прыкладае, каб ёю авалодаць, якія метады абірае: аўдыяльныя, візуальныя, аўдыявізуальныя, дотыкава-маторныя і т.д. Традыцыйна лічыцца, што комплексны падыход гарантуе найлепшыя вынікі.
Чытайце таксама: Папусціцца — тандэтны цымус. Склалі тэст, каб праверыць, наколькі добра вы ведаеце беларускую мову