Хтосьці кажа: “Звар’яцела”, хтосьці лічыць героем. За сваё жыццё гродзенка Таццяна Красільнікава дапамагла некалькім тысячам звяроў і птушак. А калі для кагосьці не ўдаецца знайсці новы дом і гаспадароў, яна не вагаецца пакінуць жывёлы ў сябе.
Пачалося з дзятла
Яшчэ ў маленстве Таццяна выратавала птушаня дзятла – у піянерскім летніку дзеці раскідалі гняздо і малы дзятлік загінуў бы без дапамогі.
– Я прынесла яго ў кішэні, – узгадвае Таццяна. – Лічыцца, што такіх дзікіх птушак нельга выгадаваць у хаце, але я была маленькая і не ведала, што гэта немагчыма. Кожыя некалькі гадзін карміла яго чарвякамі. Ён адужэў і падрос. Праз некаторы час я выпусціла яго ў лес.
Цяпер да Таццяны трапляюць параненыя птушкі і маленькія птушаняты, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Зараз дзяўчына гадуе двух галубоў і варону.
– Вараня з вывернутай лапай і абвіслым крылом я бачыла ўжо даўно. Напэўна, ён такім нарадзіўся. Спрабавалі злавіць, але ён уцякаў, ды і навакольныя птушкі яго абаранялі. Патрапіў да мяне толькі пасля наезду аўтамабіля. Жыве ўжо два гады на вёсцы ў вялікім вальеры. Выпусціць яго я не магу, таму што ён не зможа самастойна пракарміцца – інвалід.
Адзін голуб апынуўся ў Таццяны таксама пасля аўтамабільнага здарэння, а другога дзяўчына знайшла яшчэ маленькага, нават без пер’я. На яго таксама ледзь не наехала машына.
– Зараз яны ўжо самастойныя і вясной я выпушчу іх да зграі. Але для гэтага я выбіраю толькі тыя месцы, дзе птушак падкармліваюць, напрыклад, каля кінатэатра “Кастрычнік”. Хочацца, каб іх жыццё было палягчэй.
Ратавала Таццяна і качанят, і чорных крумкачоў, і нават ластаўку.
– Апошняга крумкача да мяне прынесла дзяўчына. Ён прасядзеў у лесе два дні, мабыць, яго пакінулі бацькі. Мы гадавалі яго на вёсцы ў вальеры. Ён стаў амаль што ручны, але ж карміўся як дзікі. Летась мы выпусцілі яго ў лес.

Незвычайная гаспадарка
За гады працы Таццяна Красільнікава даглядала не толькі дзятла, шматлікіх галубоў і крумкачоў, але і больш незвычайных для горада жывёл.
– Былі ў мяне і вожыкі, – узгадвае выратавальніца. – Звычайна пасля наезду аўтамабіля. Знаёмыя прынеслі маленькага кажанчыка. Аднойчы знайшлі на вуліцы дэкаратыўнага тхора. Усім знайшлі новых уладальнікаў.
Дапамога жывёлам – спадчына бабулі
Бабуля дзяўчыны заўседы дапамагала бяздомным катам. Маці таксама ратавала котак і знаходзіла ім новых гаспадароў. Але Таццяна першай пачала выратоўваць птушак і сабак.
– Калі я прыцягнула першага шчанюка з вуліцы, мама не хацела пускаць мяне ў хату, – усміхаецца валанцёрка. – Але я змагла яе пераканаць. Сабака застаўся, а потым мы знайшлі для яго новы дом. Пасля гэтага ў нас заўсёды было па некалькі самотных катоў і сабак.
Зараз маці працягвае дапамагаць Таццяне ў яе добраахвотнай працы. Муж і сямнаццацігадовы сын так сама ва ўсім яе падтрымліаваюць.
– Час ад часу жонка кажа, што гэта апошняя хворая сабака ці кот, якога яна прыносіць у хату, – распавядае муж валанцёркі прадпрымальнік Міхаіл Красільнікаў. – Але ж усё гэта пустыя размовы. Я разумею, што бяз гэтага яна ўжо не ўяўляе сваё жыццё. Ды і я не супраць.
Кожны мае магчымасць дапамагчы хаця б аднаму сабаку ці кату. Калі б больш людзей звярталі ўвагу на тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, дык і ў нас працы не было б. А пакуль будзем дапамагаць мы. Хтосці ж павінен!

