Пянька — забытае багацце Гродзеншчыны. З канопляў, якія вырошчвалі нашыя продкі, брытанцы рабілі канаты, а самі беларусы — алей і нават даспехі. Сёння гэтая расліна пад забаронай. А некаторыя чыноўнікі дагаварыліся да таго, што хацелі б забараніць нават самі выявы канопляў!

Экспартны патэнцыял Гродзеншчыны

У пачатку ХІХ ст. тавары вывозіліся з нашага края па рэках, найперш па Нёмане. Напрыклад, увесну 1817 г., калі з Нёмана сышоў лёд, па высокай вадзе ў бок Караляўца вырушылі шматлікія караблі. Віціны, паўвіціны і платы везлі да мора збожжа, крупы, тытунь, гарэлку, поташ (дравесны вугаль), сала, льняны алей і… пяньку.

Таямнічая пянька складала вялізную частку экспарта — пянька пасля пярвічнай апрацоўкі, а таксама рагожа (грубая тканіна з пянькі), пяньковыя мяшкі, пяньковая пакля… Што за пянька, якая пастаянна сустракаецца ў гандлёвай статыстыцы і ў XVIII і ў XX стагоддзях?

Ад брытанскага флоту да крымінальнай хронікі: як каноплі былі на Гродзеншчыне стратэгічным таварам
Так выглядае пянька пасля першаснай апрацоўкі

Багацці Расійскай Імперыі грунтаваліся на пяньцы

Пянька — гэта паўфабрыкат, які атрымліваюць з канопляў шляхам часання і трапання. Пянька ўжываецца для вяровак, канатаў і для прадзення пражы для ткацтва.

Ад брытанскага флоту да крымінальнай хронікі: як каноплі былі на Гродзеншчыне стратэгічным таварам
Пяньковыя вяроўкі і канаты
Калі прамысловая магутнасць Англіі грунтуецца на авечках і воўне, то багацці Расійскай Імперыі пачынаючы з часоў Пятра І грунтавалася на пяньцы. У эпоху паруснага мараплавання пянька была стратэгічным таварам — на такелаж 44-гарматнага фрэгата ішло да 60 тон канатаў і вяровак з пянькі. Дзяржава мела манаполію на гандаль пянькой, а пасля брала з яе вельмі высокія падаткі.
Ад брытанскага флоту да крымінальнай хронікі: як каноплі былі на Гродзеншчыне стратэгічным таварам
Такелаж карабля складаў дзсяткі тон пяньковых канатаў

Беларускія каноплі ў каралеўскім флоце

Галоўным спажыўцом канапляных вяровак з Расіі і з беларускіх земляў была Вялікабрытанія і яе флот. Канаты круцілі з беларускіх канопляў ужо на Туманным Альбіёне, дадаючы да іх толькі адну чырвоную нітку з англійскай воўны — каб па ёй адразу было бачна — канат з’яўляецца ўласнасцю брытанскага ваенна-марскога флота, і той хто яго скраў мусіць быць сурова пакараны. З гэтай чырвонай ніткі і пайшоў літаратурны выраз «чырвонай ніткай праходзіць нейкая там ідэя».

Ад брытанскага флоту да крымінальнай хронікі: як каноплі былі на Гродзеншчыне стратэгічным таварам
Брытанскі вайсковы канат. Пянька беларуская, чырвоная нітка англійская

І алей, і тканіна і нават даспех

Беларусы вырошчвалі каноплі з даўніх часоў, з канаплянага семя ціснулі алей, а з канопляў ткалі грубую тканіну для розных гаспадарчых патрэбаў. Вельмі доўгі час пянька была яшчэ і засцерагальным сродкам у вайсковай справе. Гэта быў танны даспех (пяньковая вяроўка шчыльна нашывалася на верхнюю вопратку), які мог абараніць ад удара шаблі і нават стрымаць выпушчаную з далёкай адлегласці кулю.

Яшчэ абараняючы Севастопаль у 1855 г. расійскія маракі закрывалі ўмацаванні пяньковымі канатамі, знятымі з караблёў. Ну, а калі аказалася, што каноплі вельмі трывалыя ў салёнай вадзе, то з іх пачалі рабіць карабельны такелаж.

Вайна з-за пянькі?

Гандаль пянькой з Расіі, Беларусі і Украіны меў настолькі важнае стратэгічнае значэнне, што нават у Тыльзіцкай дамове паміж Расіяй і Францыяй Напалеон падкрэсліў, што Расія не павінна гандляваць пянькой з Вялікабрытаніяй. Расія за чатыры гады адсутнасці гандлю з брытанцамі сфарміравала дэфіцыт бюджэта ў 150 мільёнаў заплатых рублёў. Таму вайна 1812 года станавілася непазбежнай, не атакаваў бы Напалеон, атакаваў бы Аляксандр І.

Першыя джынсы — таксама з канаплі

У пачатку ХХ ст. канапляводства было важнейшай сферай сельскай гаспадаркі ў вырошчванні тэхнічных культур. На беларускай этнічнай тэрыторыі ў Клінцах функцыянаваў нават канапляводчы тэхнікум, ужо ў савецкі час выдатным канапляводам выдавалі спецыяльныя значкі, друкавалі плакаты з іх партрэтамі.

Ад брытанскага флоту да крымінальнай хронікі: як каноплі былі на Гродзеншчыне стратэгічным таварам
У савецкі час за вырошчанне канопляў давалі значкі
І цяпер прамысловыя каноплі вырошчваюцца ў Расіі і Украіне. Пянька выкарыстоўваецца для вытворчасці цэментнавалакністых пліт, брэзентаў высокай якасці, высокаякаснай паперы і нават грошай. Нават першыя джынсы Levi’s былі зроблены менавіта з канаплянай тканіны.

Каноплі засталіся толькі ў крымінальнай хроніцы

У 1960-х гг. па СССР пачала распаўсюджвацца наркаманія. Паміж іншым народ масава курыў гашыш з манчжурскай канаплі, якая расла ў паднёваазіяцкіх рэспубліках. З гэтага часу каноплі, у тым ліку і нашы, якія ўтрымліваюць мізэрную колькасць наркатычных рэчываў, пачалі паступова забараняць. З 31 снежня 2016 г. у Беларусі цалкам забаронена вырошчваць і каноплі і снатворны мак, апрача толькі як у навуковых мэтах. Дадзеныя расліны не павінны расці на зямельных участках, а іх уласнікі павінны сачыць за гэтым.

Сёння каноплі - гэтая некалі вядомая кожнаму беларускаму селяніну культура, сустракаецца толькі на старонках крымінальнай хронікі.