Помнік пісьменніцы Элізе Ажэшцы адкрылі ў гарадскім парку 20 кастрычніка 1929 гады. Сёння гэта самы стары помнік у горадзе. Дзякуючы гараджанам ён захаваўся і працягвае стаяць на адной з цэнтральных вуліц Гродна, хоць і не там, дзе быў першапачаткова.
Паставіць помнік Ажэшцы ў Гродне спрабавалі адразу пасля смерці пісьменніцы ў 1910 годзе, але тады царскія ўлады не далі на гэта дазвол. Да ідэі ўвекавечыць Ажэшку гараджане вярнуліся толькі пасля Першай сусветнай вайны. У пачатку 1920-х гадоў пачаўся збор грошай на помнік пісьменніцы, а ў 1923 годзе быў аб’яўлены конкурс. Перамог праект помніка скульптара Рамуальда Зэрыха. Але ўсталяваць помнік у Гродне ўдалося толькі ў 1929 годзе.
Фотаздымкі з адкрыцця помніка 20 кастрычніка 1929 гады. Архіў nac.gov.pl
Помнік урачыста адкрылі 20 кастрычніка 1929 года. Гэта была вялікае свята для Гродна. На адкрыццё прыйшлі тысячы гродзенцаў: палякі, яўрэі, беларусы і іншыя. Былі і спецыяльныя госці: ваявода Караль Кірст, маршалак польскага сената Юльян Шыманскі, гродзенскі стараста Зыгмунт Рабачкевіч, віленскі ваявода Зыгмунт Бячковіч, пісьменнікі Юльян Тувім, Антоні Фердынанд Асэндоўскі і Зофія Налкоўская.Урачыстасці ў гонар адкрыцця помніка пачаліся ў 11:00 з імшы ў Фарным касцёле, а 13.30 яны перамясціліся да тэатра. Спецыяльна ў дзень адкрыцця помніка ў тэатры быў пастаўлены спектакль па матывах рамана пісьменніцы «Над Нёманам». Позна ўвечары ў Каралеўскім замку адбыўся банкет.Помнік Ажэшкі прастаяў каля тэатра 10 гадоў, пакуль у Гродна не ўвайшлі савецкія часткі. У 1939 году камуністы перайменавалі вуліцу Ажэшкі на Ленінскую і хацелі спачатку прыбраць помнік польскай пісьменніцы з гарадскога парка. Але на лёс бюста паўплывала цэнтральная маскоўская газета «Правда», якая крытыкавала змену назвы вуліцы Ажэшкі ў Гродне. Камуністы падкрэслівалі яе сацыяльныя погляды, паказваючы, што яна была папярэднікам камуністычных ідэй. Так помнік Ажэшкі застаўся стаяць каля тэатра да 1941 года. А пасля вайны вярнулася і назва вуліцы Ажэшкі.
Падчас нямецкай акупацыі помнік пісьменніцы новая ўлада загадала прыбраць. Па адной з версій, яго схавалі жыхары Гродна на каталіцкіх могілках, па іншай, яго выкінулі ў раку Гараднічанку.Помнік пасля рэканструкцыі вярнулі ў 1949 годзе па рашэнні гарадскога Савета. Архітэктар Кліменка асабіста прасачыў, каб помнік адпавядаў разбуранаму арыгіналу. Аднак ён быў устаноўлены ў іншым месцы, на скрыжаванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай. На бакавых частках пастамента былі ўсталяваныя вазы для высадкі кветак, якія дэмантавалі ў пачатку 21 ст.На мяжы 1960-х і 1970-х гадоў помнік Элізе Ажэшцы стаў месцам сустрэчы гродзенскіх хіпі. Тады яго называлі «каменнай матуляй».
Сёння помнік Ажэшцы разам з домам-музеем пісьменніцы — адна з самых папулярных турыстычных кропак Гродна.Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы журналіста Анджэя Пачобута і гісторыка Андрэя Вашкевіча. Фота nac.gov.pl і з архіву Андрэя Вашкевіча.