Ужо сем год Беларусь жыве з новымі пошлінамі на аўтамабілі. Як за гэты час змянілася жыццё беларускіх аўтааматараў і чым жыве аўтабізнес сёння? Колькі каштуюць аўто ў суседзяў? І што новага падрыхтаваў Мытны саюз да 1 ліпеня 2018? У бізнесе па перагоне аўто разбіраўся Hrodna.life.
На аўтамабільным рынку Беларусі да 2009 года панавала стабільнасць: вясной продажы раслі, зімой падалі. Былы перагоншчык аўто з Еўропы Міхаіл узгадвае, што найбольшым попытам карысталіся 7−10 гадовыя аўтамабілі, пераважна дызелі, цаной 4000−7000 долараў. Потым Беларусь уступіла ў Мытны Саюз.
Першымі ўсе «перавагі» адчулі на сабе юрыдычныя асобы: ад 2010 года для іх пачаў дзейнічаць адзіны тарыф МС. Тарыфы падняліся да ўзроўню расійскіх. Для фізічных асоб быў пераходны перыяд 1,5 года.
Вынікам змен стаў сапраўдны хапун. «Было ўражанне, што ўсім трэба прыгнаць аўто з Еўропы», — кажа Міхаіл. Таму першае паўгоддзе 2011 часу на адпачынак не было. Трэба было «касіць».
«Хто меў у абароце ад пяці машын, за шэсць гарачых месяцаў мог зарабіць на недарагую кватэру», — запэўнівае мужчына.
Спрыялі ажыўленню і пакупнікі з Расіі і Казахстана. Іх цікавілі «прахадныя» аўтамабілі - тыя, што былі ўвезены ў Беларусь да 2010 года. Беларусы прадавалі свае старыя аўто па добрай цане і ішлі купляць «свежы» з Еўропы.
Аўто з адмысловым пазначэннем у аб’яве «на РФ» каштавалі больш, таму мала цікавілі мясцовых пакупнікоў. Расійцы ж набывалі такія аўтамабілі з задавальненнем. Тады розніца ў цане паміж Беларуссю і Расіяй магла дасягаць нават 5000 долараў.
Зараблялі ўсё, хто меў сувязь з аўтамабілямі. Ад уласна дастаўкі да рамонту, запчастак ды хімчыстак. Самым важным лічыць Міхаіл тое, што людзі мелі магчымасць купляць якасныя еўрапейскія аўтамабілі па прыемным кошце.
«У чалавека быў выбар: купіць новы аўтамабіль або набыць б\у з Еўропы ці ЗША. Дагэтуль на вуліцах большасць машын гэта тыя, што былі ўвезены па старых тарыфах. У развітых краінах захаду на аўтазвалках аўто навейшыя за палову нашых».
Сёння для большасці толькі і застаецца, што ездзіць на 20−30 гадовых аўто. Бюджэтнікі Міхаіл не лічыць варыянтам, бо самыя танныя з іх па камплектацыі саступаюць нават аўтамабілям з 90-х. Калі ж пачнеш выбіраць больш-менш добрую камплектацыю, цана ўжо пераваліць за 10−13 тысяч. І гэта ўсё роўна будзе бюджэтнік.
Прыгнаць аўто з нармальным аб’ёмам з Еўропы, можна але пошліна нярэдка складае палову цаны.
Пасля 2011 года аўтамабільны рынак пачаў заціхаць. Амаль усе перагоншчыкі пасля ўдарных месяцаў вырашалі адпачыць. Дробных гульцоў на рынку стала менш.
«Пакуль былі старыя пошліны, чалавек за 10−15 тысяч мог спакойна набыць 2−3 машыны на продаж. З новымі - толькі адну». Па словах Міхаіла, з адной машынай няма чаго рабіць у гэтым бізнесе. Яна можа завіснуць або прадацца ў мінус. Такое не рэдкасць.
Першыя аўтамабілі паводле новых правілаў Міхаіл пачаў вазіць бліжэй да канца 2011 года. У асноўным малалітражкі з аб’ёмам да 1500 літраў. Тады аўто па новых пошлінах куплялі толькі расійцы, асноўная частка з якіх — перакупы.
На адным аўто па цане 10−15 тысяч можна было зарабіць 500−800 долараў. І прадаваліся яны ўжо не хутка. Таму недзе праз год гэтым займалася ўжо няшмат людзей.
Толькі з вясны 2012 машыны сталі трошкі лепш прадавацца, пры чым 9 з 10 перапрадаваліся ў Расію. У 2013 машыны з улікам новых пошлін сталі больш цікавіць мясцовых пакупнікоў, таму продажы пайшлі ўгару. Расійскіх перакупаў стала яшчэ больш. «Думалі, дзякуючы Мытнаму саюзу станем другой Літвой. Будзем ганяць аўто з Еўропы і перапрадаваць на Расію», — кажа Міхаіл.
Канец бізнесу прыйшоў у канцы 2014 разам з абвалам расійскага рубля. Ганяць аўтамабілі з Еўропы і ЗША стала нявыгадна. «З-за абвалу цэн на аўто некаторыя мае знаёмыя згубілі больш 100 000 долараў», — кажа Міхаіл.
