Вёска Гудзевічы ў Мастоўскім раёне вядомая на ўсю Беларусь дзякуючы літаратурна-краязнаўчаму музею і яго стваральніку Алесю Белакозу. А яшчэ — дзякуючы адраджэнню і захаванню ткацкіх традыцый, ля вытокаў якога стаяла не менш унікальная асоба — Вера Ігнатаўна Белакоз, жонка Алеся Мікалаевіча.

У чым адметнасць гудзевіцкага ткацтва, чаму знакамітыя беларусы мелі за гонар атрымаць у падарунак тканы гальштук з Гудзевічаў і навошта ў сучасным свеце захоўваць традыцыі ручнога ткацтва — расказала Hrodna.life Вера Ігнатаўна Белакоз.

Каб не зводзілася!

Вера Ігнатаўна Белакоз упэўнена, што і ў сучасным свеце, дзе чалавечая праца ў многім аўтаматызавана, неабходна працягваць традыцыі ручнога ткацтва: «Каб не зводзілася, каб адраджалася, каб захоўвалася. Каб людзі бачылі, што праца людская нечага варта. Каб паказаць, якія людзі былі - і без камп’ютараў разумныя».

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Паводле Веры Ігнатаўны і ў сучасным аўтаматызаваным свеце варта захаваць традыцыі ручныга ткацтва — каб не зводзіліся
Сама Вера Ігнатаўна з’яўляецца выдатным сведчаннем сваіх словаў. У свае 83 гады ткачыха мае выключную памяць: з энцыклапедычнай дакладнасцю называе імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, якія сустракаліся на яе жыццёвым шляху, узгадвае дакладныя гады, калі адбылася тая ці іншая падзея, у падрабязнасцях апавядае пра розныя выпадкі і здарэнні.
“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
У вольны час Вера Ігнатаўна і сёння займаецца ткацтвам — на рамцы тчэ паясы. А вечарам перад сном — штодзённа чытае і перачытвае кнігі: беларускую, рускую, замежную класіку. «Цяпер „Абломава“ чытаю», — усміхаецца.

Адраджэнне ўнікальнай тэхналогіі падвойнага ткацтва

Вера Ігнатаўна Белакоз навучылася ткаць яшчэ ў дзяцінстве — ад мамы. Аднак больш сур’ёзна занялася ткацтвам ужо ў дарослым узросце. Працуючы ў школе настаўніцай пачатковых класаў, арганізавала ткацкі гурток, вучыла дзетак ткаць закладкі і паясы. Важным унёскам жанчыны ў адраджэнне культурных традыцый стала аднаўленне тэхналогіі падвойнага ткацтва.

У 1981 годзе беларуская паэтка Ларыса Геніюш падарыла гудзевіцкаму музею каштоўны экспанат — гродзенскі падвойны дыван, вытканы яе свякроўю. Тэхналогія падвойнага ткацтва, якой у той час ужо амаль ніхто не валодаў, надзвычай зацікавіла Алеся Белакоза, і ён стаў збіраць калекцыю падвойных дываноў. Самы стары з тых, што ўдалося знайсці, датуецца 1898 годам.

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Збіраць калекцыю падвойных дываноў пачаў Алесь Белакоз. Самы стары з тых, што ўдалося знайсці, датуецца 1898 г.
«Адметнасць падвойнага ткацтва ў тым, — тлумачыць Вера Белакоз, — што тчэцца дзве тканіны. Снуецца не ў дзве ніткі, як звычайна, а ў чатыры. Атрымліваецца дзве асновы. Паміж сабой яны звязваюцца ўзорам. А дзе няма ўзору, выходзіць, можна і раздзяліць палатно. Колер падвойных вырабаў на двух баках розны: на тым, дзе ўзор чырвоны — фон чорны, дзе фон чырвоны — там узор чорны».

Паступова прыйшло разуменне, што варта не толькі збіраць старыя падвойныя дываны, але і адрадзіць тэхналогію іх стварэння. У 1990 годзе супрацоўніцы Гудзевіцкага музея паехалі ў Адэльск да ўжо немаладой ткачыхі Ядвігі Райскай, якая ў той час адзіная ўмела ткаць падвойныя дываны. Але пераняць складаную тэхналогію здолела толькі Вера Белакоз.

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Вера Ігнатаўна расказвае аб тэхналогіі падвойнага ткацтва падчас летняў школы, што была арганізавана ў Гудзевічах
Авалодаўшы тэхналогіяй двайнога ткацтва, Вера Ігнатаўна навучыла ёй і і іншых. Сёння яе вучаніцы, супрацоўніцы гудзевіцкага музея, ткуць самі і вучаць ткаць дзетак. Ужо тры разы праводзілі летнюю школу падвойнага ткацтва для ўсіх ахвотных навучыцца ткаць або ўдасканаліць сваё майстэрства.

У 2011 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы была ўключана ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Вера Ігнатаўна дэманструе ўласнаручна тканыя дываны

Ад ВДНГ у Маскве да «Славянскага базара» ў Віцебску і выставы ў Ашхабадзе

Па словах Веры Ігнатаўны Белакоз, ткаць падвойныя вырабы складаней, чым звычайныя. На стварэнне аднаго вялікага дывана патрэбна не менш за два месяцы. І тое пры ўмове, што тканню будзе прысвечаны амаль увесь час. Звычайна ж работа над адным вырабам працягваецца даўжэй.

