Пасля трое сутак арышту 26 верасня на волю выйшаў гродзенскі акцёр Аляксандр Рацько. Яго затрымалі АМАПаўцы пасля таго, як ён пераплыў Нёман. Аляксандр распавёў Hrodna.life, чаму ўцякаў ад міліцыі і як апынуўся ў вадзе.

Аляксандр Рацько працуе ў Гродзенскім абласным тэатры лялек з 2008 года. Вечарам 23 верасня ён сядзеў на лаўцы пад Старым мостам. Туды пад’ехаў мікрааўтобус з таніраваным шклом, з яго выбеглі людзі ў цывільным адзенні і пабеглі ў бок Аляксандра. Рацько ўбачыў людзей, якія бягуць на яго без апазнавальных знакаў - і таксама пабег. Ён так спалохаўся, што апынуўся ля берага Нёмана. Нядоўга думаючы, Аляксандр скокнуў у раку.

«Гэта быў інстынкт самазахавання. Я нічога не рабіў, проста спалохаўся. Так і апынуўся ля самай вады. Там выбару ў мяне іншага не было, таму прыйшлося плыць. Было цяжка, я быў у вопратцы і з вялікай торбай. Але плыў».

Плавае Аляксандр дрэнна, таму стараўся ўвесь час плыць на спіне.

«Павольна, але эфектыўна. На спіне я магу доўга плыць, але дагэтуль Нёман ніколі не пераплываў. Калі я ўжо падплываў да берага, нейкія хлопцы крычалі мне плыць далей, бо міліцэйскі аўтобус праехаў мост і накіроўваўся ў мой бок. Але сіл плыць у мяне больш не было, таму я наблізіўся да берага і выйшаў з вады. Паспеў толькі сесці на парапет і праз імгненне пад’ехала машына, адтуль на хаду выскачыў АМАП і крыкі - „Стаяць!“. Я ўжо нікуды не ўцякаў».

Супрацоўнікі схапілі Аляксандра і наскрозь прамоклага завалаклі ў аўтобус. У машыне ён ляжаў на падлозе. Падчас руху супрацоўнікі ставілі на яго ногі.

«Нехта нават далонню даў па карку, а хтосьці сказаў, што я інтэрнэту нагледзеўся і героем сябе адчуў. Праз некаторы час мяне перасадзілі ў аўтазак, там я здолеў цалкам распрануцца і выціснуць усю вопратку. А потым з аўтазака мяне перагрузілі ў міліцэйскую „Газэль“. Са мной там ехаў затрыманы айцішнік».

Аляксандра завезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Там на яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Мяне пратрымалі ў ізалятары 72 гадзіны. Спачатку не кармілі, але потым усё ж паставілі на забеспячэнне. Суда не было. Напэўна, таму і выпусцілі па заканчэнні трох сутак. Што будзе далей, я не ведаю. Але закон я не парушаў, проста спалохаўся. Да гэтага часу ў мяне дваістыя пачуцці з-за таго, што падвергнуў перажыванням родных і блізкіх. Бо раней я Нёман ніколі не пераплываў».

Александр Ратько
Аляксандр Рацько з сябрамі пасля вызвалення. Фота з архіва Аляксандра

Гэта ўжо не першая спроба гродзенцаў такім чынам выратавацца ад міліцыі. Увечары 13 верасня Віктар Касцюк выйшаў у цэнтр Гродна ў майцы з нацыянальнай сімволікай і сцягам. Яго паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі. Ён вымушаны быў уцякаць і, каб выратавацца ад пераследу, скокнуў і пераплыў Нёман. Выбрацца з ракі Віктару дапамаглі мінакі, ён не быў затрыманы.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.