Сын Таццяны, Даніла, вучыцца ў школе і займаецца боксам, але і ён знаходзіць час, каб пагуляць на вуліцы з сабакамі і дапамагчы ў хаце.
Даглядае амаль 40 жывёл
Зараз Таццяна з сям’ёй даглядае каля 20 сабак і 15 катоў. Хворыя і знямоглыя знаходзяцца ў хаце. Тыя, каму асабісты догляд не патрэбен – на асобным кавалку зямлі з вальерамі ці ў вёсцы. Усіх жывёл Таццяна абавязкова стэрылізуе, каб прадухіліць безкантрольнае іх памнажэнне.
На працягу апошніх двух тыдняў да Тані трапілі 11 шчанюкоў. Іх знайшлі ў вялікай яме каля дачнага таварыства, усе былі хворыя. Зараз частка з іх ужо знайшла новы дом.
– Да мяне часта трапляюць пакалечаныя сабакі і каты. Я іх вылечваю, але ж знайсці новага гаспадара для жывёлы-інваліда вельмі складана, многія так і застаюцца. Так адбылося з катом без адной лапы і з аднавокім катом.

– Сабака з паламаным пазваночнікам, які цягне заднюю частку тулава, і сабака без пярэдняй нагі таксама засталіся ў нас.
Ніколі ў жыцці не баялася сабак
Таццяну Красільнікаву ведаюць усе валанцёры, што займаюцца жывёламі ў Гродне. Калі здараецца экстраная сітуацыя – звяртаюцца да яе.
Аўчарку па мянушцы Рэд знайшлі каля Ласасянкі і патэлефанавалі сям’і Красільнікавых. Нягледзячы на жудасныя гнойныя раны і знямогласць, ён кусаўся і людзі баяліся да яго падысці.
– Мы накінулі на яго пакрывала, каб не пакусаў. Вялікую аўчарку можна было падняць адной рукой, такі ён быў схудлы. Нават дасведчаныя ветерынары былі шакаваны яго цяжкім станам. Шмат часу яго лячылі і даглядалі. Зараз ён у новай сям’і.
Звярнуліся да дзяўчыны і калі на адным з гарадскіх аб’ектаў нямецкая аўчарка трапіла ў смалу, ад чаго загінулі ўсе яе шчанюкі акрамя аднаго.
– Каля чатырох гадзін мы адмывалі іх алеем ад бітуму. Зараз і маці, і шчанюк маюць новых гаспадароў.

Чорную аўчарку Сэм хацелі забіць – у яе цякла сліна і вырашылі, што гэта з-за шаленства. Аказалася яе збіў аўтамабіль, абедзве заднія лапы былі цяжка параненыя і па іх поўзалі паўсотні апарышаў. Пасля доўгага і складанага лячэння яна знайшла свайго чалавека.

Пяцігадовага шарпея гаспадары проста выкінулі на вуліцу, калі з’яджалі жыць за мяжу. Каля паўгода ён бадзяўся па дварах, жыў пад гаўбцамі, пакуль не трапіў у пункт часовага змяшчэння безнаглядных жывёл на базе САГ.
Яшчэ шэсць месяцаў яму спрабавалі знайсці новы дом, але самотная жывёла ўжо ні кому не давярала і нікога да сябе не падпускала. За гэты час шарпей амаль стаціў зрок. У САГ вырашылі, што шанцаў на новых гаспадароў у яго ўжо не засталося. Таня забрала шарпея літаральна за дзень да смяротнага ўколу. Ужо два гады ён шчасліва жыве ў Красільнікавых побач з іншымі жывеламі.

– Канечне, часам мяне хтосьці і ўкусіць, але жывёлы неяк адчуваюць маё добрае стаўлянне і падпускаюць да сябе, а далей толькі справа часу і клопату.
Калі я стаю на прыпынку і там ёсць бяздомны сабака, нават калі акрамя мне будзе стаяць 20 чалавек – сабака падыдзе толькі да мыне. Былі выпадкі, калі самотныя жывёлы самі заскоквалі да мяне ў машыну, – усміхаецца валанцёрка.
Стафардшырскі тэр’ер па мянушцы Хамер – абсалютна здаровы, сацыялізаваны, не агрэсіўны сабака, але вельмі энэргічны. Яго першыя гаспадары прывязалі яго да дрэва ў Ласосне, потым ён трапіў у САГ, адтуль Таццяна забрала яго на “ператрымку”. Пяць разоў яго вярталі валанцёрцы, але чаму, ніхто так і не адказаў.

