Адкуль у Гродне з’явілася невядомая дакладная копія Жыровіцкай цудадзейнай іконы?

Настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Георгій Рой расказвае пра адзіную па-за межамі Жыровіцкага манастыра і практычна невядомую дакладную копію Жыровіцкага вобраза Божай Маці. Сёння яна захоўваецца ў Гродне.

Спрадвеку людзі прыходзілі і ў сам Жыровіцкі манастыр, каб пакланіцца святому вобразу Дзевы Марыі, і імкнуліся мець спісак шанаванай іконы ў сваіх дамах ці ў прыходскіх цэрквах. Але акрамя спіскаў, якія звычайна робяцца ў адвольнай форме, вядомы таксама дзве гістарычныя копіі Жыровіцкай цудадзейнай іконы.

Найбольш вядомая і шанаваная копія захоўваецца ў самой Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі. Яна была зроблена ў 1996 годзе па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Звычайна, менавіта гэты вобраз вывозіцца для пакланення ў іншых гарадах і селішчах.

Але ёсць і яшчэ адна такая ікона — фактычна адна адзіная па-за межамі Жыровіцкага манастыра і практычна невядомая дакладная гістарычная копія Жыровіцкага вобразу Божай Маці. Яна захоўваецца ў Гродзенскім Пакроўскім кафедральным саборы.

Гродзенская копія: калі яна паўстала?

Сам факт стварэння дакладнай копіі цудадзейнай іконы — падзея ніяк не шараговая, а мае выключнае значэнне і патрабуе адмысловай санкцыі духоўнага кіраўніцтва манастыра і благаславення мітрапаліта. Дык калі і пры якіх абставінах Гродзенская копія цудадзейнай Жыровіцкай іконы была зроблена? Як патрапіла ў Гродзенскі Пакроўскі сабор і хто з царкоўных дзеячаў мог да гэтага спрычыніцца?

Дакументальных пацверджанняў мы не маем і наўрад ці такія ўвогуле захаваліся, таму мы можам толькі выказваць уласныя мяркаванні-гіпотэзы, спрабуючы рэканструяваць магчымыя гістарычныя абставіны стварэння копіі і прынясення яе ў Гродна. На сённяшні дзень я мог бы прапанаваць две версіі таго, якім чынам гэтая дакладная копія апынулася ў Гродзенскім саборы.

Версія першая

Вядома, што ў 1938 годзе Жыровіцкая ікона (ці, магчыма, спецыяльна зробленая для гэтага копія іконы) абносілася па розных гарадах і селішчах Берасцейшчыны і Гродзеншчыны. З гэтай мэтаю была зроблена спецыяльная павозка з адмысловай падстаўкаю для іконы. Жыровіцкую святыню ў такіх падарожжах заўсёды суправаджалі Крэсныя ходы.

Адзін з такіх Крэсных ходаў вылучаўся сваёй урачыстасцю і прадстаўніцтвам, а менавіта шэсце да прастольнага свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы з Жыровіцкай іконай у Гродзенскі Пакроўскі сабор у 1938 годзе. Цалкам верагодна, што гэты Крэсны ход з Жыровіцкай іконай быў апошнім у сваім шэрагу, бо позняя восень і зіма не самы спрыяльны час для пешых паломніцтваў і перанясення святыні.

Гэты Крэсны ход узначаліў Высокапраасвяшчэннейшы архіепіскап Аляксей (Грамадскі), які доўгі час быў Гродзенскім Правячым архіерэем, а ў 1938 годзе ўжо служыў на Валыні. Але ён спецыяльна прыязджае на Гродзеншчыну і далучаецца да шэсця ў свой былы епархіяльны горад. Па сведчанню Сафійскага летапісу мноства паломнікаў з усёй Гродзенскай епархіі сабраліся ў Пакроўскі сабор.

Аналізуючы тыя падзеі можна прыйсці да наступных высноваў. Па-першае, можна меркаваць, што на Крэсныя ходы была зроблена дакладная копія Жыровіцкай іконы, што можа быць абумоўлена клопатам пра захаванне святыні. Прадстаўляецца малаверагодным, што кіраўніцтва Жыровіцкага манастыра пагадзілася на тое, каб арыгінал іконы на досыць працяглы час пакінуў абіцель. Хутчэй за ўсё, Крысныя ходы здзяйсняліся, як, дарэчы, гэта робіцца і цяпер, з копіяй цудатворнага вобразу. Цалкам магчыма, што было прынятае рашэнне на некаторы час пакінуць гэтую копію ў Гродзенскім саборы, каб, напрыклад, у наступным годзе, прадоўжыць здзяйсненне Крэсных ходаў і ў іншыя храмы і манастыры.

Але 1939 год быў поўным глыбокіх палітычных і сацыяльных зрушэнняў і атрымалася, што ікона засталася ў Гродне. Разам з тым, можна мяркаваць і тое, што было прамое хадайніцтва архіепіскапа Аляксея (Грамадскага) ці Правячага архіерэя Гродзенскай епархіі епіскапа Савы (Саветава), каб копія Жыровіцкай іконы была спецыяльна перададзена Гродзенскаму кафедральнаму сабору пасля сканчэння серыі Крэсных ходаў.

Версія другая

У маю бытнасць студэнтам Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровіцах у 2000 годзе духоўную школу наведаў вядомы маскоўскі свяшчэннік — протаіерэй Валянцін Радугін, які напрыканцы 50-х, пачатку 60-х гадоў ХХ ст. быў выкладчыкам Мінскай семінарыі да самога моманту яе закрыцця. Мы, як супрацоўнікі студэнцкага журналу «Ступені», бралі інтэрв'ю ў а. Валянціна.

У той размове айцец Валянцін, які быў сведкам закрыцця семінарыі і сведкам спроб закрыць манастыр, што было надзвычай верагодным, засведчыў, што па благаславенню архімандрыта Антонія (Мельнікава) ён тайна зрабіў дакладную копію Жыровіцкай іконы, на выпадак закрыцця манастыра, каб у апошні момант падмяніць арыгінал на копію.

Божым заступніцтвам Жыровіцкі манастыр не быў зачынены і неабходнасць падмяняць цудадзейны вобраз адпала. Айцец Валянцін распавёў, што зробленая ім ікона засталася ў Жыровічах і яе далейшы лёс яму не вядомы. Магчыма, гэтая копія праз некага і была перададзена ў Гродзенскі сабор і захоўваецца да гэтага дня ў саборнай рызніцы. Але аніякіх дакладных падцверджанняў таму мы не маем.


Якая б ні была гісторыя з’яўлення ў Гродзенскім саборы адзінай па-за межамі Жыровіцкага манастыра дакладнай гістарычнай копіі найбольш вядомага беларускага вобраза Прасвятой Багародзіцы — гэта мае для нашага горада надзвычайнае значэнне. Гэта пабуджае аднавіць належнае шанаванне гэтай святыні, асабліва ў год 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкага першавобраза.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024