50-гадовы жыхар Бярозаўкі Лідскага раёна Вітольд Ашурак асуджаны да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Да 2010 года ён не цікавіўся палітыкай. Пасля тых выбараў заняў актыўную грамадзянскую пазіцыю, аднаўляў памяць пра паўстанцаў Каліноўскага. У дзень, за які яго судзілі, Ашурак заклікаў людзей да памяркоўнасці і вёў перамовы з лідскай міліцыяй.

Ашурка судзілі за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста 4 гадамі калоніі, а па другім — два гады і чатыры месяцы, піша «Наша Н**а». Шляхам частковага паглынання атрымалася пяць гадоў — гэта адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту.

«Вельмі прынцыповы чалавек»

Хто ж такі Вітольд Ашурак? Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі ля Бярозаўкі. Як і многія іншыя мясцовыя хлопцы, пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Працаваў аж да той пары, пакуль завод трохі трымаўся і там плацілі нейкія заробкі, калі ж у эканамічным плане прадпрыемству стала зусім кепска, то Вітольд адтуль звольніўся.

Пасля гэтага пачаў зарабляць на жыццё будаўнічымі працамі, у яго была брыгада, разам з якой і ездзіў на розныя аб’екты, даязджалі так нават да Століну. Афіцыйна быў непрацаўладкаваны.

Сябра Вітольда Сяргей Пантус з Бярозаўкі расказвае, што іх знаёмству ўжо больш за дваццаць гадоў.

«Гэта вельмі прынцыповы чалавек, у яго абвостранае пачуццё справядлівасці. І выдатны сябар — ён сапраўды апошнюю кашулю гатовы аддаць», — расказвае Сяргей.

Знакавым годам для светапогляды Ашурка стаў 2010, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары. «Да гэтага часу Вітольд падкрэслена апалітычным быў, казаў, што нічым не цікавіцца. На Плошчу 19 снежня ехаць не збіраўся, але ў апошні момант патэлефанаваў і сказаў, што паедзе. Там мы недзе згубіліся, у выніку Ашурка затрымалі і асудзілі да 12 сутак арышту — першае ягонае зняволенне ў жыцці», — успамінае Пантус.

«На сутках расказваў, што сядзеў з выдатнымі людзьмі, кандыдат навук з імі ў камеры быў, гулялі разам у шахматы. Пасля вызвалення Вітольд прыйшоў да мяне і сказаў: „Усё, Сяргей, падаю заяву на ўступленне ў БНФ“. Ён нават раней за мяне стаў сябрам Сойму партыі», — смяецца паплечнік.

Перайшоў на беларускую мову, шанаваў паўстанцаў

Амаль адразу Ашурак перайшоў і на беларускую мову. «Прапаганда спрабуе ачарніць гэтае слова, але я скажу пра Вітольда, што — гэта сапраўдны змагар. Яго ведаюць шмат дзе, не толькі ў Лідзе. Ён пастаянна бываў на ўгодках ушанавання паўстанцаў у Свіслачы, прыязджаў на ўгодкі Слуцкага зброенага чыну. У Лідскім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 года», — кажа пра аднапартыйца кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Сапраўды, на працягу 2017−2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Олажава і Мохавічы мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.

Ён існаваў тут за польскім часам, але пры саветах быў знішчаны. Лідскія патрыёты знайшлі публікацыі пра гэты помнік у тагачаснай прэсе і прыкладна на тым жа месцы ўсталявалі вялікі крыж, а таксама валун з надпісам «Невядомым паўстанцам». Дзесьці паблізу пахавана найменей 30 касінераў. Лідскія ўлады згоды на помнік не давалі, але вырашылі заплюшчыць вочы, шкоды не чынілі.

А што значыць прозвішча «Ашурак»?

«Я з яго смяюся, кажу: „Упарты татарын“. Калі Вітольд не паголіцца, то выліты татарын, як з тых, што з Вітаўтам супраць крыжакоў змагаліся. І бацька ў яго такі самы. Мабыць, гэта ад слова „Шура“ — існавала такая форма грамадскай рады пры хане. У мяне ў самога прозвішча грэцкае, яшчэ адзін наш сябра Мурат Мусаеў. Часта жартуем, што вось тры беларускія нацыяналісты — татарын, дагестанец і грэк», — працягвае Пантус.

Вітольд жанаты ўжо болей за дзесяць гадоў, дзяцей у сям'і пакуль няма. Жонка Вольга чамусьці адмаўляецца гаварыць пра справу мужа. Кажа, што ў яе ўсё добра, трымаецца нармальна.

Заклікаў да спакою

Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і пяць у плечы за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальная справа была заведзеная ўжо тады.

«Вітольд казаў, што не збіраецца нікуды бегчы, бо нікога не забіў, не біў, не гвалтаваў, нічога кепскага ён не рабіў», — працягвае сябра. 16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2−3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

«Суд быў закрытым, толькі нешта маглі пачуць пад дзвярыма. Вітольд казаў, што на відэа не відаць, каб ён прымяняў сілу ў дачыненні да міліцыянера, а ў спрэчных сітуацыях суд павінен займаць бок абвінавачанага. Таксама ён дадаваў, што „пацярпелы“ не звяртаўся ні па медыцынскую, ні псіхалагічную дапамогу. Наадварот Вітольд падкрэсліваў, што ў той вечар у яго ў руках быў мегафон, праз які ён заклікаў людзей заставацца спакойнымі, вёў перамовы з прадстаўніком лідскай міліцыі», — кажа Пантус.

Нічога гэтага ўлічана не было. Цяпер чакаецца скарга, але ў паплечнікаў не шмат надзей, што яна нешта зменіць.