За час працы ў музеі Вера Белакоз выткала 7 ці 8 вялікіх падвойных дываноў. Большасць з іх экспануецца ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. Два дываны ткачыха падаравала Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею, адзін — мастоўскаму музею «Лес і чалавек». Невялікі дыванок ёсць у музеі дзіцячых арганізацый гродзенскага Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
У падвойных дыванах тчэцца дзве тканіны. Паміж сабой яны звязваюцца ўзорам. Колер падвойных вырабаў на двух баках розны: на тым, дзе ўзор чырвоны — фон чорны, дзе фон чырвоны — там узор чорны
Майстэрства гудзевіцкай ткачыхі і яе вучняў не засталося незаўважаным. Яшчэ ў 1987-м годзе Веру Ігнатаўну запрасілі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву. У пачатку 21 стагоддзя ткачыха разам з вучнямі ездзіла на рэспубліканскія «Дажынкі» ў Ваўкавыск. Неаднойчы наведвала Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, а летась прадстаўляла свае вырабы на «Славянскім базары» ў Віцебску.

А самы дарагі для сябе падвойны дыван Вера Ігнатаўна захоўвае ў сваёй хаце. «Дарагі ён мне, таму што мой. Я для сябе яго ткала», - кажа ткачыха. Аднак дыван пабываў і далёка за межамі Беларусі. У 2015 годзе падчас візіту прэзідэнта нашай краіны ў Туркменію ў Ашхабадзе праводзіліся дні беларускай культуры. Сярод разнастайных вырабаў беларускіх майстроў дэманстраваўся і дарагі сэрцу Веры Ігнатаўны падвойны дыван.

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Самы дарагі для сябе падвойны дыван Вера Ігнатаўна захоўвае ў сваёй хаце

Тканы гальштук — у падарунак за патрыятызм і дапамогу музею

Вера Ігнатаўна і Алесь Мікалаевіч Белакозы запачаткавалі выдатную традыцыю: дарыць імянныя тканыя гальштукі вядомым беларусам. «Клімук у космас — мы яму гальштук. Кавалёнку. Пісьменнікам амаль усім…» — узгадвае Вера Белакоз.

Звычайна такі гальштук ткаў нехта з вучняў. Падарунак дасылалі ў гонар юбілею ці іншай значнай падзеі. Таксама так дзякавалі за дапамогу ў стварэнні музея і папаўненне яго фондаў.

Уладальнікамі гудзевіцкіх тканых гальштукаў сталі шматлікія пісьменнікі, кампазітары, мастакі, іншыя знакамітыя людзі. Сярод іх — Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Шырма, Зміцер Іваноўскі…

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Атрымаць у падарунак тканы гальштук з Гудзевічаў лічылася вялікім гонарам. Гэта было сведчаннем прызнання не толькі таленту пэўнага чалавека, але і яго патрыятызму
Пісьменнік Станіслаў Шушкевіч расказваў, што захоўваў свой гудзевіцкі падарунак у спецыяльна замоўленым шкляным футляры і ў зашклёнай шафе, а надзяваў толькі ў найбольш урачыстых выпадках.

Гудзевіцкі гальштук — на партрэце і фотаздымках Уладзіміра Дубоўкі

Цёплыя ўспаміны пра пісьменніка, для якога, будучы вучаніцай гудзевіцкай школы, выткала гальштук, захавала Марына Камінская, дачка Веры і Алеся Белакозаў. Пачынаючы з чацвёртага класа, яна перапісвалася з Уладзімірам Дубоўкам. А да аднаго з юбілеяў пісьменніка выткала гальштук.

Дубоўка вельмі ўзрадаваўся такому падарунку. Да канца свайго жыцця ён перапісваўся з дзяўчынкай з Гудзевічаў, дасылаў кожную сваю новую кнігу ў двух экземплярах — для музея і для адрасаткі асабіста. А аднойчы падарыў ёй скураны сакваяж са сваім аўтографам у сярэдзіне.

“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
На здымку Уладзімір Дубоўка ў «фірмовым» гальштуку з Гудзевіч
Захавалася некалькі фотаздымкаў Уладзіміра Дубоўкі, на якіх у пісьменніка надзеты тканы гальштук. Пра тое ж, наколькі быў важны для пісьменніка гудзевіцкі падарунак, сведчыць і карціна, напісаная Нэлі Шчаснай.
“Адрадзіць і захаваць”. Вера Ігнатаўна Белакоз пра аднаўленне ткацкіх традыцый у вёсцы Гудзевічы
Дубоўка папрасіў мастачку, каб яна, малюючы яго партрэт, абавязкова адлюстравала і тканы гальштук

Пераемнасць ткацкіх традыцый

Справу па адраджэнні і захаванні народнага ручнога ткацтва, распачатую Верай Белакоз, працягваюць яе вучаніцы. Пераемнасць традыцый захоўваецца і ў сям'і. У гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі ткацкі гурток вядзе Марына Камінская. Ткацтвам зацікавіўся і праўнук Веры Ігнатаўны, васьмігадовы Данік. Нядаўна ён стаў пераможцам рэспубліканскага конкурса дзіцячай творчасці: журы ўразіла майстэрства хлопчыка, які ў прысутнасці камісіі выткаў закладку. А значыць, справа жыцця Веры Ігнатаўны мае плён і традыцыйнае народнае ткацтва будзе жыць.