У самаго Міхаіла тады былі чатыры аўтамабілі ў Беларусі і яшчэ два чакалі ў Галандыіі. «З-за абвалу на гэтых машынах я згубіў каля 30 000 долараў. Тады прадаць аўтамабіль з мінусам у 5000 было нормай».
У 2015−2016 ані сам Міхаіл, ані ніхто з яго знаёмых свежых аўто не прыганяў. У дадатак, за гэты час вырас і ўтылізацыйны збор: з нязначных 100 да амаль 400 долараў.
Прыток машын з Еўропы пачаў аднаўляцца толькі ў 2017. Аднак наш суразмоўца не стаў чакаць гэтага і з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. «У мяне быў добра наладжаны працэс, я набываў аўтамабілі на аўкцыёнах у Галандыі, ведаў, што і як трэба рабіць. Таму сёння займаюся тым жа. Толькі ў Польшчы».
З 1 ліпеня 2018 года для рэгістрацыі транспартнага сродку, увезенага з-за межаў Мытнага саюза, спатрэбіцца яшчэ адзін дакумент — «Пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку». Такога сертыфікат будзе каштаваць ад 100 да 380 долараў.
Міхаіл падтрымлівае сувязь з былымі калегамі з Гродна. Яны кажуць, што Мытны саюз дабіў аўтамабільны бізнес. З 1 ліпеня ўваходзіць сертыфікат, а з 1 студзеня 2019 спатрэбіцца яшчэ і абсталяваць аўтамабіль кнопкай SOS.
Адкуль сёння вязуць машыны, расказаў нам Сяргей — чалавек, які «ў тэме» не першы год.
«Прыток свежых аўтамабіляў з Еўропы сёння невялікі. У асноўным гэта аўтамабілі з рухавіком не больш за 1,5 літры. З большымі аб’ёмамі часцей за ўсё толькі на заказ. У топе VW Touran, Passat з 1.4 турба маторам, на метане. І Renault Grand Scenic 1.5 дызель. Гэтыя тры мадэлі прыкладна складаюць палову ад усяго, што сёння едзе да нас з Еўропы».
Едуць да нас і аўтамабілі з ЗША. Самыя папулярныя мадэлі: Fiat 500 L, Ford Fusion, Buick Encore.
Паток аўто з Расіі невялікі, гэты накірунак, па словах Сяргея, не карыстаецца вялікім попытам. «Людзі наеліся ўжо расійскіх аўто, ёсць вялікая рызыка патрапіць на машыну з крымінальным мінулым. Ды і стан аўто з прабегам па Расіі нельга параўноваць з машынамі з Еўропы і ЗША».
Сяргей не ўпэнены, што пасля апошніх змен у заканадаўстве на рынку застанецца шмат аўтамабіляў з Еўропы і ЗША. Амерыкацы могуць знікнуць ужо пасля 1 ліпеня з-за складанасці атрымання такімі машынамі «Пасведчання аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку» па прычыне чырвоных паваротнікаў і аранжавых габарытаў. «Тыя, хто сёння займаецца аўто з ЗША, пакуль дакладна не ведаюць, што будзе пасля 1 ліпеня».
З пачаткам 2019 года з-за патрабавання ўстаноўкі кнопкі SOS і без таго кволы паток аўто зноў спыніцца, упэўнены Сяргей. «Невядома, ці будзе сэнс пасля ўсіх новаўвядзенняў прывозіць аўто, бо за бліжэйшыя паўгода машыны з Еўропы зноў падаражэюць. Прыкладна на 800 долараў».
Таму Сяргей лічыць, што беларусам прыйдзецца і надалей з усмешкай на твары ездзіць на Audi 80−90-х гадоў. А на змену еўрапейскім і амерыканскім аўто паступова будуць прыходзіць бюджэтнікі расійскай вытворчасці.
З 1 жніўня 2016 ва Украіне грунтоўна зменшылі пошліны на ўвоз аўтамабіляў. Пры некаторых умовах:
1. Аўтамабіль для размытнення па зніжаных стаўках не можа быць выпушчаны раней за 1 студзеня 2010 г;
2. Размытненне аўто па зніжаных стаўках адзін чалавек можа выкарыстаць толькі адзін раз на працягу года з даты грузавой мытнай дэкларацыі.
Таксама аўто нельга прадаваць цягам года, інакш трэба будзе даплаціць мыта. Праз 365 дзён ужо няма ніякіх дадатковых абмежаванняў і выдаткаў.
Сёння размытніць аўто з рухавіком 1.6 -2 літры ва Украіне абыйдзецца прыкладна ў 2500−3000 еўра. Гэта за аўто не старэй 2010 года. Тым часам у Беларусі аўто павінна быць не старэйшае за 5 год.
Мыта на Беларусь без уліку ўтылізацыйнага збору і іншых абавязковых выдаткаў з рухавіком 1.6 абыйдзецца ў 4000 еўра, а з 2.0 — у 5400 еўра. Плюс каля 500 еўра на іншыя абавязковыя выдаткі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…