Ваколіцы Новага Моста лічацца мясцінамі даволі дзікімі. Ад гэтай збудаванай яшчэ ў пачатку 1970-х артэрыі ўсяго кіламетр да Каложы і менш за паўтара кіламетры да Старога Замка. Аднак асаблівага добраўпарадкавання тут ніколі не праводзілася.

Ад Каложы да Новага Моста: дзікія мясціны, дзе рабілі гродзенскі брук
Будоўля Новага моста. 1970 г.

Нягледзячы на адсутнасць гістарычнай забудовы, гэтыя мясціны складаюць цікавую частку гістарычнага абшару Гродна. Напрыклад, некаторыя чытачы цікавіліся ў нас, што за прыступкі вядуць «у нікуды» ад Рыбацкай вуліцы да асфальтавай пляцоўкі, зарослай цяпер кустамі.

Ад Каложы да Новага Моста: дзікія мясціны, дзе рабілі гродзенскі брук

Тут рабілі знакаміты брук

Тое адзінае ацалелае сведчанне заснаванай тут у 1920-х і праіснаваўшай аж да пачатку 2000-х гродзенскай бетанярні (бетоннага завода). Некалі тут была грунтоўна забудаваная тэрыторыя і менавіта тут былі выраблены дзясяткі тысяч каменна-бетонных плітак, якімі цяпер выкладзены вуліцы Савецкая і Ажэшкі.

Ад Каложы да Новага Моста: дзікія мясціны, дзе рабілі гродзенскі брук
Нёман з Новага Моста ў 1979 г. Злева бетонны завод і лесвіца.
Тут жа рабілі і знакамітыя бардзюрыны з надпісам па-польску «Магістрат горада Гродна». Дарэчы, у будаўнічым сэнсе тое месца знакамітае не толькі бетонным заводам, але і цагельняй, якая размяшчалася крыху далей на сучаснай вуліцы Нёманскай. Сёння ад яе не засталося нават слядоў, а вось печы для абпалу цэглы стаялі на беразе Нёмана яшчэ ў пачатку 18 ст.

Ачыстныя збудаванні: планавалі ў 30-х, збудавалі ў 60-х

Цяпер адзінай «прамысловай» канструкцыяй, якая стаіць каля новага моста, з’яўляецца схаваная за надзейным бетонным заборам каналізацыйна-насосная станцыя, праз якую ў бок ачысных збудаванняў каля Зарыцы перапампоўваюць адыходы жыццядзейнасці гродзенцаў.

Ад Каложы да Новага Моста: дзікія мясціны, дзе рабілі гродзенскі брук
Каналізацыйна-насосная станцыя і бетонны завод. 1970 г.
Станцыя паўстала толькі ў канцы 1960-х, а да гэтага ачысных збудаванняў горад не меў. Між тым, у 1939 польскія інжынеры ўжо планавалі пачаць будоўлю ачысных збудаванняў акурат побач з былым бетонным заводам, змяніўшы нават цячэнне так званага Літоўскага ручая.

Драўляны мост, якому 100 гадоў

У сухія гады з Нёмана побач вызіраюць рэшткі старога драўлянага моста. Тут іх было як мінімум два. Адзін быў збудаваны немцамі ў час Першай сусветнай вайны, а другі ўзвялі польскія сапёры на тым самым месцы вясной 1921 г. Мост выкарыстоўваўся найперш у вайсковых мэтах і дарога, якая спускалася да яго на правым і на левым беразе Нёмана, атрымала назву «фартавой».

Месца мастакоў

Дарэчы, у гэтыя маляўнічыя і некалі бязлесныя мясціны любілі забрыдаць мастакі. Напрыклад, Напалеон Орда зафіксаваў карчму, якая знаходзілася акурат недзе на месцы Новага моста, а знакаміты Станіслаў Жукоўскі забраўся на гару за мостам і намаляваў маляўнічы паварот Нёмана на поўнач. Калі стаць там цяпер, то ўжо не пабачыш бязлесных палёў, а толькі дахі раёна прыватнай забудовы ў Баранавічах.

Ад Каложы да Новага Моста: дзікія мясціны, дзе рабілі гродзенскі брук
Станіслаў Жукоўскі. Нёман. Пачатак ХХ ст.

[irp posts="54 314″ name="Як выглядаў кляштар на месцы драмтэатра ў Гродне — шмат старых фота"]