Судовае паседжанне па факту буйнога пажару на ААТ «Гродна Азот», у выніку якога загінулі двое рабочых і яшчэ трое атрымалі траўмы, пачалося 23 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Майстар прадпрыемства, 32-гадовы Мікалай Саўль, што кіраваў рамонтнымі работамі ў цэху, абвінавачваецца на падставе ч. 3 арт. 304 Крымінальнага Кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Да суда ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. На фота і відэаздымку падчас працэсу бакі згоды не далі.

У дзень пажару, 6 чэрвеня 2016 года, адно са звеньяў брыгады Мікалая Саўля было скіравана на рамонт рубашкі ахалоджння крышталізатара. Працэдура афармлення прайшла як звычайна — былі атрыманы неабходныя дазволы на працу і рабочым правялі інструктаж, агледзелі месца працы. Падчас здарэння майстра не было ў цэху, бо ён мае сачыць за працай некалькіх звеньяў рамонтнай брыгады, што працуюць у розных месцах на тэрыторыі прадпрыемства.

Пажар адбыўся ў выніку разлёта іскр ад газавай рэзкі. Яны патрапілі на складзены ў цэху гідраксіламінсульфат- выбухова-небяспечнае рэчыва. Мікалаю Саўлю ставіцца ў віну (разам з іншым) адсутнасць агароджы вакол месца агнявых прац.

З выступу абвінавачванага вынікала, што брыгада атрымала пісьмовы дазвол на працу ад кіраўніка гэтага цэха і што памяшканне цэху адносілася да катэгорыі «Д». Гэта значыць, там не павінна было знаходзіцца пажара-небяспечных рэчываў ці канструкцый. З яго словаў, складзеныя на паддонах упакоўкі гатовай прадукцыі былі накрыты «карычневымі шчыльнымі лістамі» а начальнік цэха заверыў, што гэта негаручыя рэчывы. Са словаў абвінавачанага, яго кваліфікацыя і спецыяльнасць не давалі магчымасці праверыць, што гэта за рэчывы, а падвяргаць сумневу словы кіраўніка цэху не было падставаў.

Пра тое, што пачаўся пажар, майстар даведаўся хвілін праз 10 па тэлефоне ад брыгадзіра Кузняцова, які і праводзіў работы па газавай рэзцы і адразу вярнуўся ў цэх. Памяшканне ўжо было запоўнена белым дымам. Адразу патэлефанаваў непасрэдным кіраўнікам і тыя выклікалі ратавальнікаў і хуткую дапамогу.

Паводле прадстаўленага абвінавачаня, Мікалаю Саўлю пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з забаронай займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Сваю віну Мікалай Саўль не прызнаў. На прадпрыемстве ён працаваў з 2013 года, спачатку мантажнікам, потым майстрам і кажа, што свае абавязкі ведаў і выконваў.


Пажар у цэху выпарвання едкага натру знішчыў амаль 62 тоны гідраксіламінсульфату коштам большым за 74 тысячы рублёў, пашкодзіў іншую маёмасць прадпрыемства больш як на 19 тысяч рублёў.