– Пасля таго, як яго мне атдалі назад шосты раз, пакінула ў сябе. Да сёння я не зразумела, чаму так адбывалася: ён нічога не шкодзіць у хаце, ласкавы, мае добрыя зносіны з другімі жывёламі, навад з катамі, паслухмяны. Мабыць, у яго проста такі лёс.
Колькі каштуе дабрыня
Кожны дзень на корм жывелам патрэбна 8-10 пакетаў крупы і некалькі кілаграм жывёльных прадуктаў. У сярэднім кармленне катоў і сабак абыходзіцца ў 15 рублёў штодня. Але яшчэ летась, калі адных толькі шчанюкоў было 26, гэта сумма была значна вышэйшай. Для лячэня хворых жывёл і стэрылізаціі дарослых кожны месяц патрэбна яшчэ некалькі соцень.
– Грошы ахвяруюць дабрачынцы, збіраюць валанцёры, часам дапамагаюць з ГГААЖ “Адданае сэрца”. Ёсць людзі, якія час ад часу прывозяць ежу і медыкаменты. У ветэрынарнай клініцы для бяздомных жывёл так сама могуць зрабіць знішку. Але і з уласнай кішэні кожны месяц “уцякае” нямала.
Бяздомны сабака з Гродна жыве ў Германіі
Аднойчы з Таццянай Красільнікавай звязалася валанцёрка з Германіі. Ужо некалькі сабак яна забрала з Беларусі ў Еўропу. Так здарлася і з адным з Таніных падапечных – збітага машынай шчанюка знайшлі на абочыне. Доўгі час ён не мог хадзіць, цягнуў заднія лапы. Некалькі тыдняў спатрэбілася для яго лячэння.
Маленькі хатні заапарк
Нягледзячы на незвычайную колькасць жывёл у доме Красільнікавых вельмі прыгожа: каваныя брама і парэнчы, добры рамонт, прыгожая мэбля і сучасная тэхніка. Вялікую ўвагу надаюць чысціні і гігіене, нават падлогу мыюць з хлорам па некалькі разоў на дзень, таму паху жывёл амаль што няма.

– З дзяцінства я марыла, каб у мяне была маленькая асабістая экасістэма ў хаце. Зараз у мяне жывуць два вялікія папугаі, дзве скінні (лысыя марскія свінкі), кот сфінкс, бультэр’ер, вольфцпіц, кітайская хахлатая і чыхуа-хуа – гэта жывёлы, якіх мы куплялі.

– Бяздомных стафардшырскага тэр’ера і шарпея таксама пакінулі сабе. Шмат у мяне і раслін. Я аддаю перавагу тым хатнім кветкам, якія чысцяць паветра, бо з такой колькасцю жывёл клопат аб гігіене – найважнейшы.
Таццяна не займаецца развядзеннем жывёл, усе яны стэрэлізаваны і, як кажуць, для душы.
“Абажаю індыйскія песні”
У вольны час Таццяна Красільнікава глядзіць фільмы і слухае музыку.
– Я, напэўна, меламанка. Магу слухаць і цяжкі рок, і эстраду. Абажаю індыйскія песні. Больш за ўсе люблю ездзіць на возера. Кожнае лета мы куды-небудзь выязджаем з сям’ёй, сябрамі і, канечне, сабакамі.
Дзяўчына марыць і аб моры, і аб дальніх вандроўках, але не можа пакінуць сваю “гаспадарку”.
– Мы з сынам любім рыбалку, – распавядае Міхаіл, муж Таццяны. – Аднойчы ўзялі з сабой і Таню, але ж яна павыпускала ўсю рыбу назад. Маўляў, шкада, яны таксама жывыя”.
Зараз мужчыны ездзяць толькі ўдвох.

Суседзі ставяцца з разуменнем
Большасць суседзяў добра адносіцца да справы Красільнікавых.
– Часам я сустракаю людзей, якія лічаць мяне звар’яцелай, аднак большасць тых, хто выказвае павагу да маёй працы.




