«Героем сябе не адчуваю». Афіцыянт уратаваў гродзенца, што збіраўся скочыць з даху універмага

21-гадовы Глеб сябе героем не лічыць, але дзякуючы яго дзеянням раніцай 13 мая ўдалося выратаваць хлопца ад скачка з даху ўнівермага.

Глеб вучыцца ў Медыцынскім універсітэце і працуе афіцыянтам у кафэ «Крыша мира». У той момант, калі хлопец пералез агароджу і збіраўся скочыць, Глеб не разгубіўся і распачаў спробы па выратаванні чалавека.

«У такой сітуацыі ўпершыню апынуўся. Героем сябе не адчуваю. Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць кожны, – распавядае Глеб. – Тое, што атрымалася ў мяне дапамагчы чалавеку, я вельмі рады гэтаму. А калі б не атрымалася, была б іншая гісторыя. Я проста першы там апынуўся і за сябе не баяўся, галоўнае было дапамагчы ».

Глеб распавядае, што адлегласць да хлопца было вялікая і яму давялося акуратна дробненькія крокамі  падбірацца.

«Я пералез агароджу і пачаў падыходзіць да хлопца, а ён тым часам пачаў аддаляцца ад мяне. Ўвесь час глядзеў на мяне і таму я не мог да яго блізка падысці. Хлопец нічога не казаў. У адзін момант, калі было максімальнае напружанне ён пачаў панікаваць і я разумеў, што трэба дзейнічаць. Калі ён адвярнуўся, я падбег да яго і зрабіў захоп», – дадаў Глеб.

Калі афіцыянт затрымаў хлопца, да яго падбег заснавальнік кафэ “Крыша мира” Станіслаў Сідараў і дапамагаў ўтрымліваць, каб той не вырваўся.

«Я стаў шукаць спосаб, каб пералезці агароджу і дапамагчы чалавеку, – распавядае Станіслаў. – Глеб апынуўся першым і здолеў схапіць хлопца, і мне заставалася толькі дапамагчы. Малады чалавек, які збіраўся скакаць, быў цвярозы. Адзінае, што ён сказаў, гэта тое, каб яго не прыціскаць, бо яму было цяжка дыхаць. Словы былі адэкватныя. Мне здаецца, ён быў у стрэсавым стане. Што тычыцца Глеба, ён правільны чалавек і добры супрацоўнік. Яму трэба выпісаць прэмію і павесіць яго партрэт на дошку гонару».

Заснавальнік ўстановы распавядае, што на назіральнай пляцоўцы трэба яшчэ пашукаць месца, каб спакойна можна было пералезці агароджу. Ён адзначае, што з ходу чалавек не знойдзе такое месца. Здарэнне на назіральнай пляцоўцы адбылося ўпершыню за два гады працы. У вячэрні час на пляцоўцы працуе адміністратар, у дзённы вядзецца відэаназіранне.

«Героем сябе не адчуваю». Афіцыянт уратаваў гродзенца, што збіраўся скочыць з даху універмага
У міліцыі расказалі, што спробу скочыць з даху прадпрыняў студэнт аднаго з гродзенскіх універсітэтаў. Малады чалавек 2000 года нараджэння. Ён дастаўлены для абследавання ў спецыялізаваную медыцынскую ўстанову. Абставіны здарэння высвятляюцца.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: